З нагоды 184-й гадавіны з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, грамадскага дзеяча, паэта, публіцыста, перакладчыка Францішка Багушэвіча прапануем узгадаць мясціны, звязаныя з жыццёвым і творчым шляхам Мацея Бурачка і Сымона Рэўкі з-пад Барысава. Наведаем будынкі, дзе нарадзіўся, жыў і працаваў пісьменнік, пабачым мемарыяльныя шыльды ды помнікі, усталяваныя ўдзячнымі нашчадкамі ў гонар айца-заснавальніка беларускай літаратуры. Маршрут пралягае праз 3 краіны: Беларусь, Літву і Украіну.
Свіраны, Літва
Нарадзіўся Францішак Багушэвіч у фальварку Свіраны, што месціцца недалёка ад Вільні. Бацькі пісьменніка Казімір і Канстанцыя паходзілі з дробнай шляхты. Маёнтак Свіраны належаў продкам Францішка Багушэвіча па кудзелі, то-бок па лініі маці. Дзявочае прозвішча Канстанцыі было Галаўня.
На жаль, будынак, дзе нарадзіўся паэт, да сёння не ацалеў. На тым месцы, дзе ён быў, пабудавана драўляная хата, якая належыць мясцовым жыхарам. У 2002 годзе неабыякавымі актывістамі на гэтым будынку была ўсталяваная мемарыяльная шыльда.
Кушляны, Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць
Дом-музей Францішка Багушэвіча знаходзіцца ў вёсцы Кушляны. Тут часткова захаваўся маёнтак, які належаў продкам Францішка Багушэвіча па бацьку ажно з сярэдзіны XVIII стагоддзя. У гэты маёнтак у перыяд з 1841 па 1846 год пераехала сям’я Багушэвічаў з малым Францішкам і ягонымі трыма братамі: двума малодшымі і адным старэйшым.
У колішняй сядзібе пісьменніка сёння функцыянуе музей, які адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у 1990-я гады. Сядзібны дом, дзе месціцца музей, Францішак Багушэвіч пабудаваў у сваім спадчынным маёнтку ў 1896 годзе і правёў у ім апошнія гады свайго жыцця. За савецкім часам маёнтак Кушляны быў перададзены калгасу, а ў сядзібным доме размясцілі мясцовую бібліятэку і сельскі клуб.
Сярод унікальных экспанатаў музея варта звярнуць увагу на арыгінальныя выданні зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі», надрукаваныя ў Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца ў наша ваконца» ў 1908 годзе. У кабінеце Багушэвіча можна пабачыць пісьмовы стол, тры крэслы і скарбонку, у гасцёўні захоўваецца камод паэта. Яшчэ ў музеі захоўваюцца родавыя абярэгі з часцінкамі мошчаў святых, якія Багушэвічы прывозілі з пілігрымак да культавых мясцінаў.
Побач з сядзібай захаваліся рэшткі старога парку, закладзенага яшчэ ў XVIII стагоддзі. У адным з ягоных куточкаў, недзе за кіламетр ад сядзібы, захаваўся камень, дзе, паводле легенды, Францішак Багушэвіч сустракаўся са сваімі паплечнікамі па паўстанні 1863-1864 гадоў. Так яно было ці не, невядома, але дакладна можна сказаць, што паэт сапраўды разам з братам Валяр’янам актыўна прымаў удзел у Студзеньскім паўстанні, змагаўся ў атрадзе славутага Людвіка Нарбута. Бацькоў Францішка Багушэвіча арыштоўвалі за дапамогу паўстанцам, а ягоная сястра Ганна была зняволена ў віленскай турме Лукішкі.
Сам Францішак Багушэвіч быў паранены ў сутычцы з царскімі карнікамі, але ў яго атрымалася пазбегнуць вязніцы. Тым не менш ён быў вымушаны пакінуць радзіму на доўгія дваццаць гадоў. Паэт хаваўся ад пакарання ва ўкраінскім Канатопе, у 1865 годзе паступіў у юрыдычны ліцэй у горадзе Нежын, пасля атрымаў пасаду следчага. Падчас працы на гэтай пасадзе Багушэвіч раскрыў шмат злачынстваў, за што быў неаднаразова ўзнагароджаны. Падчас сканчэння ліцэя паэт працаваў у Чарнігаве.
У 1884 годзе творца пераехаў у Вільню, дзе працаваў адвакатам ды абараняў інтарэсы беларусаў, пераважна сялянаў, на зразумелай ім мове. У Кушляны паэт вярнуўся напрыканцы ХІХ стагоддзя. Тут адбудаваў сядзібу, у якой цяпер месціцца музей. Вядома, што свае рукапісы паэт хаваў пад каменем у прысядзібным парку, каб зберагчы сябе і сваіх родных ад наступстваў: у той час беларуская мова была забаронена для друку, для навучання, у храмах. На камені сёння можам пабачыць надпіс, выбіты сябрамі паэта пасля ягонай смерці: «PAMIECI MACIEJA BURACZKA. 1900 R.».
Вільня, Літва
У сучаснай сталіцы Літвы таксама можна знайсці адрэсы, звязаныя з жыццёвым шляхам Францішка Багушэвіча. У жыцці паэта можна налічыць два перыяды, калі паэт жыў у Вільні. Першы — у 1852-1861 гадах падчас навучання ў І-й Віленскай гімназіі — адной з дзвюх мужчынскіх гімназій, што месцілася ў карпусах зачыненага на той час расійскімі ўладамі Віленскага ўніверсітэта (Universiteto g., 3). Сцены будынкаў яшчэ памяталі філаматаў ды філарэтаў і шмат іншых пакаленняў значных для гісторыі краю асобаў. Аднакласнікамі і сябрамі Багушэвіча былі будучыя паплечнікі Кастуся Каліноўскага па паўстанні: Зыгмунт Мінейка, Цітус Далеўскі, Юльян Чарноўскі, у старэйшых класах вучыліся Кастусь Далеўскі ды Ігнат Здановіч.
Другі віленскі перыяд Багушэвіча пачаўся ў 1884 годзе, калі пасля свайго ўдзелу ў паўстанні і доўгіх гадоў канспірацыі ва ўкраінскіх Канатопе, Нежыне ды Чарнігаве паэт вярнуўся ў Вільню, каб працаваць адвакатам. Будынак акруговага суда, дзе служыў Францішак Багушэвіч, на той час знаходзіўся ў вядомым сярод віленчукоў доме «пад балванамі», які сёння можна пабачыць на скрыжаванні вуліц Pylimo, 26 / Trakų, 1. Адвакат Багушэвіч стасаваўся з кліентамі-беларусамі пераважна па-беларуску, а віленчукі і жыхары навакольных вёсак называлі яго «мужыцкім адвакатам».
У той час Багушэвіч ужо пісаў вершы па-беларуску. Першы зборнік Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская», дзе пясняр упершыню назваў «мужыцкую» мову беларускай, выйшаў у 1891 годзе ў Кракаве. Тут ён даў назву будучай краіне і вызначыў яе этнічныя межы «ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбску за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня…».
Працуючы адвакатам у Вільні з 1884 па 1898 год, Багушэвіч кватараваў у будынку па вуліцы Конскай (Arklių, 18). На будынку, які ўзведзены сёння на тым месцы, у 2010 годзе адкрылі мемарыяльную шыльду паэту. Пасля сканчэння адвакацкай дзейнасці паэт пераехаў з Вільні ў свой родавы маёнтак Кушляны, дзе пражыў да канца жыцця.
Жупраны, Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць
Памёр Францішак Багушэвіч у сваёй кушлянскай сядзібе 15 красавіка 1900 года. Развітваліся з паэтам у Петрапаўлаўскім неагатычным касцёле ў вёсцы Жупраны. Там можна пабачыць мармуровую мемарыяльную шыльду паэту, створаную віленскім скульптарам Я. Арасімовічам, усталяваную ў 1901 годзе.
Пахаваны пясняр побач са сваімі роднымі на Жупранскіх могілках. Тут жа спачываюць бацька паэта Казімір Багушэвіч, брат Уладзімір, жонка Габрыэла і сын Тамаш. Надмагільныя помнікі Багушэвічам выкананы па-беларуску.
У Жупранах варта таксама звярнуць увагу на помнік Францішку Багушэвічу. Ён быў усталяваны ў 1958 годзе ў цэнтры мястэчка побач з мясцовым Петрапаўлаўскім касцёлам. Бюст беларускага песняра створаны знакамітым скульптарам Заірам Азгурам.
Смаргонь, Гродзенская вобласць
Больш сучасны помнік Францішку Багушэвічу можна пабачыць у цэнтральным парку Смаргоні. Ён быў усталяваны да Дня беларускага пісьменства ў 2009 годзе. Аўтарамі манумента сталі Леў і Сяргей Гумілеўскія. Яшчэ ў Смургонях на адным з дамоў па вуліцы Кутузава можна пабачыць маляўнічы мурал у гонар паэта з надпісам «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…»