Дзень народзінаў Натальлі Арсеньневай (20 верасьня) ёсьць добрай нагодай згадаць пра адметнасьці амэрыканскага жыцьця паэткі.
Найдаўжэй у ЗША Натальля Арсеньнева жыла ў горадзе Рочэстэр на поўначы штату Нью-Ёрк. Пераехаць у амэрыканскую глыбінку з актыўнага беларускага Нью-Ёрку паэтку й ейнага мужа вайсковага й грамадзкага дзеяча Францішка Кушаля прымусіла трагедыя. У 1967 г. ад цяжкай хваробы памерла нявестка — Туся (Натальля) Кушаль, дачка ведамага кампазытара Міколы Шчаглова-Куліковіча й ягонай першай жонкі сьпявачкі Натальлі Чамярысавай. Жонка сына Ўладзімера пакінула двух малых дзяцей: васьмігадовага Пятра й пяцігадовую Нату (Натальлю). Каб даглядаць унукаў і даць магчымасьць працаваць сыну й пераехалі старэйшыя Кушалі ў той далёкі Рочэстэр.
Пераезд радыкальна зьмяніў жыцьцё Натальлі Арсеньневай. У Нью-Ёрку яна была заангажаваная ў беларускую дзейнасьць, ладзіла імпрэзы, для якіх пісала сцэнары й скэтчы, удзельнічала ў дэманстрацыях, была сакратаркай Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва, супрацоўнічала з газэтай “Беларус”. Яна была запатрабаваная, багата пісала, сустракалася зь сябрамі… Пераезд у Рочэстэр 65-гадовай Натальлі Арсеньневай адарваў яе ад грамады, вымусіў засяродзіцца на сямейных справах, пазбавіў магчымасьцяў для творчасьці.
Для сувязі зь суродзічамі-беларусамі засталося ліставаньне, найперш з галоўнай нью-ёрскай сяброўкай Янінай Каханоўскай, часткова апублікаванае Лявонам Юрэвічам у кнізе “Шматгалосы эпісталярыум” (2012). Так, празь некалькі месяцаў пасьля пераезду паэтка пісала: “…восень глыбокая наганяе сум, холад, мокрадзь, голыя дрэвы. У Нью-Ёрку сярод муроў поры году й наагул прырода неяк не адчуваліся. А тут яна дамінуе над чалавекам, над ягоным настроем. За творчую працу яшчэ не бяруся, час і думкі ўсё яшчэ цалком забірае хатняя праца й выхаваньне дзяцей. За гады Тусінай хваробы усё тут ледзь ліпела, рабілася адно збольшага, то даводзіцца ўсё гэта напраўляць і папаўняць. Але спадзяюся, штo ўсё ж давяду да парадку, і тады можна будзе прысьвяціць крыху часу й паэзіі. […] Жыцьцё … ідзе сумна, нідзе не бываем, бо яшчэ жалоба. […] Влодак шмат працуе, цяпер і ў суботы, а я зь дзецьмі. Стараюся цярпліва браць тое, штo дае лёс”. (20.11.1967)
Невясёлы настрой захоўваўся і ў наступных лістах: “Я трымаюся й дзякуй Богу, бо ўсё ж абсалютна тут на маіх руках, і проста ня ведаю, што было б, каб і я захварэла. Бацька [Францішак Кушаль] абыходзіцца зь дзецьмі зусім ня ўмее, нэрвуецца, крычыць, і падымаецца страшэнны скандал, а я мушу ўсё ўціхамірваць. Наагул, бяда із старымі людзьмі. […] сядзім пераважна ў хаце, і я толькі прашу Бога, каб даў мне сілаў і цярплівасьці з усім справіцца. З Натай, праўда, клопату найменш, але Пецік вельмі раздураны, неслухмяны, а Бацька таксама, як трэйцяе дзіця, то можаце сабе ўявіць, колькі трэба сілаў і вытрыманасьці, каб усё гэта трымаць у руках. Ды й звычайнай фізычнай працы — не пераробіш: дом вялікі, дзеці, мыеш, шыеш, парадкуеш, проста дыхнуць няма калі! Але я бяру гэта ўсё без нараканьняў, бо, відаць, гэтак і трэба спакойна й цярпліва выконваць сваё прызначэньне. Аб нейкай творчай працы, аднак, пакуль што й марыць няма як. Можа, як Ната пойдзе налета ў школу, бо пакуль што зь ейнай “навукай” больш клопату, чымся дапамогі — дзьве з паловай гадзіны папаўдні, апранай, вядзі, прыводзь, адно час пераводзіцца”. (12.01.1968)
Першыя гады ў Рочэстэры былі сапраўды вельмі цяжкія, нават трагічныя. На пачатку 1968 г. меў складаную апэрацыю сын Улодак, а праз колькі месяцаў памёр муж Францішак Кушаль. Натальля Арсеньнева была ў роспачы:
“Цяжка й сумна. Плачу ўвесь час, і ніякія пілюлі не дапамагаюць. Дзеля гэтага — і фізычна пачала ізноў дрэнна чуцца. Агульная нэрвовасьць перадалася, відаць, дзецям, асабліва Натачцы. Увечары даводзіцца сядзець ля яе гадзіны дзьве, пакуль засьне, трымае мяне за руку й плача з розных выдуманых прычынаў, не дае нікому спаць. Влодак злуе, што я яе “распусьціла”, але я ані ні ў чым не вінавата, і з гэтае новае “паўбяды” зусім выбілася зь сілаў. А тут столькі працы сабралася — мыць, прыбіраць, прасаваць! Ледзь жывая. Влодак пайшоў ужо на працу, кажа, што таксама столькі ў яго за час ягонае хваробы сабралася рознае працы, што нават ня ведае, ці будзе наагул мець вакацыі. Тады я ўжо й зусім прапала, бо з дадатковай працай (дзеці ж будуць цэлы дзень у хаце) ня ведаю, ці мае нэрвы й сілы дадуць рады”. (03.06.1968)
“…на мяне напала цяпер чамусьці вялікая апатыя. Нічога ня хочацца, жыву як быццам збоку жыцьця, машынальна раблю, як нейкая заведзеная машына, сваю штодзённую працу для сям’і й найлепш чуюся, калі мяне ніхто не чапае і я магу ня рухаючыся сядзець гадзіну ці дзьве, нават і ня думаючы. А вакол гэтак прыгожа, дрэвы жаўцеюць і асыпаюцца, і можна было б цешыцца прыгаством, калі б ні пусьціня нейкая дзіўная ўнутры. Да таго ж мой арганізм згубіў шмат адпорнасьці, і я ўвесь час прастуджаюся: то катар, то горла баліць, то кашаль. Ледзь пройдзе адно — за пару дзён пачынаецца нешта іншае, і я да псыхічнага заняпаду цярплю яшчэ й ад фізычнага. Так што справы са мной не асаблівыя. Дакучае й самотнасьць, няма да каго слова прамовіць. Влодак, як Вы ведаеце, чалавек неразмоўны, амаль не гаворыць, а дзеці замалыя. I ў рэзультаце — горка й сумна. Калі ўдасцца перамагчы мой сучасны псыхічна-фізычны нецікавы стан — магчыма, пачну ізноў пісаць, бо неяк ад часу да часу пачынаюць узьнікаць думкі й абрыўкі радкоў, каб згінуць ізноў, а тады ізноў назаляць… Але пакуль што гэта яшчэ, здаецца, няблізкая пэрспэктыва”.(16.10.1968)
Толькі ў сярэдзіне 1970-х Натальля Арсеньнева стала вяртацца да творчай дзейнасьці. Тады актывізавалася праца над выданьнем у БІНіМе збору яе твораў “Між берагамі” (выйшаў у 1979 годзе). Чым больш дарослымі рабіліся ўнукі, тым болей удавалася вызваляць часу на творчасьць. Быў зроблены пераклад “Песьні пра зубра” Міколы Гусоўскага, рэалізоўваліся іншыя творчыя праекты.
Унукі падрасталі, Ната зрабілася з часам сапраўднай кампаньёнкай паэткі, з гіпэрактыўным Пецем складанасьцяў было болей. Але ўжо знайшлася магчымасьць выбрацца на юбілей старога сябры Вінцэнта Жук-Грышкевіча ў Канадыйскі Бэры ў 1973-м, а ў 1980-х з унучкай паэтка рэгулярна ўзімку выяжджала ў цёплую Флёрыду на колькі тыдняў, гады ў рады дабіралася на імпрэзы і ў Нью-Ёрк. На пачатку 1990-х зьявіліся лістоўныя кантакты й з суродзічамі зь Беларусі. Безумоўна, няспынна давалася ў знакі здароўе й немалады ўзрост. Настрой у лістах з Рочэстэру праз увесь час складана назваць аптымістычным. Але паэтка намагалася рабіць, што можа, і “жыць, як набяжыць”.
У Рочэстэры Кушалі жылі ў доме па адрасе 37 Maplehurst Rd. Сьветлы двухпавярховік “на адну сям’ю” ў прыгарадзе. Менавіта тут Натальля Арсеньнева правяла апошнія 30 гадоў жыцьця. Вырошчвала кветкі ў агародчыку… Адсюль яе выправілі і ў апошні шлях. У тым самым доме да свайго адыходу жыў Улодак Кушаль. У 2023 годзе хата была прададзеная новым гаспадарам.
Цяпер адзіным сьледам Натальлі Арсеньневай у Рочэстэры застаўся помнік-крыж на супольнай з мужам магіле на Mount Hope Cemetery. Сьціплы амаль нябачны надпіс паведамляе, што тут пахаваная Natalie Arsiennieva 1902—1997. На тым самым могільніку недалёка пахаваныя й нявестка Туся (Натальля) Кушаль (1928—1967) і ўнучка Ната (Натальля Аляксандра) Кушаль (1962—2006), а цяпер і сын Улодак Кушаль.