Вітаўт Кіпель быў з тых асобаў, якіх нельга замяніць, нельга закрыць тую вялізную прабоіну, якую пакінула ягоная смерць у шэрагах сьвядомага беларускага грамадзтва.
Адыходзяць нашыя волаты, “зубры”, якія былі прыкладам ахвярнага служэньня беларускай справе цягам усяго іхнага жыцьця. Гэты трагічны для сьвету 2022 год забраў у нас дзьвух такіх вялікіх асобаў, як Янка Запруднік і Вітаўт Кіпель. Найлепшыя сябры па жыцьці, яны пакінулі гэты сьвет амаль адначасна. Як хацелася, каб сп. Вітаўт пажыў яшчэ за сябе і за сябра. Нават, здавалася, што такая надзея была. Кожны раз, калі я тэлефанавала сп. Вітаўту, голас ягоны гучаў энэргічна, а настрой быў аптымістычны. За тыдзень да ягонай сьмерці мы актыўна абмяркоўвалі, як найлепш адзначыць 30 гадоў Першаму зьезду беларусаў сьвету у наступным годзе. Ён заўсёды з вялікім хваляваньнем узгадваў гэтую падзею, якая была для яго адной з найважнейшых. Менавіта тады яны, паваенныя эмігранты, змаглі праз 50 гадоў наведаць Бацькаўшчыну, адчуць, што там іх чакалі і сустракалі з радасьцю. Гэта быў такі вялікі кантраст з тымі доўгімі часамі, калі савецкія ўлады ляпілі з іх ворагаў і яны не мелі магчымасьці пабачыць родныя мясьціны. Зора і Вітаўт Кіпелі прыехалі ў Менск з падарункам, у праграме зьезда адбылася прэзентацыя кнігі сп. Вітаўта “Беларусы ў ЗША”, якая сьедчыла пра тое, як беларускія эмігранты будавалі сваё нацыянальнае жыцьцё на выгнаньні, як захоўвалі сваю беларускасьцьь і папулярызавалі імя Беларусі ў заходнім сьвеце. З вялікай радасьцю замежныя беларусы ўспрынялі тады перамены на Бацькаўшчыне – аднаўленьне дзяржаўнай незалежнасьці, нацыянальнае Адраджэньне. Надзвычайнае ўражаньне ад тых падзеяў сп. Вітаўт захаваў да апошніх дзён свайго жыцьця. І як цяжка было яму бачыць, як топчацца і зьнішчаецца прамаскоўскай дыктатураю ўсё набытае тады беларускім дэмакратычным грамадзтвам.
Аднак, сп. Вітаўт з вопыту ўласнага жыцьця ведаў, што нельга траціць надзеі на лепшае і трэба працаваць, каб перамены насталі. Ён падтрымліваў усе нашыя тут у Амэрыцы ініцыятывы і праекты, што спрыялі актывізацыі беларускага жыцьця. Як адзначыў гісторык Захар Шыбека, Вітаўт Кіпель быў чалавекам, які больш радаваўся посьпехам іншых, чым сваім. Працаваў сам і дапамагаў новай іміграцыі. Ён меў багаты вопыт грамадзкай дзейнасьці і шчодра дзяліўся ім.
Дзялянкаю асаблівай ўвагі сп. Вітаўта было друкаванае слова, кнігі, перыядычны друк, навуковая праца ў галіне беларускай гісторыі. Выдадзеныя пад ягоным кіраўніцтвам, як дырэктара Беларускага інстытута Навукі і Мастацтва (БІНіМ), шматлікія выпускі “Запісаў БІНІМ” зьяўляюцца сёньня неацэннай крыніцаю зьвестак пра гісторыю беларускай эміграцыі. Зора і Вітаўт Кіпелі шмат зрабілі для збору эміграцыйных беларускіх пэрыёдыкаў і друкаў. Найбагацейшая калекцыя, якую яны сабралі, была перададзеная імі на захаваньне ў Нью-Ёрскую публічную бібліятэку, дзе яны доўгі час працавалі. Гэты збор стаў асновай іхнай унікальнай і фундамэнтальнай працы “Беларускі друк на Захадзе: Бібліяграфія”.
Трэба згадаць тут і іншыя кнігі: “Byelorussian-Americans and Their Community in Cleveland” (1982), у суаўтарстве з З. Кіпель: “Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе. Бібліяграфія” (1985), “Byelorussian Statehood. Reader and Bibliography” (1988), “Беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі” (2002).
Сёньня дзесяткі бібліятэк у Беларусі маюць у фондах эміграцыйныя калекцыі дзякуючы таму, што Вітаўт Кіпель сам асабіста іх туды перадаваў ці дасылаў.
Пасьпеў сп. Вітаўт напісаць і выдаць кнігу сваіх успамінаў “Жыць і дзеіць”, якую сёньня варта прачытаць новым беларускім эмігрантам, каб ведаць, як трэба жыць і дзейнічаць нават у неспрыяльных умовах на чужыне і застацца годным чалавекам і беларусам.
Сп. Вітаўт увесь час цікавіўся газэтаю “Беларус”, клапаціўся, каб выходзіла да чытача. Ягоная дзейнасьць была увесь час зьвязаная з газэтаю, асабліва ў той перыяд, калі сп. Зора была рэдактаркаю выданьня.
Калі мы са сп. Вітаўтам абмяркоўвалі ідэю напісаньня кнігі “Беларускі Нью-Ёрк”, ён вельмі захапіўся гэтай справай і актыўна падтрымліваў мяне. Я ўзгадняла з ім структуру кнігі, ён рабіў прапановы і даваў карысныя парады, за гэта я вельмі яму ўдзячная. Без яго гэтая кніга, якая пабачыла сьвет у 2019 годзе, не была б магчымая. Я цешуся, што мы пасьпелі гэта зрабіць, бо шмат чаго ўжо не было б ў каго даведацца.
Згадваючы сёньня пра лёс сп. Кіпеля нельга абыйсьці ўвагаю і ягонае асабістае жыцьцё, яно было наўпрост узорным і цесна зьвязаным з беларускасьцю. Сп. Вітаўт разам са сваёй жонкаю Зораю стварылі дружную беларускую сямью і ўвесь час у суладдзі ішлі па абраным імі шляхам служэньня беларускай справе, выгадавалі двух нацыянальна сьведамых дзяцей Алесю і Юрку. На жаль, сп. Зора заўчасна пакінула ў смутку сваю сямью ў 2003 годзе і сп. Вітаўт яшчэ 19 гадоў працягваў іхную агульную справу, працаваў за іх абодвух. На пахаваньні сп. Кіпеля я бачыла побач з Юркам трох маладых “дубкоў” – унукаў Вітаўта і Зоры. Гэта іх магутны працяг побач з усімі творчымі набыткамі.
Адданы беларускі патрыёт сп. Вітаўт Кіпель усё сваё жыцьцё пражыў пад знакам беларускасьці, хаця на самой Бацькаўшчыне яму давялося жыць толькі восем гадоў, увесь астатні час – на выгнаньні.
Страта наша вялікая. Але, напэўна, трэба падзякаваць Богу, які дараваў сп. Вітаўту доўгае жыцьцё, а сам ён напоўніў адведзены яму час вялікім сэнсам. Жыцьцё ягонае на кожным этапе было напоўненым і плённым, ягоныя жыцьцёвыя набыткі сталіся важкім укладам у гістарычную, духоўную, культурную скарбніцу Беларусі. Ягонае імя заняло пачэснае месца сярод выбітных прадстаўнікоў беларускай нацыі.
Сьветлая і ўдзячная памяць сп. Вітаўту Кіпелю!