Народ у нас вельмі таленавіты. Вынаходлівы. Крэатыўны. Чаго зь ім толькі ўлады ня робяць, а ён усё адно знойдзе, як у любым выпадку атрымаць карысьць для сябе. Надзённыя развагі Лявона Вольскага ў аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» на budzma.org.

Вось, магчыма, вы памятаеце тыя цяпер ужо можна сказаць «старыя добрыя» часы, калі аўтамабільнае паліва ў нас зрабілася значна таньнейшае, чымсьці ў Літве, Латвіі ці Польшчы? Дык вось тады людзі пачалі масава вазіць празь мяжу гэтае самае паліва. Нехта — прафэсійна, пару разоў на дзень, хтосьці — па-аматарску — раз-два на тыдзень. Дабрабыт народу пачаў няўхільна падвышацца.

А ўлады ня любяць, калі народны дабрабыт рэзка падвышаецца. Пачынаюць змагацца з гэтым дабрабытам. То падаткі якія нечаканыя прыдумаюць, то яшчэ нешта. Гэтым разам крэатыў быў такі: беларускае аўто ня мае права выяжджаць за мяжу часьцей, чым раз на восем дзён!

Чаго толькі народ не прыдумляў, каб абысьці гэтае абмежаваньне! І даведкі бралі, што езьдзіць неабходна па працы, і машыны мянялі. Але працягвалі езьдзіць-зарабляць. Тым болей, што пачаўся тэлевізарны бум! У Беластоку сучасны тэлевізар каштаваў ледзьве не ўдвая таньней за Менск. Гэта ты паехаў, прадаў паліва, набыў тэлевізар, прадаў яго ў нас — тое на тое і выходзіць, як той казаў.

Празь некалькі гадоў закон гэты адмянілі. Увялі новыя правілы праезду празь мяжу — трэба заплаціць падатак за гэты праезд, а яшчэ паказаць дакумэнты, што ты едзеш ня проста так, а з працоўным кантрактам ці то на вучобу.

Людзі парабілі сабе «працоўныя візы» і працягвалі езьдзіць. А таксама на ўсялякі выпадак узброіліся картамі побыту (відамі на жыхарства) і гуманітарнымі візамі (бо іншых візаў у Беларусі замежныя консульствы пэўны час не афармлялі). Чаго ўжо там казаць пра карту паляка! Іх усе парабілі шмат гадоў таму, яшчэ да таго загаду пра восем дзён, зь якога пачынаўся гэты тэкст.

І раптам — «імпэрыя наносіць адказны ўдар»! — уладальнікам усяго вышэйпералічанага трэба да 11 кастрычніка паведаміць ворганы пра наяўнасьць у цябе ВНЖ, ПМЖ, карты паляка і ўсяго вось гэтага, што неабходна дзеля таго, каб езьдзіць празь мяжу туды-сюды.

У беларуска-замежных пабліках пачалося абмеркаваньне:

— Так, я паведаміла, даслала заказны ліст у амбасаду.

— А я нічога ім паведамляць не зьбіраюся.

— Ну, і глупа, могуць разьвярнуць, калі будзеш чарговым разам вяртацца зь Беларусі.

— Няма такога закону, каб разварочвалі!

— Дык там жа не да законаў!

І вось глядзіш на ўсё гэта і думаеш: зь якой упартасьцю і імпэтам наш вынаходлівы народ абыходзіць усё новыя й новыя перашкоды, якія яму прыдумляе дзяржава! Безумоўна, ён прыдумае, як іх абысьці, схітрыць, дамовіцца.

І, здавалася б — хай бы столькі імпэту й крэатыву ўклалі ў адкрытае супрацьстаяньне, у Перамогу. Відаць, вораг быў бы разьбіты за адзін дзень! Дык не, целяпаюцца сабе туды-сюды…

А зь іншага боку — гэта ж таксама форма змаганьня. Партызанская, як і прынята. Вось — яны — дзяржава, а вось — мы — народ. Яны нас душаць, а мы іх усё адно надурым!

Таленавіты ў нас народ. Крэатыўны. Вынаходлівы.

budzma.org