Сапраўдная марозная зіма прыйшла ў Латвію ўжо ў канцы восені. Але гэта не стала перашкодай таму, каб 26 лістапада ў Рызе адбылося ўрачыстае і вясёлае адначасова беларускае свята, якое прынесла гаспадарам і гасцям шмат цяпла і добрага настрою. Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” запрасіла сваіх сяброў на юбілейную сустрэчу, прысвечаную 35-м угодкам таварыства “Сьвітанак”. У далёкім ўжо 1988-м годзе, яшчэ ў савецкі час, 27 лістапада беларусы заснавалі першае ў Латвіі таварыства беларускай культуры. На юбілей сабраліся сталыя госці “Сьвітанка”, а таксама беларусы ды іх сябры, пачынаючы ад Таллінна і да Латгаліі. Вечарына праходзіла традыцыйна “ў сваёй хаце” – у будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч.
Імпрэза гэтак жа традыцыйна распачалася з выканання ўсімі прысутнымі гімнаў Латвіі “Dievs, svēti Latviju” і неафіцыйнага гімна Беларусі “Магутны Божа”.
Пасля хвіліны маўчання ў гонар тых, хто адышоў у лепшы свет за гэтыя 35 гадоў, а таксама змагароў за незалежнасць Беларусі і Ўкраіны, ўспамінамі падзяліліся тыя, для каго “Сьвітанак” сапраўды стаў часткай іх жыцця. Госці імпрэзы маглі пачуць невядомую дагэтуль інфармацыю пра гісторыю стварэння таварыства і намаганні і працу на беларуcкай ніве на працягу 35 гадоў ад першага старшыні “Cьвітанка” др. медыцыны Сяржука Кузняцова, вядомага мастака, кавалера Ордэна Трох Зорак Вячкі Целеша, шматгадовай старшыні таварыства Таццяны Казак і намесніцы дырэктара Рыжскай беларускай школы і дырэктаркі школьнага музея Янкі Купалы Ганны Іванэ.
Разам з беларусамі на свяце былі нашы сябры-латышы – доктар мастацтваў Ансіс Атаолс Бэрзыньш, сын вядомага паэта і шматгадовага сябра нашай суполкі Андрыса Бэрзыньша, фотамастак Оскар Пэйпіньш і іншыя. А старшыня таварыства “Fre Belarus” Илва Эвертэ не толькі звярнулася з віншаваннем да прысутных па-беларуску, а і яшчэ парыхтавала шмат плакатаў са словамі падзякі беларусам, што было вельмі кранальна.
“Сьвітанак” прыехалі павіншаваць таксама госці-беларусы з Таллінна з Беларускага інфармацыйна-культурнага цэнтра ў Эстоніі Артур Цурбакоў і Дзяніс Прыстромскі з сваімі сем’ямі. А сын Артура саксафаніст Якуб Цурбакоў нават падрыхтаваў музычны падарунак удзельнікам святочнай імпрэзы і выступіў разам з госцем з Беларусі – спеваком Віктарам Шалкевічам.
Госць вечарыны Стэфан Эрыксан, дырэктар Бюро Рады міністраў Паўночных краін у Латвіі, у сваёй віншавальнай прамове падзякаваў Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” за тое, што падчас сваёй працы ў Латвіі ён мае магчымасць з вялікім задавальненнем правесці час у беларускім асяродку. У свой час у 2000-х спадар Стэфан выконваў абавязкі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь. Ён не толькі дасканала вывучыў беларускую мову, але вельмі шмат зрабіў для развіцця беларуска-шведскіх стасункаў ў галіне культуры. Таму такія словы ацэнкі працы таварыства спадара Эрыксана, які рэгулярна наведвае імпрэзы “Сьвітанка”, былі вельмі прыемнымі для арганізатараў юбілейнай вечарыны.
Лізавета Дубінка-Гушча была прызначаная дырэктаркай Дацкага інстытута культуры ў Эстоніі, Латвіі і Літве і таму сёлета прыехала ў Латвію. У сваёй віншавальнай прамове яна адзначыла, што заўсёды адчувае на “cьвітанкаўскіх” вечарынах сябе вельмі ўтульна, як дома ў Беларусі, і выказала спадзеў на далейшае плённае супрацоўніцтва.
Напэўна, падарункамі не трэба выхваляцца, але некаторыя з іх сапраўды вартыя ўвагі. Госця юбілейнай імпрэзы ўкраінка Таццяна Шчэрбанос, якая знайшла часовы прытулак у Латвіі з-за вайны і наведвае практычна ўсе нашы імпрэзы ў таварыстве, адмыслова ў якасці музычнага падарунка сваім беларускім сябрам на юбілей вывучыла і выканала песню Ігара Лучанка на словы Уладзімера Някляева “Світанак”. Гэтая песня была таксама ў рэпертуары гурта “Сьвітанак” пры нашым таварыстве ў 2000-х гадах, таму шмат у каго з прысутных выклікала настальгічныя ўспаміны.
А яшчэ таварыству “Сьвітанак” падаравалі кавалачак гісторыі нашай культуры ў Латвіі. Афішу з тэатральнай пастаноўкі “Паўлінка” беларускага тэатра ў Рызе ў 1937 годзе музею Рыжскай Беларускай асноўнай школы, заснаванай нашым таварыствам ў 1994 годзе, прэзентаваў першы старшыня “Сьвітанка” Сяржук Кузняцоў.
Таксама варта адзначыць карціну “Падарунак”, падараваную Вольгай Якубоўскай і беларускім мецэнатам з Грузіі Іванам Бахціным. Мы ўжо пісалі ў іншым артыкуле на нашай старонцы, як латвійскія беларусы ўдзячныя Вользе і Івану за іх дапамогу і ўдзел Вольгі ў жыцці таварыства. Нажаль, знакамітая беларуская мастачка не змагла асабіста на юбілеі ўручыць падарунак, бо была ў гэты час на адкрыцці сваёй персанальнай выставы ў Італіі. Замест яе гэта зрабілі сябры аб’яднання беларусаў “Суполка”, з якім у “Сьвітанка” існуе цеснае супрацоўніцтва. Марыя Давыдава-Новікава ў сваім віншавальным выступе пажадала плёну ў працы таварыства і поспехаў у супрацоўніцтве паміж латвійскімі беларускімі грамадскімі арганізацыямі і надалей.
Галоўнай падзеяй юбілейнай вечарыны стаў канцэрт вядомага барда з Беларусі, паэта і шоўмэна Віктара Шалкевіча. Ён адмыслова прыехаў выступіць у Рызе на юбілеі і не пагадзіўся на сумныя ўспаміны аб тым, “як жа раней было добра”. Спявак упэўніў усіх, што 35-годдзе – гэта толькі пачатак, а “Сьвітанак”, як і нашу родную Беларусь, чакае светлая і радасная будучыня. Віктару падпявала ўся зала, а гук яго гітары прымушаў падтанцоўваць кожнага. Асаблівасцю барда з’яўляюцца яго анекдатычныя гісторыі паміж песнямі, якія таксама стваралі цудоўны настрой гэтай вечарыны. Ад канцэрта засталіся ў захапленні як тыя, хто даўно ведаў Віктара Шалкевіча, ягоныя адданыя фанаты, што спявалі ўсе песні напамяць, так і моладзь – тыя, хто слухалі яго песні ўпершыню.
Пасля канцэрта і апошніх віншаванняў, адбыўся традыцыйны сяброўскі стол у Каміннай зале. Сябры “Сьвітанка” і госці знаёміліся паміж сабой, спявалі песні, успаміналі былое і рабілі планы на будучыню. Таксама прысутныя маглі пазнаёміцца з творамі беларускай мастачкі з аб’яднання “Маю гонар” Алены Лаўрыновіч, выстаўленымі ў Каміннай зале на яе персанальнай выставе з 24 лістапада. А Віктар Шалкевіч нястомна працягваў свой фейерычны выступ і за святочным сталом.
У верасні 2023 года выйшаў мастацкі фільм “Mana brīvība” (Мая свабода), прысвечаны нацыянальнаму адраджэнню Латвіі і ролі нацменьшасцяў у гэты час. Гэтая гісторыя таксама з’яўляецца гісторыяй “Сьвітанка”, бо таварыства – адно з заснавальнікаў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч, якая таксама святкуе ў гэтыя дні сваё 35-годдзе. Недарма падчас выступу першага старшыні таварыства Сяргея Кузняцова былі ўзгаданы яго адносіны з Ітай Казакевіч.
Мы выказваем шчырую падзяку Міністэрству культуры Латвіі, АНКТЛ імя Іты Казакевіч, асабіста спеваку Віктару Шалкевічу і сем’ям беларусаў Цурбаковых і Прыстромскіх з Эстоніі, без падтрымкі якіх юбілейнае свята не атрымалася б такім яскравам і запамінальным!
Дзякуем усім, хто завітаў на юбілейную імпрэзу. Спадзяемся на новыя, такія ж шматлюдныя сустрэчы і плённую працу таварыства ў наступныя 35 гадоў і жадаем ўсім у Латвіі і нашай роднай Беларусі ўсяго самага найлепшага!
Андрэй Татур, сябра Рады ЛТБК “Сьвітанак”; Таццяна Казак, старшыня таварыства;
здымкі Оскара Пэйпіньша, Ансіса Бэрзыньша і Вячкі Целеша