Этнаастраномія — рэдкая дысцыпліна на сумежжы гуманітарных і дакладных навук. Гэта гісторыя пра тое, як нашы продкі бачылі неба, зоркі ды ўяўлялі космас. А можа… ніяк не бачылі, бо адно глядзелі ў чорную раллю?
Цімафей Авілін у ранейшым працаваў у НАН Беларусі, выкладаў у ЕГУ. Працуе у сферы камп’ютарных тэхналогій. Ягоная грунтоўная праца «Этнаастраномія. Паміж небам і зямлёй» выйшла ў 2015-м і пакуль не мае аналагаў на айчынным інтэлектуальным рынку.
Напрыканцы 2022 года Авілін прачытаў некалькі адкрытых лекцый па сваёй тэме ў Польшчы, у тым ліку ў клубе Beer&History ў Беластоку ды на «Беларускім моладзевым хабе» ў Варшаве.
Сабралі для Вас найцікавейшае з пачутага.
Сонца на ліштвах і «беларускі стоўнхэндж»
Сонца і зоркі надзвычай часта сустракаюцца ў народнай вуснай і візуальнай традыцыі: у песнях, прымаўках, у якасці выяваў на ліштвах дамоў, у арнаменце на вопратцы. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што камяні з лункамі на поўначы Беларусі — гэта таксама пра зоркі: лункамі пазначаныя сузор’і.
Ёсць у Беларусі і свой «стоўнхэндж» на возеры Янава, за 20 км ад Полацка. Гэта выкладзены камянямі комплекс, які, на жаль, быў пашкоджаны: частку камянёў расцягалі трактары. Як ён першасна выглядаў і для чаго выкарыстоўваўся — пакуль загадка.
Яшчэ адна загадка: драўляны карэц з выявай 12 знакаў з в. Раўбічы. Літоўскі даследчык Ёнас Вайшкунас бачыць у ім астралагічныя сімвалы — аналагі знакаў задыяка. Ці так яно насамрэч? Невядома.
«Зорнічка-сучка» і канец свету
Ці не самае пазнавальнае сузор’е — Вялікая Мядзведзіца. У нашай традыцыі — Вялікі Воз. Таксама кажуць: Воз, Калёсы, Конь, Чарпак, Коўш, нават Ваўчыца. Гэта агульны індаеўрапейкі вобраз, які інтэрпрэтуецца па-рознаму: у эстонцаў гэта воўк, які хацеў з’есці вала. Ва ўкраінцаў ёсць сюжэт, паводле якога у дышле стаіць невялічкая «зорнічка-сучка»: калі яна перагрызе вяроўку («повій»), прыйдзе канец свету.
У народныя ўяўленні цвёрда ўвайшлі і хрысціянскія матывы. Казалі таксама Давідаў або Іллёў воз (на возе ці «агністай калясніцы», маўляў, св. Ілля ездзіў на неба — гэта старазапаветны сюжэт). Яшчэ казалі, што воз перахіліўся, калі Арханёл Міхаіл прагнаў Люцыфера. Найчасцей жа на вёсцы кажуць проста — «Воз на небе», які «перакуліўся».
Ад Воза праводзілі лінію да Палярнай зоркі і вызначалі поўнач. «Стаячая звезда не ходзіць нікуда, на месцы», «Стаіць як гвоздзь» — гэта пра Палярную зорку, якую яшчэ называлі «Нябесны кол»: нешта нерухомае, вакол чаго ўсё круціцца.
«Засынай, тры сястры глядзяць у вакно»
У сузор’і Арыёна добра бачныя тры зорачкі — Пояс Арыёна. Беларусы ім давалі назвы ў залежнасці ад рэгіёна: Касця, Тры сястры, Каромысел, Тры каралі. Тры сястры — гэта, магчыма, пра міфічных жанчын, якія прадуць чалавечыя лёсы («Засынай, тры сястры глядзяць у вакно»). Тры каралі — гэта валхвы, хрысціянскі сюжэт.
Сапраўдны каромысел (не такі, як у мульціках, меў простую форму), таму адпавядаў лініі зорак. Казалі: «Пара малаціць, каромысел ужо высока». Зоркі таксама нагадвалі трох касцоў у шэрагу на полі, адсюль — Касцы. На Валожыншчыне лічылі, што касцы, якія выходзяць касіць, маюць глядзець на гэтыя зоркі: каб лепей бачыць і лепей касіць.
Па Поясе Арыёна вызначалі час. Узыход сузор’я, акурат на калядны перыяд, сімвалізаваў пачатак свята Вадохрышча. Граблі, Матавіла і нават Ляска Якуба («палка Якуба») — лакальныя варыянты назвы таго самага Поясу Арыёна.
Каменнае, шкляное і нават «дзіравае» неба
Плеяды — вельмі яскравая «кучка» зорак у адным месцы. Людзі часам так і называлі: Кучкі. А яшчэ: Сіта, Рэшата, Валасажар, Валосыня, Вісажар, Куркі, Гняздо, Сем мальцаў… Самая папулярная форма назвы, літаратурная — Стажар’е.
Стажар’е — гэта пра стагі на лузе. У назве Валасажар бачыцца адсылка да боства Вялеса. Сіта — «месца, дзе праведныя душы адсейваюцца ад грэшных…» Куркі — назва, уласцівая для Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, але ў нас кропкава сустракаецца на Заходнім Палессі.
У працяг тэмы сіта: існавала ўяўленне, што ў небе ёсць дзіркі, праз якія даходзіць святло з тых нябёсаў, якія вышэй! Сюды ж кладзецца канцэпцыя «цвёрдага неба», якая таксама сустракаецца ў нашых продкаў. Пацверджанне гэтаму — каменныя ці металічныя метэарыты, якія ад неба «адвальваюцца». «Камяні з неба». Перуновы стрэлы (каменныя сякеры ці крэмніевыя стрэлы каменнага веку) ці культавыя валуны таксама лічылі прыхаднямі з нябёсаў. Паводле іншых уяўленняў, неба зробленае з рэчыва, падобнага на шкло.
Хто разліў малако?..
Млечны шлях у нашых продкаў быў вядомы як Птушыная дарога/шлях, Малочная дарога, Чумацкі шлях ды нават Цешчын шлях (запісана на Міншчыне). Агульны матыў — тэма дарогі, што сустракаецца і ў іншых еўрапейскіх народаў: Трапа Траяна, Дарога Відэвута і Брутэна, Дарога на Кіеў ці Ерусалім…
Украінская назва Чумацкі шлях сустракаецца і ў нас на Палессі. Чумакі на валах вазілі соль з Крыма. Асабліва ўзімку, калі дарогу было не відаць, можна было арыентавацца па Млечным шляху, каб ехаць з поўначы на поўдзень — гэта практычны аспект. Птушыны шлях, бо па ім птушкі лятуць з поўначы на поўдзень, у вырай, на цёплыя воды.
З тэмай малака ёсць казачная інтэрпрэтацыя. Калі, маўляў, Бог яшчэ хадзіў па зямлі, то забараніў Чорту піць малако. Той выменяў у мужыка збан з малаком, а пасля ўцякаў ад Бога ды… разліў малако. Зоркі, якія мы бачым — дарога, па якой Чорт тое малако разліў. У іншых версіях малако «разлівалі» мядзведзіца, святыя ды іншыя персанажы.
«Змей камусьці скарб нясе…»
Лічылася, што падаючая зорка — душа чалавека, які нарадзіўся ці памёр. Калі яскравая — заможны быў чалавек, здаровы. Цьмяная — слабы, кепскі ці душа належала ведзьме. Магчыма, ляціць душа няхрышчанага дзіцяці, таму трэба перахрысціцца, перахрысціць зорку ды надаць імя: «Калі пан, будзеш Ян, калі пані — будзеш Яня».
Што рабіць, калі падае зорка (у рэальнасці — згарае метэор)? Загадваць жаданне. Але навошта? Ляцець можа таксама і анёл, каб забраць душу чалавека, якая з ім адыдзе ў іншы свет. Таму, загадваючы жаданне на падаючую зорку, людзі прасілі пра нешта сваё ў анёла.
Былі і цікавейшыя вобразы, напрыклад, агністы змей. Змеем мог быць чараўнік ці вядзьмар, які перакідваўся змеем ды лётаў па небе. «Змей камусьці скарб нясе» — казалі на падаючую зорку. Белым свеціцца — срэбра нясе, чырвоным — золата. Яшчэ адна цікавая назва змея — «Хут». Той па палях лётае, жыта ды снапы з чужых палёў гаспадару зносіць.
Чаму ад зацьменняў хаваліся ў гумно?
Калі класічная сярэднявечная астралогія грунтавалася на падліках, то народная астралогія стаіць на тым, што нельга прадбачыць. Так, павітуха выходзіла на двор, глядзела на зоркі ды казала пра лёс дзіцяці. То-бок арыентавалася па карціне неба, якую бачыла ў канкрэтны момант. Дзяўчаты на Шчодрык выходзілі па зорках гадаць на хлопцаў: адкуль упадзе, адтуль і мужык прыйдзе.
Па зорках меркавалі пра роды, смерць, асабістыя якасці нябожчыка ды інш. Але ўсё гэта было справай выпадку — дзе што ўбачыцца, міргне ці адкуль ляціць. Ніхто не сядзеў і не выпісваў, якая планета ў якім доме была.
Разам з тым вельмі сур’ёзна ставіліся да сонечных і месяцовых зацьменняў. Хаваліся ў гумно, хрысціліся, чыталі малітвы, запальвалі свечы. З’яўленне каметы было вельмі важнай падзеяй: на мор, вайну, злыбеды. Любое зацьменне ці камета бачыліся як парушэнне сістэмы існага свету, стабільнасці, нешта катастрафічнае. Таму неба для нашых продкаў бывала і «страшным».
P. S. Зоркі — гэта не толькі фальклор, але і частка жыцця. Іхная інтэрпрэтацыя нашымі продкамі — гэта спляценне прагматызму і міфалогіі. З аднаго боку, па зорках арыентаваліся, блукаючы ў зімовым лесе ці ў далёкай дарозе. З іншага — укладалі звышнатуральныя сэнсы, насялялі неба Змеямі, святымі і «агністымі калясніцамі».