7 красавіка ў Познані прайшла першая святочная прэзентацыя «Дзіцячага спеўніка», які складаецца з песень, сабраных вядомым беларускім фалькларыстам Антонам Грыневічам у перыяд з 1905 па 1924 гады. З музычнай інтэрактыўнай праграмай выступілі спявак, музыкант-мультыінструменталіст, этнограф, заснавальнік культурнага руху «Спеўны Сход» Сяржук Доўгушаў і музыкант Андрэй Еўдакімаў.
Як з’явілася перавыданне спеўніка Грыневіча? Чаму народныя дзіцячыя песні не згубілі актуальнасці? Ці можна зацікавіць спевамі сучасных дзяцей, і калі так — як гэта зрабіць? На гэтыя пытанні адказаў Сяржук Доўгушаў.
На прэзентацыю спеўніка ва ўтульную кавярню ў адной са шматлікіх познаньскіх камяніц прыйшлі некалькі сем’яў. Сяржук і Андрэй прапаноўваюць праспяваць некалькі песень са спеўніка разам — спачатку дзеці саромеюцца і паводзяць сябе даволі сціпла — на запрашэнне з большай ахвотай адгукаюцца бацькі. Але варта толькі дастаць незвычайныя для сучаснай аўдыторыі музычныя інструменты — «рыбу», дудачку, чароцінку, жалейку — і з’яўляецца звыклая дзіцячая жвавасць. Бонусам ідуць традыцыйныя беларускія гульні — малых не спыніць.
Пасля прэзентацыі Сяржук падпісвае экзэмпляры спеўнікаў для гасцей і дзеліцца ўражаннямі ад першай імпрэзы.
— Падчас прэзентацыі было цікава паглядзець, як сучасныя дзеці ўспрымаюць спеўнік — я выступаў як артыст, які мусіў праспяваць іх разам з гасцямі. Час мяняецца, таму трэба апрацоўваць песні з больш сучасным падыходам. Дзецям моцна «заходзіць» музыка — яны зацікавіліся, калі я запрасіў жадаючых на сцэну і даў інструменты. Калі просіш паспяваць, не хочуць — я памятаю, як сам ненавідзеў урокі спеваў у школе, калі мы станавіліся каля фартэпіяна і спявалі штосьці па нотах. Трэба неяк прасцей, актыўней даносіць фальклор да дзяцей. Малыя слухаюць тое, што адбываецца навокал. Раней не было такой перанасычанасці рытмамі, драм энд бэйсам, псіхадэлам. Цяпер гэтага шмат паўсюль — можна гадаваць дзяцей у вёсцы, хаваць у хаце, нікуды не вадзіць, але яны будуць выходзіць у інтэрнэт і слухаць розную музыку. Дзіцячы густ таксама часта фарміруецца тым, што слухаюць бацькі.
Не думаю, што беларускія дзеці ў эміграцыі адразу ўспрымуць спеўнік з воклічам: «Вау, крута, будзем спяваць!» — патрабуецца падрыхтоўчая праца. Частку песень ужо спявалі ў Менску падчас нашай з Андрэем праграмы «Чароўны край», якую мы праводзілі ў філармоніі. Там мы ўпершыню заўважылі, што песні «Граю на дудцы» і «Сыч і сава», падчас якіх дзеці робяць гукі «чах-чах-чах», «пух-пух-пух» і суправаджаюць іх жэстамі, падабаюцца больш за іншыя. На дзяцей уздзейнічаюць песні, якія не патрабуюць учытвання ў доўгі тэкст, у якіх трэба толькі паўтараць радок-другі.
— Зараз шмат дзе дзейнічаюць дарослыя спеўныя сходы. Ці ёсць ідэя арганізаваць дзіцячы?
— Так, у планах гэта зрабіць. Я сабраў мужчынскі гурт «Касары». Напрыканцы мінулай восені мы пачалі спяваць. У нас з’явілася ідэя стварыць дзіцячы склад, які называўся б «Касарыкі». Мы запросім дзяцей «Касароў» і будзем развучваць з імі песні з «Дзіцячага спеўніка», каб пазней можна было ў прэзентацыях паказаць, як яны гучаць. Гэта якраз і будзе часткай падрыхтоўчай работы, якую варта правесці, каб зацікавіць дзіцячую аўдыторыю. Другога чэрвеня ў Варшаве адбудзецца вялікая імпрэза з прэзентацыяй спеўніка, падчас якой будуць выступаць розныя гурты.
— З чаго складаецца перавыданне дзіцячага спеўніка Грыневіча 1925 года? У чым ягоная адметнасць?
— Мы перавыдалі «Дзіцячы спеўнік» амаль праз сто гадоў — вырашылі зрабіць падарунак беларусам і асабліва Антону Грыневічу — з падзякай за тое, што ён быў моцна зацікаўлены ў адраджэнні беларускай культуры. Спеўнік 1925 года быў вельмі просты — чорна-белы, з тэкстамі і нотамі, набранымі на машынцы. Наш спеўнік мае шмат каляровых ілюстрацый, у ім сабраныя 33 песні — ад самых простых забаўлянак і калыханак да складаных песень з розных рэгіёнаў краіны — Гарадзеншчыны, Цэнтральнай Беларусі. Тут ёсць песні на розны матыў, настрой і час. Каля кожнай песні змяшчаюцца рознакаляровыя малюнкі, ноты — разлік быў на тое, каб дзецям было цікава гартаць кнігу.
Грыневіч лічыў народную песню «люстрам народнай душы» і падмуркам для развіцця нацыянальнай культуры — кампазітарскай музыкі, тэатру і літаратуры. Спеўнік не проста змяшчае прыклады фальклору для дзяцей. Ён знаёміць з абрадавай і пазаабрадавай лірыкай, танцавальнымі творамі. Большасць з іх былі запісаны ад вясковых жыхароў, аднак рэшта прагучала з вуснаў дзеячаў беларускага руху. Ад Максіма Гарэцкага, напрыклад, з’явілася песня «Сядзеў я на пні», пашыраная на Мсціслаўшчыне, ад Янкі Пачопкі — «Пайду я на ток». Антону Грыневічу таксама спявалі і выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі Вячаслаў Багдановіч, Эмілія Шутовіч. Некаторыя песні можна не толькі спяваць, але і сцэнізаваць, дапаўняючы іх тэатральнымі элементамі.
У дзіцячым спеўніку 1925 года музычныя азначэнні былі ўпершыню надрукаваны на беларускай мове, а не на італьянскай. Антон Грыневіч стараўся палегчыць разуменне музычнай навукі, таму самастойна ўзяўся за стварэнне беларускай музычнай тэрміналогіі. Асноўная ідэя ў тым, каб зрабіць беларускі фальклор даступным для кожнага — ад спрактыкаванага музыкі да непадрыхтаванага аматара.
— У кнізе тэксты дубліруюцца беларускай лацінкай. З якой мэтай гэта зроблена? Ці дапаможа лацінка дзяліцца нашым фальклорам з замежнай аўдыторыяй?
— Мы не толькі напісалі тэксты лацінкай, але і дадалі тлумачэнні па-англійску. На вокладцы ёсць QR код, па якім можна перайсці і паслухаць мелодыі кожнай песні — вельмі дапамагае, калі не ведаеш нот. Тэксты на лацінцы сапраўды дазваляюць прыцягнуць замежную аўдыторыю. Упершыню мы напісалі тэксты лацінкай у нашым зборніку «Бяседныя песні», каб разам з намі іх маглі спяваць палякі. Гэта дапамагло: былі прэзентацыі, дзе сярод гасцей большасць складалі замежныя слухачы. Часам бывае так, што на імпрэзах палякаў нават больш, чым беларусаў.
Хутка прэзентацыі «Дзіцячага спеўніка» пройдуць у ЗША — так склалася, што дзіцячая тэма там на першым месцы, таму веру, што там нас чакае аншлаг. Бывае, што ў нас прасцей сабраць на імпрэзы дарослых, чым дзяцей, а ў Штатах — наадварот. То-бок, дарослыя ўвесь час працуюць, а дзеці хочуць забаўляцца, цікавяцца інтэрактыўнымі праграмамі. Суполкі беларусаў у розных штатах з радасцю і задавальненнем прыходзяць на ўсё сваё.
Песні з «Дзіцячага спеўніка» — гэта тое, што дае нам адметнасць, расказвае пра нас гістарычную праўду. Калі зараз мы па-новаму іх прачытваем, знаходзім шмат цікавага — таго, што адгукаецца нашаму сэрцу, таго, дзеля чаго хочацца іх спяваць.
«Дзіцячы спеўнік» можна замовіць поштай з дастаўкай па ўсім свеце праз адмысловую форму, а таксама набыць у кнігарнях у Вільні (кнігарня «Гартайка»), у Варшаве («Кнігаўка» на Kłopotowskiego, 4 (таксама анлайн)) і Мінску ў кнігарні kniger.by.