Для ўезду з хатнім гадаванцам у краіны Еўразвязу цяпер патрабуюць яшчэ адну паперку.
ЕЗ выкрэсліў Беларусь з пераліку дзяржаваў, дзе сітуацыя з шаленствам не выклікае асцярогі. Прышчэпка ад гэтага вірусу патрабавалася заўсёды, аднак з 16 верасня дадаткова неабходны тэст на колькасць антыцелаў – гэты аналіз паказвае, ці мае жывёліна імунітэт пасля вакцынацыі.
Праблема ў тым, што тэст можна зрабіць толькі ў лабараторыі, акрэдытаванай ЕЗ, а ў Беларусі такой лабараторыі няма ніводнай.
У Дэпартаменце ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання раней казалі, што тэхнічныя магчымасці выконваць такія аналізы мае дзяржаўная лабараторыя ў Віцебску, аднак «нашыя сябры з ЕЗ адмовіліся яе акрэдытоўваць і на запыты не адказваюць».
І тут нічога не змянілася.
«Мы не маем паўнамоцтваў. Нават калі б мы вам і зрабілі тэст, дакумент не мае моцы для ЕЗ, вы не зможаце з ім правезці жывёліну», – сказалі карэспандэнту «Белсату» як прыватнай асобе ў Віцебскай абласной ветэрынарнай лабараторыі.
Там не ведаюць, ці ідуць перамовы з еўрапейскімі чыноўнікамі пра акрэдытацыю.
«Белсат» накіраваў запыт у Еўракамісію з пытаннем, ці варта чакаць магчымасці зрабіць неабходны тэст у беларускай лабараторыі, і адказу пакуль не атрымаў.
Пакуль жа гаспадарам пухнатых кампаньёнаў застаецца або ехаць у Расею – там працуюць дзве ўстановы з адпаведнай акрэдытацыяй – або звяртацца ў ветклінікі ў Беларусі, якія прапануюць такую паслугу. Кроў возьмуць на месцы і адправяць біяматэрыял у расейскую лабараторыю.
У адной клініцы такая паслуга будзе каштаваць 533 рублі, калі не пільна, або 758 рублёў – тады ўсё зробяць за два тыдні. Сертыфікат можна замовіць і з кур’ерскай службаю, але варта прыехаць асабіста.
«За сертыфікатам пажадана асабіста прыехаць, каб адзнаку ў пашпарце паставіць. Калі жадаеце поштаю, то папросту замаўляеце кур’ера, мы самыя гэта не робім, гэта ўжо на вашае жаданне, можаце замовіць СДЭК», – паведамілі ў клініцы.
Знайсці ветэрынарны цэнтр, які дапаможа з сертыфікатам у Беларусі, можна праз запыт у пошукавіку «тэст на антыцелы і шаленства» або «цітр антыцелаў да віруса шаленства».
Такім чынам, «місія выканальная», хаця і патрабуе выдаткаў. Аднак яшчэ яна патрабуе часу, і прыспешыць справу немагчыма. Тэст на колькасць антыцелаў вымагае выканання двух ўмоваў: яго можна рабіць не раней за месяц пасля апошняй вакцынацыі ад шаленства і не пазней за два месяцы да чарговай вакцынацыі.
Пры гэтым, калі ўзровень антыцелаў будзе меншы за патрэбны (менш за 0,5 МА/мл), то давядзецца зрабіць пазапланавую прышчэпку, а потым чакаць 30 дзён і паўторна здаць аналіз.
Нарэшце выправіцца ў ЕЗ можна толькі праз тры месяцы ад дня забору крыві.
Выходзіць, што ў выпадку, калі патрэбна пачынаць з нуля – з прышчэпкі – і зрабіць яе сёння, то аналіз на антыцелы можна будзе здаць 20 кастрычніка, а выязджаць з гадаванцам можна будзе не раней за 20 студзеня наступнага года.
У Telegram-чатах, дзе дзеляцца досведам мінання мяжы, з’явіліся пытанні кшталту «ці глядзяць тыя антыцелы?», «можа, і без іх прапусцяць?» Падарожнікі сведчаць: гэтыя сертыфікаты спраўджваюць абавязкова. І яшчэ раяць абавязкова ставіць адпаведную пазнаку ў ветэрынарным пашпарце. Звычайна ў ветклініках гэта робяць самыя, але варта нагадаць.
У чатах таксама паведамляюць, што самая беспраблемная рэлакацыя жывёлінаў цяпер у Польшчу і Латвію. А вось Літва з 16 верасня наагул не пускае гадаванцаў з беларускімі пашпартамі: патрабуюць пашпарт ЕЗ.
Сабачнікам і кашатнікам, якія цяпер у краінах ЕЗ і плануюць ехаць у Беларусь, раяць зрабіць еўрапейскі пашпарт і тэст на антыцелы да шаленства – гэта моцна спросціць жыццё, бо калі вяртацца ў Еўразвяз, сертыфікат абавязкова запатрабуюць.
У дадатак да тэсту, як і раней, спатрэбяцца іншыя дакументы і працэдуры:
- ветэрынарны пашпарт міжнароднага ўзору (можна аформіць у любой дзяржаўнай ветстанцыі);
- чыпаванне жывёліны з улучэннем інфармацыі ў міжнародную базу дадзеных;
- вакцынацыя ад шаленства (абавязкова пасля чыпавання, іначай жывёліна не будзе лічыцца вакцынаванаю);
- ветэрынарная даведка з дзяржаўнай ветстанцыі — непасрэдна перад выездам за мяжу (дзее 10 дзён).
Увесь пакет дакументаў спатрэбіцца і ў тым выпадку, калі даверыць транспартаванне свайго ўлюбёнца адмысловым кампаніям. Яны абяцаюць клапатлівую дастаўку з кармленнем, выгулам і фотасправаздачамі.
Адзін перавознік паведаміў карэспандэнту «Белсату» як прыватнай асобе, што за перавоз гадаванца з Менску да Варшавы возьме € 350 і суму падатку на імпарт (23 % кошту жывёліны).
«Кошт жывёліны вызначаны мытнымі каталогамі і залежыць ад пароды, веку, наяўнасці радаслоўнай і гэтак далей», – растлумачылі ў фірме.
Жывёлінам-гадаванцам можна пазайздросціць: яны мінаюць мяжу хутчэй, чымся людзі, бо ў пункце пропуску маюць прыярытэт.
«Мы не стаім содні. Гэта прыярытэтная чарга. Вашыя жывёліны з любой транспартавай кампаніяй ідуць як груз і стаяць у прыярытэтнай чарзе, а не ў чарзе з легкавікамі».
Іншая фірма паабяцала «легальны ўвоз пад ключ» з Менску да Варшавы за € 600:
«У гэты кошт залучаная дастаўка, ветэрынарныя дакументы, мытныя дакументы і падаткі атрымальніка».
Зрэшты, гэтае «пад ключ» не азначае, што гаспадар будзе вызвалены ад бегатні з вакцынацыяй, тэстам на антыцелы і іншых «прыгодаў» – усё давядзецца рабіць самастойна. Затое пасля – спрэс клопаты перавозніка. Гэтая кампанія давязе жывёліну за 1,5–2 дні.
Яшчэ адзін варыянт вывазу жывёліны ў ЕЗ – падарожжа рэйсавым аўтобусам. Праўда, опцыя пасуе толькі для катоў і невялікіх сабакаў, дый не ўсе перавознікі дазваляюць браць з сабою пухнатых спадарожнікаў.
Такая забарона, напрыклад, дзее ў папулярнага «Ecolines».
«Візіт-Тур» дазволіць везці жывёліну вагою да 8 кг у пераносцы, толькі давядзецца купіць асобны білет.
«Intercars» бярэ гадаванцаў да 10 кг, патрэбна купіць білет дзіцячага тарыфу (палова звычайнага кошту), а калі набыць неільготны квіток, то чатырохлапаму пасажыру нават дадуць асобнае месца.
Самым праблемным перавознікам у чатах прызнаюць «Менсктранс». Паводле правілаў дазваляецца перавоз у салоне аўтобуса жывёлінаў вагою да 5 кг, калі болей – то толькі ў багажным аддзяленні. Аднак падарожнікі наракаюць, што кіроўцы чапляюцца да падарожнікаў з кампаньёнамі: маўляў, то пераноска не такая, то ў кагосьці з пасажыраў можа пачацца алергія. Пры гэтым, калі габарыты і вага пераноскі ўпісваецца ў норму ручной кладзі і багажу, то перавоз гадаванца ў «Менсктранса» бясплатны. Галоўнае – вытрымаць «фэйс-кантроль» кіроўцы.