Каманда Kamunikat.org у межах выдавецкай серыі “Кнігі бяз літар” запісала і размясціла на лічбавых пляцоўках тры новыя аўдыёкнігі: “Пасланне ў іншасвет, альбо Развагі максімаліста” Васіля Жуковіча, “Пуцявіну” Барыса Пятровіча і першую частку зборніка эсэ Уладзіміра Арлова “Незалежнасць гэта…”

Аповесць Васіля Жуковіча “Пасланне ў іншасвет, альбо Развагі максімаліста” – твор складаны і спрэчны. Падсумаванне і пераасэнсаванне жыцця і досведу. Тут пераплецены рэфлексіі пра Другую Сусветную вайну, рэпрэсіі савецкіх часоў, вясковае жыццё і вір палітычных падзей пачатку ХХІ стагодзя. Амаль пяць гістарычных эпох стварылі сваеасаблівы хаос на старонках аповесці. Тут і спроба 75-гадовага аўтара зразумець 20-гадовага героя, спроба перанесці гэтае асэнсаванне на падзеі вайны і акупацыі. Мэтанакіраванае спрашчэнне формы і сюжэту. Сумбур сэнсаў і наратываў. Аднак пры гэтым – шчыры анатамічны зрэз сваёй свядомасці. 

Аповесць “Пуцявіна” Барыса Пятровіча пісалася амаль праз трыццаць гадоў пасля памятнай паездкі праз увесь СССР з Усходу на Захад. Вядома, за гэты час адбыліся вялізарныя перамены ў нашым жыцці, не стала той краіны, з’явіліся новыя тэхналогіі і, каб пабачыць Далёкі Усход і тыя гарады, якія наведалі падарожнікі, цяпер зусім неабавязкова туды ехаць. Можна набраць у інтэрнэце назву і віртуальна паблукаць па вуліцах горада. У 1983 годзе нават мапу горада, а тым болей нейкі турыстычны даведнік з інфармацыяй пра яго, набыць было практычна немагчыма… Таму аўтар узяў за аснову асабістае ўспрыманне таго часу і той краіны другой паловы кастрычніка і пачатку лістапада 1983 года. Вярнуцца ў СССР. 

Кніга выбраных эсэ Уладзіміра Арлова “Незалежнасць гэта…” – яшчэ адна “машына часу”, якая дапаможа чытачу здзейсніць дзясяткі падарожжаў, нязменна аб’яднаных пошукамі Беларусі і – непаўторным сакавіта-грубаватым арлоўскім гумарам. Пунктамі прызначэння будуць Менск пачатку 1990-х і Берлін з абрынутай толькі ўчора сцяной паміж двума светамі, Грузія часоў Звіяда Гамсахурдзія і Сахара дарэвалюцыйнага Тунісу, дах яшчэ цалюткага Сусветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку і стакгольмская кватэра нобелеўскага лаўрэата 2011 году паэта Тумаса Транстромера… Разам з пісьменнікам чытач зможа адчуць змены, што адбыліся ў нашай краіне і свеце за цэлую чвэрць стагоддзя. Эсэ, што ўвайшлі ў кнігу, перакладаліся болей, чым на дваццаць моваў.

bellit.info