Прадстаўніцы Народных амбасад Беларусі пра праблемы беларусаў у замежжы

Ірына Маклейн – прадстаўніца Народнага консульства Беларусі ў Шатландыі, арганізатарка Эстафеты “Галасы праз межы”. Аляксандра Мамаева – прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі. Анастасія Свіркова – прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Аўстрыі.

РР: Хацеў бы, каб вы нашым чытачам расказалі пра эстафеты. І па-першае, вы ўжо гаворыце пра тое, што ў Варшаве будуць пэўныя мерапрыемствы, прэзентацыі.

Ірына Маклейн: Я пачну, як аўтарка гэтай шалёнай ідэі. Удзячна, што ў мяне столькі сяброў, аднадумцаў, якія мяне падтрымалі з гэтай ідэяй. Насамрэч мэты і задачы эстафеты – гэта дзве – зламаць брэнд Лукашэнкі і распавесці свету пра Беларусь, якая існуе не толькі праз прызму Лукашэнкі. Але ж мы ведаем, што ў гэтай Беларусі, якая існуе, на жаль, ёсць праблема палітвязняў, людзей, якія рэпрэсаваныя рэжымам, людзей, якія да сёння знаходзяцца за кратамі. Гэта вельмі велізарныя задачы, і мы ведаем, што мы іх не выканаем за адзін год ці за два, ці за тры. І нягледзячы на тое, ці будзе ў Беларусі Лукашэнка сёння, заўтра і паслязаўтра, гэтая мэта ў нас будзе стаяць, таму што свет 30 гадоў не мае ніякіх шанцаў даведацца пра сапраўдную Беларусь. Гэта эстафета пра Беларусь.

РР: Сапраўды вось такія задачы вельмі важныя. А якія ў нас на сёння ёсць інструменты, акрамя акцыяў салідарнасці?

Аляксандра Мамаева: Каб распавядаць пра Беларусь, думаю, што з гэтым могуць добра спраўляцца самі беларусы. У нас пасля 2020 года даволі добра арганізаваная дыяспара. У 2020 годзе беларусамі больш станавіліся, чым нараджаліся. Я думаю, што гэта трэба максімальна выкарыстоўваць, каб беларусы ў сваіх краінах распавядалі замежнікам, паказвалі, якія беларусы бываюць, запрашалі іх на нейкія мерапрыемствы, якія ладзяць. Наогул, маючы вось гэты досвед супрацы з палітыкамі на розных узроўнях і там удзелу нейкіх мерапремствах, мы разумеем, што ёсць культурная дыпламатыя, яна сапраўды працуе. Адна справа распавядаць пра праблемы, пра рэпрэсіі, пра сітуацыю ў Беларусі, а другая справа – паказаць фільм, дзе гэта ўсё ёсць выдатна паказана, ці запрасіць на канцэрт “Вольнага хору”, дзе там дрыжыкі амаль ад кожнай песні. Гэта кранае не толькі беларусаў, але і ўсіх астатніх.

Канешне, гэта размовы, гэта нейкія мерапрыемствы, гэта тое, што працуе. Трэба сапраўды падчас нейкіх вандровак заўсёды размаўляць з замежнікамі. Шмат беларусаў з гонарам кажуць, што яны беларусы і заўсёды распавядаюць пра сітуацыю ў Беларусі, пра тое, якая сапраўдная Беларусь. І таму мы можам таксама гэта ўсё выкарыстоўваць.

РР: Закранулі мы такую тэму – успрыманне Беларусі за мяжой. Згадаеце нейкія крыўдныя, напрыклад, для вас самыя крыўдныя асацыяцыі замежнікаў, з якімі вы сустракаліся?

Анастасія Свіркова: Калі казаць пра негатыўныя асацыяцыі, канешне, першае, што хочацца адказаць – Беларусь не Лукашэнка. Яно адразу становіцца відавочным, калі кажаш з якой краіны. І другое, гэта тое, з чым мы ўжо столькі гадоў змагаліся і змагаемся. І, напэўна, 2020 год даў нейкі пералом – гэта назва падрадковага перакладу нашай краіны. Калі Беларусь называюць Вайсрусланд у маёй, напрыклад, краіне і ўсялякія іншыя варыянты менавіта перакладнога няправільнага ўспрымання краіны. Далей хацелася проста больш расказваць, таму што сустракаеш людзей, пачынаеш расказваць, хто ты, што ты. І быццам краіна ёсць. Але пра яе ніхто нічога не ведае. Назва ёсць, Лукашэнка ёсць, а  што там яшчэ штосьці ёсць… І калі кажуць, што ў вас маленькая краіна і пачынаеш проста праводзіць асацыяцыі, што наша краіна немаленькая. Яна па мерках Еўропы вялікая краіна. Напрыклад, я з Аўстрыі, я кажу, што наша насельніцтва такое ж, як і ў Аўстрыі. У нас таксама 2 мільёны жывуць у сталіцы. Па плошчы дык мы і больш будзем. У людзей тады ўзнікае здзіўленне – няўжо такая краіна ёсць? Быццам проста цішыня была ў гэтай зоне.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Улад Грынеўскі, racyja.com