Сёння святкуе 50-годдзе паэт, перакладчык, чалавек, чыё імя не патрабуе асаблівай прэзентацыі — Андрэй Хадановіч. «Новаму Часу» ўдалося на некаторы час запыніць паэта ў бясконцым творчым віры яго жыцця, каб зафіксаваць думкі і перажыванні Хадановіча наконт беларушчыны, вайны і цуду творчасці.
— Спадар Андрэй, у леташнім інтэрв’ю вы казалі: «49 — гэта ж не 50, велізарны рубікон не пяройдзены, адчуваеш сябе на апошняй падножцы трамвая». Якія адчуванні напярэдадні гранд-юбілею, ці гатовы ўсё ж перайсці рубікон?
— Ведаеце, за апошні год здарылася столькі, што пра комплексы, звязаныя з узростам, я нават не ўзгадваў. Большую частку часу і энергіі займае думанне пра тое, што робіцца ў Беларусі і з беларусамі, што адбываецца ва Украіне. Непасрэдная блізкасць вайны закранае нас усіх за жывое. На гэтым фоне наракаць, на штосьці скардзіцца няёмка, бо кожны дзень бачу людзей, якім аб’ектыўна горш. Што праўда, з 24 лютага дагэтуль анічога свайго не пішацца. Але ж ёсць магчымасць скіраваць час і энергію на іншае — на што ёсць моцы і што павінен.
Рэгулярна я раблю дзве рэчы. Па-першае, з вясны запісваю літаратурныя відэа, якія выходзяць на YouTube па панядзелках. Цяпер мяне часта прадстаўляюць так — «паэт і літаратурны блогер Хадановіч». На словах «літаратурны блогер» як бы азіраюся, шукаю за спінай іншага чалавека, нейкага літаратурнага блогера (смяецца). Так што засвоіў новую спецыяльнасць.
Я лічу, што ва ўмовах пагрому беларускай культуры мы ўсе ператвараемся ў маленькія інстытуцыі гэтай самай культуры. Таму, не маючы магчымасці выкладаць ва ўніверсітэце ў Мінску, я сам зрабіўся такой вандроўнай навучальнай установай, што прыходзіць да людзей праз гаджэты, праз маніторы.
І другі мой рэгулярны занятак — пераклады ўкраінскай паэзіі на беларускую мову. У гэтым месцы трэба падзякаваць камандзе літаратурнага інтэрнэт-часопіса «Таўбін», якая зрабіла вялікую старонку, прысвечаную салідарнасці з Украінай. Мы з калегамі стараемся адразу ж, калі гэтыя вершы паўстаюць, перакладаць іх і так знаёміць беларусаў з сучаснай украінскай ваеннай паэзіяй — паэзіяй, якая пішацца на фронце, у эміграцыі, у выгнанні… У сітуацыях, калі ідэалогія б’е па людзях, раз’ядноўвае іх, паэзія захоўвае чалавечнасць, яднае, кажа пра любоў у часы нянавісці. Таму шчыры дзякуй кожнай украінскай паэтцы, кожнаму паэту за тое, што яны пішуць, а мы з калегамі стараемся даносіць іх голас, выказванні да беларускіх чытачоў.
— Ці кардынальна змяніўся ваш светапогляд за гэты ваенны год, і калі так, на якія рэчы вы пачалі глядзець прынцыпова інакш?
— Не магу сказаць, што штосьці кардынальна змянілася. Мне заўсёды здавалася, што, паўтараючы класічны афарызм Станіслава Ежы Леца, замест муроў людзі павінны будаваць масты. Але часам здараецца, што масты выбухаюць праз незалежныя ад нас абставіны. І муры часам таксама даводзіцца будаваць, бо гэта пытанне выжывання і ўратавання. Нялёгка прымаць тактыку муроў замест мастоў, але жыццё ўносіць свае карэктывы.
— Вы адзначалі, што ў 2020-м маглі сказаць пра сябе: «Божа мой, нарэшце ты — не адзін з гэтых маргіналаў, якім апошнія 20 гадоў (і нават больш) балела!». Скажыце, ці не вяртаецца да вас апошнім часам вось гэтае адчуванне маргінальнасці ўсяго нацыянальнага, беларускага?
— Хутчэй не. Вядома, ёсць аб’ектыўныя ідэалагічныя сілы, якія працуюць на тое, каб мы лічылі сябе маргіналамі, каб перасварыліся, перасталі разумець адно аднаго. Каб уласнае няшчасце той ці іншай групы людзей засціла разуменне іншага болю, іншых праблем, іншых няшчасцяў. Мы мусім усімі сіламі трымацца разам, не дзяліць адно аднаго, саміх сябе на заходніх і ўсходніх, на так званых свядомых, якія дзесяцігоддзямі знаходзяцца ў ідэйных пошуках, і так званых неверагодных, якія прачнуліся ў 2020-м, на тых, якія не маглі застацца і таму выехалі, і тых, хто знайшоў сілы і матывацыю заставацца ў краіне, нягледзячы на ўсё. Трэба паважаць выбар кожнага.
Трэба разумець, што ўсе мы робім агульную справу — супрацьстаім знішчэнню нас, усяго беларускага, усяго культурнага ў некультурны, агрэсіўны, варожы чалавеку і чалавечнасці час.
Трэба выстаяць, і зрабіць мы гэта мусім разам, нават фізічна знаходзячыся на адлегласці. Тыя, хто апынуўся за мяжой, мусяць павысіць голас так, каб нас было чуваць там, дзе мы ёсць. З разуменнем тых, хто панізіў голас, застаючыся ў Беларусі, фактычна ў культурным падполлі, ва ўнутранай эміграцыі.
Рэха б’е ў краты старыя старыя старыя Нашай і вашай свабоды свабоды свабоды Між гарадамі Марыі Марыі Марыі Зараз і тут і заўсёды заўсёды заўсёды Сэрца замкнёнае ў схове у схове у схове Верне сьвятло і адкрые адкрые адкрые Новае неба Марыі Марыі Марыі Ў дзень перамогі любові любові любові
Нядаўна ў беларускім перакладзе з’явіўся раман «Дарога» Кормака Макарці, сімптаматычна, што выдаў яго Андрэй Янушкевіч, які вымушана з’ехаў і спрабуе адрадзіць беларускую кніжную справу ў выгнанні. Дык вось, «Дарога» — гэта цудоўная постапакаліптычная метафара. Свет навокал руйнуецца і ў значнай частцы сваёй ужо зруйнаваны, але, як казаў у рамане бацька сыну, з якім яны рухаюцца па дарозе, «мы нясём у сабе агонь чалавечнасці». Вельмі пафасныя словы, я б ніколі так не сказаў у мірныя часы, але сёння неяк высокія, пафасныя словы праходзяць праз горла.
— Спадар Андрэй, вы прысвячаеце вялізную частку часу перакладам на беларускую мову. Ці сапраўды ў грамадства ёсць запыт на тое, каб чытаць па-беларуску, ці вы робіце гэтую працу хутчэй таму, што адчуваеце сябе павінным яе рабіць?
— Мне здаецца, што такі запыт ёсць. Адзначу, што сённяшнія агрэсары «рускага свету» робяць такую «рэкламу» ўсяму рускаму, што людзям інстынктыўна хочацца хіснуцца ў іншы бок. Такім чынам яны ствараюць для нас поле зацікаўленасці сваім, беларускім, як бы ад супрацьлеглага, і гэта спрацоўвае. У той жа час усё беларускае ў нашай краіне агрэсіўна вынішчаецца. У людзей паўстае пытанне — чаму гэта вынішчаецца, і што канкрэтна я, незалежна ад мовы, якой яшчэ ўчора карыстаўся, магу зрабіць, каб гэтаму супрацьстаяць?
Вось прывядзём у прыклад Хадановіча, які выхоўваўся ў рускамоўнай сям’і і скончыў рускамоўны філфак БДУ, але пасля 1994 года, пасля ганебнага рэферэндуму, які ўдарыў па беларускай культуры і пачаў яе маргіналізацыю неймавернымі тэмпамі, у мяне з’явілася думка: калі вось я канкрэтна не зраблю чагосьці, каб гэта спыніць, не пераканаю сваіх калег штосьці зрабіць, тады, можа, і ніхто за гэта не возьмецца, а значыць, усё будзе і далей маргіналізавацца і паміраць. Мне здаецца, сённяшні час у гэтым плане яшчэ больш агрэсіўны. Людзі з сумленнем, якія глядзяць на свет і сваё месца ў свеце, мусяць на гэта зважаць.
— Ці стварае беларуская літаратурная супольнасць спрыяльную глебу для развіцця талентаў, альбо хутчэй грае адваротную ролю ў гэтым плане?
— Мы жывём у тым кутку свету, дзе ўсё адбываецца як бы насуперак. Беларуская літаратура — гэта цуд, які адбываецца ў мяне на вачах. Людзі зацікаўліваюцца, абуджаюцца, пачынаюць штосьці рабіць. Творцы знаходзяць унікальны голас, якім гучаць, і гэтага немагчыма не чуць.
Але культура дзесяцігоддзямі не прыносіла дывідэндаў, людзі зараблялі на хлеб іншай дзейнасцю і ў вольны час знаходзілі сілы на тое, каб ствараць нешта выбітнае. Але беларусы навучыліся данаціць, падтрымліваць адно аднаго. Да людзей прыходзіць разуменне, што калі ты канкрэтна не паўдзельнічаеш у выданні той ці іншай кніжкі, значыць, гэтай кніжкі і не будзе, калі ты не падтрымаеш той ці іншы канцэрт, значыць, ён і не адбудзецца. Так з музыкамі, мастакамі, з рок-гуртамі, з фестывалямі… Трэба разумець, што культура — гэта агульны дом, тым больш калі ён трашчыць па ўсіх сценах і швах. Варта падтрымаць людзей, якія побач з намі, і хтосьці побач з намі падтрымае нас.
— З 2022 года вы выкладаеце ў ЕГУ курсы беларускай літаратуры. Распавядзіце, калі ласка, хто прыходзіць да вас у аўдыторыю і як вам студэнцкая публіка?
— Трэба сказаць, калі я пачуў прапанову весці гэтыя курсы, радасна пагадзіўся, бо паспеў засумаваць па жывых слухачах і суразмоўцах. Адна рэч, калі ты з тыдня ў тыдзень глядзіш у камеру і спрабуеш сябе матываваць — там дзесьці абавязкова ёсць людзі, якія гэта глядзяць, якім гэта патрэбна. Але ж усё адно бачыш толькі камеру, не хапае зваротнай сувязі, нейкага энергетычнага падсілкавання. А тут уваходзіш ва аўдыторыю, бачыш сапраўды інтэлігентных, адкрытых, проста па-чалавечы добрых асоб, і гэта натхняе, дае сілы, дапамагае не ўпасці ў дэпрэсію.
Курсы добраахвотныя, факультатыўныя, таму, хто хоча, той прыходзіць. Зразумела, што група невялікая, звычайна збіраюцца чалавек 15. У касмапалітычным ЕГУ, дзе на калідорах можна пачуць англійскую, але часцей за ўсё рускую мову, да Хадановіча запісваліся людзі, якія цікавяцца Беларуссю, нашай культурай і літаратурай — гэта дзяўчаты і хлопцы з добрай беларускай мовай, з нармальным беларускім культурным бэкграўндам, з любімымі аўтарамі, спевакамі і песнямі… Таму выкладанне — суцэльны камфорт і прыемнасць. Тут трэба сказаць дзякуй выкладчыкам ліцэя пры БДУ, бо большасць слухачоў гэтых курсаў — былыя ліцэісты.
— Напярэдадні бягучага навучальнага года з боку студэнтаў ЕГУ гучалі абвінавачванні ў шкоднай моўнай палітыцы беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. Студэнты скардзіліся на тое, што беларускай мове ў навучальнай установе адведзенае занадта сціплае месца, у той час як расійская там квітнее. У адказ адміністрацыя ЕГУ ўвяла факультатыўныя курсы беларускай літаратуры і гісторыі, пра якія мы з вамі размаўляем, але, на думку некаторых студэнтаў, такое вырашэнне пытання было даволі фармальным, бо такім чынам беларуская мова так і застаецца факультатыўнай. Скажыце, як моўнае пытанне ў ЕГУ адчуваецца знутры?
— Пагадзіцеся, калі ўчора не было курсаў беларускай літаратуры, а сёння яны ёсць, апошні чалавек, якому можна прад’яўляць прэтэнзіі — той, хто гэтыя курсы вядзе. Давайце паспрабуем трактаваць гэтыя заняткі па літаратуры і гісторыі як першы і другі крокі на шляху, а таксама выкажам шчырае сардэчнае пажаданне, каб такіх крокаў было нашмат больш.
А яшчэ, каб гэта быў не касметычны, іміджавы захад кшталту «глядзіце, вы нас крытыкуеце, а мы вам Валера Булгакава, галоўнага рэдактара часопіса «ARCHE», і літаратара Андрэя Хадановіча запрасілі выкладаць, дык што ж вы прэтэнзіі прад’яўляеце». Хочацца верыць, што і колькасна такіх заняткаў будзе больш, і хай бы яны цвёрда ўрасталі ў іхную праграму і ператвараліся ў нешта абавязковае, не толькі факультатыўнае. Хоць я са школьных часоў разумеў, што найлепшыя рэчы, якія я атрымаў у жыцці, былі непраграмныя, неабавязковыя. Я заўсёды крыху спачуваў і класікам у школьнай праграме, і дзеткам, якіх з-пад палкі прымушалі штосьці вывучаць, расказваць на памяць. А калі гэта яшчэ суправаджаецца псіхалагічнымі траўмамі, дрэннымі адзнакамі, тады потым усё жыццё будзеш гэта шчыра не любіць.
Але згодны з тым, што ў сітуацыі разгрому ўсяго беларускага ў Беларусі, з папраўкай на тое, што найлепшыя навучальныя ўстановы скампраметаваныя масавымі палітычнымі звальненнямі і супрацоўніцтвам з рэжымам, на гэтым фоне ЕГУ мусіла б быць найлепшай навучальнай установай у выгнанні. І стратэгічна гэтую магчымасць варта было б не правароніць, адчуваць гэты запыт і ўнутрана змяняцца. Давайце палічым гэта нашым з вамі пажаданнем, якое мы дасылаем кіраўніцтву ЕГУ, і хай яно нас пачуе.
— Сапраўды, было б выдатна. Мы размаўляем у дні традыцыйнага фестывалю памяці Міхася Стральцова. Падзяліцеся, калі ласка, як вам фестывальная атмасфера ў гэтым годзе?
— Ужо трэці дзень я хаджу расчулены. Мы ўсе вымушана раз’яднаныя, беларускія літаратары могуць пабачыць адно аднаго, абняцца і паразмаўляць не праз інтэрнэт толькі пры нагодзе розных фестываляў у розных краінах, а Вільня — найбліжэйшае месца, дзе сустракаюцца беларусы з усяго свету, у тым ліку і з самой Беларусі. Мяне прыемна ўразіла колькасць людзей, якія спецыяльна прыехалі ў Вільню з Беларусі, каб паслухаць, паглядзець сімпатычных ім аўтараў і аўтарак. Такія людзі былі, яны падыходзілі і дзякавалі і мне, і маім калегам.
У гэтым годзе праходзіць ужо 11-ты фэст памяці крутога, еўрапейскага, унікальнага аўтара Міхася Стральцова. За гэтае дзесяцігоддзе фэст зрабіўся, магчыма, найбуйнейшай літаратурнай імпрэзай Беларусі. Імпрэзай, дзе збіраюцца не толькі мінскія аўтары, але і творцы з іншых беларускіх гарадоў, з самых розных іншых краін. Да нас актыўна прыязджалі аўтары са Швецыі, Нарвегіі, Польшчы, Нямеччыны, Літвы, Латвіі, Эстоніі… Несумненна, заўсёды любімыя, жаданыя госці з Украіны. Сказаў «жаданыя» і, можа быць, прозвішча самага любімага госця пачулася ў гэтым слове.
Калісьці Сяргей Жадан прэзентаваў кнігу паэзіі ў рамках нашага фестывалю. За год да таго, у 2017-м, Сяргея затрымалі ў Мінску пасярод начы, з гатэля вывезлі ў міліцэйскі пастарунак. Відаць, вінаватыя агульныя спісы расійскіх і беларускіх спецслужбаў. Так што Жадана пратрымалі некалькі гадзін уначы, а потым паставілі штампік пра дэпартацыю і забарону ўезду ў Беларусь. Памятаю, як ускалыхнулася грамадская думка, як ужо ўвечары ў кавярню «Грай» прыйшло ў 10 разоў больш людзей, чым чакалася, бо кожны хацеў выказаць салідарнасць з Жаданам. Падключыліся пэўныя дыпламатычныя інстанцыі, і ўжо ўвечары, падчас выступлення, Сяргей трыўмфальна паказаў скасаваную забарону. Усё гэта засталося ў памяці як прыкры, недарэчны інцыдэнт, але таксама і сігнал за некалькі гадоў да пачатку поўнамаштабнага ўварвання, што сілы зла не дрэмлюць. Тым не менш, праз год пасля затрымання Сяргей Жадан зноў прыехаў у Беларусь на прэзентацыю сваёй кнігі. І сёння, выступаючы на самых розных пляцоўках свету, збіраючы грошы на патрэбы ўкраінскай абароны, ён спявае свой пераклад Лявона Вольскага і нагадвае ўсім, што беларусы — гэта не толькі тыя, пра каго расказвае ўкраінцам ваенная прапаганда, але гэта ў большасці сваёй людзі, якія не хочуць вайны і падтрымліваюць Украіну.
— Спадар Андрэй, працоўных напрамкаў у вас надзвычай шмат, але падзяліцеся, які з гэтых напрамкаў вам самому найбольш даспадобы?
— Зразумела, што самай істотнай і любімай справай для мяне застаецца ўласна пісанне. Гэты цуд, калі з нічога атрымліваецца нешта, а таксама тыя перажыванні, якімі стварэнне тэксту суправаджаецца. Як адзначаў вышэй, пасля 24 лютага тэксты па патрэбах душы не пішуцца.
Карціна свету моцна змянілася і не адпавядае таму, да чаго я быў псіхалагічна гатовы.
Але ж пэўныя дэдлайны, абавязкі ўключаюць нейкія ўнутраныя рэзервы, механізмы, таму што проста няма такой раскошы — магчымасці залегчы ў дэпрэсіі і плакаць.
Разам з сябрамі і паплечнікамі — рэжысёрам Мікалаем Халезіным і кампазітаркай Вольгай Падгайскай — мы прыдумалі і робім адну вельмі важную рэч для сцэнічнай прэм’еры. Гэта будзе опера, новае, сучаснае прачытанне любімай, «залатой» беларускай класікі. Пакуль справа не скончана, думаю, не варта казаць назву твора, які зажыве сваім новым жыццём. Я працую над вершаваным лібрэта і зараз прыблізна на сярэдзіне гэтай працы. Пачынаю працаваць сціснуўшы зубы, часам насуперак поўнай адсутнасці натхнення, але потым паглыбляюся ў гэты дзівосны свет, і раптам штосьці пераключаецца, адчуваеш сябе, як у найлепшыя гады, найлепшыя хвіліны. У галаве кружляюць ідэі, у пераноссі шчыміць ад слёз, згушчаюцца эмоцыі, якія суправаджаюць штосьці сапраўднае, цьмянае, штосьці, што надыходзіць невядома адкуль, і ты мусіш злавіць, не змарнаваць, запісаць.
Спадзяюся, праз некалькі месяцаў мы ўзрадуем беларусаў Беларусі і свету з’яўленнем гэтай рэчы. Не магу казаць пра якасць уласнай працы, але не сумняюся ў геніяльнасці кампазітаркі і рэжысёра, таму скажу, што будзе цікава.
— Спадар Андрэй, ці задаволены вы сабой і асабістымі дасягненнямі ў гэтай першай палове жыцця?
Хай бы яна сапраўды была першай. Часы такія, што ўмовы жыцця ў нас усіх шкодныя. Мы ўсе пераадольваем нейкі стрэс, і стрэс — вельмі слабое слова для апісання гэтых эмоцый. Я бачу свае недахопы. Часам бываю недастаткова дысцыплінаваным і засяроджаным, схільным да пракрастынацыі. Часам я раблю нейкія цікавыя творчыя рэчы толькі дзеля таго, каб у канкрэтную хвіліну не выконваць нейкі іншы абавязак, хоць ён і вельмі важны. Часта нашыя недахопы — другі бок медаля таго, што нам у сабе падабаецца.
Хадановічу-паэту заўсёды падабалася наяўнасць інфантылізму нейкага ў сабе, дзіцячай, наіўнай непасрэднасці ва ўспрыманні свету, бо толькі з гэтага можа паўстаць нейкая сапраўдная паэзія — са здзіўлення ад дотыку да свету.
Я заўсёды казаў, што як творцу мяне болей натхняе радасць і жаданне падзяліцца гэтай радасцю, чым гора і нейкая эмацыянальная рэакцыя на гэтае гора, гэты боль. Магчыма, таму мова сама сабой аднялася ўвосень 2020-га, калі запанавалі рэпрэсіі, і яшчэ мацней тое самае адчулася пасля 24-га лютага. У выніку ты як бы апынаешся негатовым для выпрабавання светам, які выяўляецца нашмат горшым, чым ты маляваў у сваіх уявах пра дваццаць першае стагоддзе, пра сучаснага чалавека, пра чалавечае грамадства, сучасную Еўропу. Усё гэта — цудоўныя казкі, якія мы адно аднаму распавядалі.
А ў свеце, аказваецца, ёсць месца дапатопнаму варварству, нянавісці, жаданню адных знішчыць другіх. І інструментарый Хадановіча аказваецца негатовым да гэтага. Мне часам бывае сорамна за гэтую бездапаможнасць, скажам так. Але адразу прыходзіць і думка, што тыя, хто рэпрэсуе, знішчае, выцясняе за мяжу, тыя, хто ваюе з культурай і самой беларускай мовай у Беларусі — усе яны вельмі парадаваліся б маўчанню і разгубленасці творцаў, таму часам трэба знаходзіць сілы, сціскаць зубы, і рабіць. Як у выпадку з маёй пісанінай апошні год: раптам высвятляецца, што ты сядзіш за сталом гадзінамі, б’ешся галавой аб сценку (і гэта не зусім метафара), і нічога не прыходзіць. А потым пстрыкне штось — і рашэнне ёсць, трапляеш у іншы эмацыйны стан, і тое, што ў цябе дзесяцігоддзямі дзесьці там па звілінах блукала, здабывае форму.
Тыя, што зьнічкамі ў жніўні гарэлі ахвярна, кажуць: нічога ня марна, нічога ня марна, — змроку, што сонцу насуперак слаўся бяздарна, кажуць: нічога ня марна, нічога ня марна. Побач з ільвом пакладзецца рахманая сарна, скажа: нічога ня марна, нічога ня марна, — хіжай гіене, што шчэрыла пашчу бяскарна, скажа: нічога ня марна, нічога ня марна. Толькі калючка і вышка, муры і турма кажуць табе: усё дарма, чалавеча, дарма. Ды над пагаслым пажарам астылая сажа болей нічога ня скажа, нічога ня скажа. То праз пажары і пашчы, калючку й муры — зьнічкаю, сарнай ці сажай, але гавары.
Вяртаючыся да вашага пытання, напэўна, кепскі той чалавек, які цалкам сабой задаволены, гэта была б нейкая праява маразму. Разумееш, што заўсёды можна рабіць болей, лепей, але з гадамі пачынаеш прымаць і тое, што зроблена.