
4 сакавіка Мінскі гарадскі суд вынес вырак музыку, даследчыку, радыёвядоўцу Алегу Хаменку. Яго прызналі вінаватым паводле артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса — «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
У віну Алегу Хаменку паставілі сталую супрацу з рэдакцыяй «Беларускае Радыё Рацыя».
Судовы працэс над Алегам Хаменкам пачаўся 19 лютага 2026 года. За гэты час адбылося некалькі пасяджэнняў. У выніку 4 сакавіка 2026 года Мінскі гарадскі суд агучыў вырак: тры гады пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і буйны штраф — больш за 20 000 рублёў.
Крымінальная справа, як вынікае з таго, што на экспертызу былі адпраўленыя выпускі музычных праграм Хаменкі на «Радыё Рацыя», распачатая менавіта за супрацу з радыёстанцыяй.
Алег Хаменка быў затрыманы ў Мінску ў 17 чэрвеня 2025 года пасля ператрусу ў яго кватэры. Спачатку на падставе адміністрацыйнага абвінавачання яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. А ў першых ліках ліпеня стала вядома, што супраць радыёвядоўцы распачалі крымінальную справу і яго перавялі ў следчы ізалятар № 1 у Калядзічах.
9 ліпеня 2025 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Алега Хаменку палітычным вязнем.
Музыка, выкладчык, кампазітар, прадзюсар і радыёвядоўца Алег Хаменка вядомы як прамоўтар беларускай музыкі праз радыё. Ён стваральнік фолк-мадэрну — новага кірунку ў сучаснай беларускай музыцы, лідар папулярнага гурта «Палац».
Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. У 1992 годзе стварыў гурт «Палац», з якім запісаў шэсць студыйных альбомаў.
У 2008 скончыў аспірантуру БДУКіМ па спецыяльнасці культуралогія. Працаваў старэйшым выкладчыкам кафедры «Рэжысура эстрады» БДУКіМ.
У 2008‑м браў удзел у нацыянальным адборы на «Еўрабачанне» з песняй «Кола грукатала». У 2009 годзе стварыў фестываль «Bela music», які праходзіў на аэрадроме «Баравая». Пасля 2020 года «Палац» застаўся ў краіне і часам выступаў.
У нулявых стварыў і вёў праграму «Брама існасьці» на «Аўтарадыё», з канца нулявых стала супрацоўнічаў з «Радыё Рацыя». Ягоныя музычныя праграмы «Тузін гітоў» і «Фольк-брама» выходзілі ў эфіры шмат гадоў да самага затрымання.
«Беларускае Радыё Рацыя» — радыёстанцыя, якая кругласуткава вяшчае на беларускай мове на тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Літвы на частаце FM і ў інтэрнэце. Падае інфармацыю пра грамадска-палітычныя, эканамічныя і культурныя падзеі ў Беларусі і свеце. Рэдакцыя медыя з 1999 года месціцца ў Беластоку (Польшча).
З верасня 2021 года доступ да сайта радыёстанцыі наведнікам з Беларусі быў заблакаваны на загад Міністэрства інфармацыі. 16 студзеня 2024 года рашэннем КДБ «Беларускае Радыё Рацыя» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем».
Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, асобы, прызнаныя ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» (артыкул 361–1 КК) ці за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361–4 КК). Санкцыі паводле гэтых артыкулаў — да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Алег Хаменка — музыка, радыёвядучы, выкладчык, кампазітар, прадзюсар, стваральнік фолк-мадэрну — новага кірунку ў сучаснай беларускай музыцы, лідар папулярнага гурта «Палац».
Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. У 1992 годзе стварыў гурт «Палац», з якім запісаў шэсць студыйных альбомаў.
У 2008 скончыў аспірантуру БДУКіМ па спецыяльнасці культуралогія. Працаваў старэйшым выкладчыкам кафедры «Рэжысура эстрады» БДУКіМ.
У 2009 годзе стварыў фестываль «Bela music», які праходзіў на аэрадроме «Баравая».
У 2008‑м браў удзел у нацыянальным адборы на «Еўрабачанне» з песняй «Кола грукатала».
Пасля 2020 года «Палац» застаўся ў краіне і часам выступаў.
