«Дзякуй за тое, што вы ў нас былі»: чалавек і палітык Аляксандр Мілінкевіч ва ўспамінах тых, хто яго ведаў

Аляксандр Мілінкевіч. Фота: Белсат

11 жніўня не стала Аляксандра Мілінкевіча – адзінага кандыдата дэмакратычных сілаў на выбарах 2006 года, лідара «Васільковай рэвалюцыі», лаўрэата прэміі імя Сахарава, гарадзенскага фізіка, які стаў палітыкам агульнаеўрапейскага маштабу. «Белсат» сабраў успаміны тых, хто ішоў побач з ім гадамі, і тых, каму ён проста дапамог у патрэбны момант, – пра чалавека, лідара і Беларусь, якую ён так і не паспеў пабачыць.

ЧАЛАВЕК. «Ён нас выслухаў!»

Словы, якімі беларусы згадваюць сёння Аляксандра Мілінкевіча, розныя, але амаль усе яны пра адно: пра ягонае ўменне слухаць. Мабыць, найлепш гэта відаць у гісторыі, якую расказаў у «Фэйсбуку» палітык і былы палітвязень Павел Севярынец. Пачатак 2006 года, Малое Сітна, дзе ён, адбываючы «хімію», валіў лес, і туды цэлым картэжам прыязджае адзіны кандыдат ад апазіцыі.

«І вось я прадстаўляю Мілінкевіча – з адчуваннем бездані пад нагамі: як ён, інтэлектуал, паліглот, “заходнік”, будзе гаманіць з вяскоўцамі ды лесавікамі з глыбінкі, на самай мяжы з Расеяй. А Мілінкевіч прапанаваў выказацца людзям – і проста слухае. Паўгадзіны. Гадзіну. Дзьве. Правал, думаю. Капец. Нічога не гаворыць. Ніякай праграмнай прамовы. Слухае і слухае, зрэдку ківае. Як я ўсё гэта патлумачу мужыкам пасля ягонага ад’езду – не ўяўляю».

Картэж знік у лясах, і Севярынец вярнуўся на эстакаду з «халадком пад уздыхам». А там яго чакала «гурма захопленых маіх сіценцаў»:

«Паша, які чалавек!.. Вось гэта моц! Вось такога ў прэзідэнты!..» – А я ў шоку: – «Э-эээ… што вам спадабалася? Ён жа… нічога не казаў». – «Паш!.. ЁН НАС ВЫСЛУХАЎ!»

Сын свайго бацькі

Уменне чуць іншага прыйшло не з палітыкі – яно было закладзена бацькам. Як згадвае ў размове з «Белсатам» літаратуранзнаўца, журналіст і грамадскі дзеяч Аляксандр Фядута, іхнае знаёмства пачалося з бацькі Мілінкевіча: Уладзімір Іванавіч Баран быў настаўнікам геаграфіі ў мамы Фядуты, а таксама «легендай гарадзенскай педагогікі». Калі Фядута пачаў выдаваць біяграфічны альманах «Асоба і час», нарыс пра Барана трапіў у першы выпуск – а на прэзентацыю ён запрасіў ужо славутага на той час кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча.

«І вось прыходзіць чалавек, інтэлігентнасць якога сапраўдная. Бо ён не кажа пра сябе, ён кажа пра бацьку. І ў гэтых словах ягоных было столькі цеплыні сынавай, і столькі было сапраўднай любові да бацькі, павагі да яго, што, я думаю, усе, хто прысутнічаў, зразумелі, якога бацька выгадаваў сына, сапраўднага сына», – кажа Фядута.

«Эталон беларушчыны»

Гэтая інтэлігентнасць, паводле яго, і была галоўнай рысай Мілінкевіча – тым, што ён захоўваў у любой размове, нават з тымі, хто быў сярод ягоных апанентаў.

Сын свайго бацькі

Уменне чуць іншага прыйшло не з палітыкі – яно было закладзена бацькам. Як згадвае ў размове з «Белсатам» літаратуранзнаўца, журналіст і грамадскі дзеяч Аляксандр Фядута, іхнае знаёмства пачалося з бацькі Мілінкевіча: Уладзімір Іванавіч Баран быў настаўнікам геаграфіі ў мамы Фядуты, а таксама «легендай гарадзенскай педагогікі». Калі Фядута пачаў выдаваць біяграфічны альманах «Асоба і час», нарыс пра Барана трапіў у першы выпуск – а на прэзентацыю ён запрасіў ужо славутага на той час кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча.

«І вось прыходзіць чалавек, інтэлігентнасць якога сапраўдная. Бо ён не кажа пра сябе, ён кажа пра бацьку. І ў гэтых словах ягоных было столькі цеплыні сынавай, і столькі было сапраўднай любові да бацькі, павагі да яго, што, я думаю, усе, хто прысутнічаў, зразумелі, якога бацька выгадаваў сына, сапраўднага сына», – кажа Фядута.

«Эталон беларушчыны»

Гэтая інтэлігентнасць, паводле яго, і была галоўнай рысай Мілінкевіча – тым, што ён захоўваў у любой размове, нават з тымі, хто быў сярод ягоных апанентаў.

«Калі я ўспамінаю зараз Аляксандра Уладзіміравіча – а яго сыход для мяне, як для былога гарадзенца, гэта яшчэ і асабісты боль, – я ўспамінаю ягоныя добрыя вочы, я ўспамінаю ягоныя інтэлігентныя ў адносінах да ўсіх, нават да апанентаў, паводзіны. І я разумею, што, мажліва, вось гэта і ёсць у пэўным сэнсе эталон беларушчыны. Сапраўднай беларушчыны. Той, да якой мы ўсе імкнёмся», – кажа пісьменнік.

Пры гэтым Фядута не робіць з Мілінкевіча іконы, бо той «умеў быць вельмі жорсткім і не заўсёды справядлівым у сваіх ацэнках, таму што ён, як усялякі чалавек, меў права на памылку». Але «ён знаходзіў у сабе моц пасля прызнацца ў гэтай памылцы і паразмаўляць з чалавекам».

Аляксандр Мілінкевіч. Фота: Белсат

Спакой, уважлівасць і цвёрдасць

Такім жа яго запомнілі і іншыя. «Аляксандр Мілінкевіч быў увасабленнем спакою, уважлівасці, інтэлігентнасці і цвёрдасці. І ў прыватнай размове на побытавыя тэмы, і ў лёсавызначальнай дыскусіі ён умеў праявіць павагу да суразмоўцы. Шчыры, адказны, разумны чалавек, з якога хацелася браць прыклад», – піша журналіст Яраслаў Сцешык.

А паэт Андрэй Хадановіч узгадвае 2006 год, як выйшаў падтрымаць Мілінкевіча:

«Першы беларускі палітык, за якога я галасаваў, якога падтрымліваў, стаяў тры дні на “Плошчы Каліноўскага” – і ні разу пра гэта не пашкадаваў. Аляксандр Мілінкевіч. Высокі ўзор прыстойнасьці, чалавечнасьці і мудрасьці».

«Рабі што можаш сам»

За гэтым спакоем стаяў просты жыццёвы прынцып, які добра запомніла мастачка Воля Кузьміч. На пачатку 2006 года, падчас адной з напружаных сустрэч штабу, Мілінкевіч перадаў ёй пад сталом цыдулку: «Рабі што можаш сама, не чакаючы ўхвалы і дазволу іншых». Парада тычылася бягучых справаў, але засталася з ёй назаўсёды.

«Мне здаецца, менавіта такім прынцыпам – “Рабі, што можаш сам” – Аляксандр Мілінкевіч і кіраваўся: годна ішоў праз усё жыццё, трымаючыся сваіх прынцыпаў і спадзеючыся на ўласныя сілы. Неверагодна балюча страціць такога чалавека і арыенціра», – піша Кузьміч.

«Паверыў у мяне крыху раней, чым я сама»

Іншым ён гэтых сілаў дадаваў. Настаўніца краязнаўства Вольга Фаніна ўзгадвае, як у 2022 годзе сумнявалася ў сабе і не магла выбраць паміж дзвюма ўніверсітэцкімі праграмамі. Пераканаў яе ўзяцца за абедзве менавіта Мілінкевіч – і потым пры кожнай сустрэчы паўтараў: «Вам трэба рухацца далей».

«Нядаўна я ўпершыню выступіла на навуковай канферэнцыі за мяжой і ў той момант успомніла яго, чалавека, які калісьці проста паверыў у мяне крыху раней, чым я сама», – згадвае яна.

Такіх гісторый – шмат. Прапаведнік Сяргей Мельянец расказвае, як Мілінкевіч напісаў хадайніцтва пра ягоную сям’ю польскім уладам: «Словы на гэтым лісце паперы кранулі маё сэрца». А пісьменніца Ганна Севярынец дзякуе яму «за спагаду, за ўвагу да маіх дачок і іхных цяжкасцяў, за вашую спакойную чалавечую годнасць».

Аляксандр Мілінкевіч у Берліне. 7 красавіка 2006 года. Фота: Carsten Koall/Getty Images

ПАЛІТЫК І ЛІДАР. Адказнасць перад продкамі

Ва ўласнай сям’і Мілінкевіча палітыка пачыналася задоўга да яго: продкі бралі ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў і былі рэпрэсаваныя. Журналіст Вітаўт Сіўчык прыгадаў ягоныя словы з праграмы «Бязвіз» – пра тое, адкуль у ім змаганне.

«Не было б паўстаньняў, я шчыра скажу, я б ня быў такім чалавекам, які адстойвае правы чалавека, салідарнасьць, эўрапейскі выбар. Мае продкі былі ў паўстаньні – прадзед і прапрадзед. І ў мяне такое пачуцьцё, што я перад ім адказны, а ня толькі перад тымі, хто прыйдзе пасьля мяне».

«Ён умеў дэлегаваць паўнамоцтвы»

Тое ўменне слухаць, якое так уразіла мужыкоў у Малым Сітне, зрабілася і ягоным стылем кіравання. Старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч працаваў побач з Мілінкевічам дзесяць гадоў, а ў 2006-м кіраваў ягоным Берасцейскім абласным штабам – і кажа, што галоўнае ў ім было менавіта гэта.

«Я скажу, што самае галоўнае: ён умеў дэлегаваць паўнамоцтвы. У нас звычайны працоўны дзень не праходзіў у рамках нейкіх жорсткіх планёрак альбо загадаў, якія паступалі толькі з аднаго цэнтра. Аляксандр Мілінкевіч праяўляў увагу да меркавання кожнага ўдзельніка каманды. Не было так, што ён прыходзіў з ужо прынятымі рашэннямі і ставіў задачы для выканання», – кажа Губарэвіч у размове з «Белсатам».

Тыя гады – гэта дзясяткі гадзін у машыне і тысячы кіламетраў: Мілінкевіч імкнуўся наведаць нават невялічкія гарады, адкуль быў запыт. Улада перашкаджала як магла – затрымлівала аўтамабілі падчас руху, праколвала шыны. Аднойчы пасля начлегу ў родных для Мілінкевіча Берштах у некалькіх машын на прыватным падворку раніцай былі прабітыя ўсе колы. «Ну, гэта не дапамагала, ён быў заўсёды энтузіястам і не складаў рукі. І калі ведаў, што яго чакаюць людзі, то знаходзіў любыя спосабы, каб даехаць», – узгадвае Губарэвіч.

Тыя ж Бершты засталіся ў памяці суразмоўцы і як месца, куды актывісты Руху з’язджаліся вялікімі кампаніямі і дзе спадар Аляксандр знаходзіў добрае слова для кожнага.

«Гэта натхняла людзей, бо яны бачылі ў ім сапраўднага лідара, прадстаўніка сваіх інтарэсаў, чалавека, які заўсёды гатовы выслухаць, чалавека, з якім можна заўсёды параіцца, які не гне сваю нейкую жорсткую лінію, незразумелую іншым… Таму гэта было такое сапраўднае народнае лідарства, падмацаванае падтрымкай людзей», – кажа старшыня руху «За свабоду».

Cакратарка Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Паліна Прысмакова ўручае медаль «100 год БНР» Аляксандру Мілінкевічу. Фота: Белсат

Палітык, за якога не было сорамна

За межамі Беларусі гэты стыль працаваў гэтак жа. Палітолаг Алесь Лагвінец дзеля збору подпісаў за Мілінкевіча скараціў сваё знаходжанне ў ЗША, а з 2007 па 2016 год быў ягоным дарадцам і намеснікам – і перакладаў на французскую ягоную прамову ў Еўрапарламенце падчас уручэння прэміі імя Сахарава.

«Але хачу сказаць такую рэч, што, параўноўваючы з іншымі, практычна не было ніводнага моманту, калі б за яго было сорамна. Калі б ён штосьці не так сказаў… Вось ягоная гэтая адкрытасць, чалавечнасць, яна сапраўды растоплівала любы лёд. Ён доўгі час паказваў і беларусам, і нашым еўрапейскім партнёрам, што Беларусь можа быць іншай і што беларусы – еўрапейскі народ. Што нашы карані і наша будучыня ў Еўропе. І ён шмат што дзеля гэтага зрабіў», – кажа паплечнік палітыка ў каментары для «Белсату».

Умеў будаваць масты, а не спальваць

Была ў ім і рыса, якой беларускай палітыцы часта не хапае, лічыць Лагвінец.

«У палітыцы важна трымацца пэўных стандартаў. Аляксандр Мілінкевіч трымаўся вельмі высокіх стандартаў, і ён увасабляў найлепшае, што можа быць ад беларусаў, ён умеў будаваць масты, не спальваць», – адзначае ён.

Тэмпераменты ў іх былі розныя: Алесь Лагвінец часам прапаноўваў больш рэзкія крокі. Але ўражвала іншае: стрыманасць Мілінкевіча «і ў той жа час моцная вера і перакананасць, што можна дасягаць мэтаў больш памяркоўнымі, стрыманымі крокамі». 

Той жа веры ён трымаўся і ва ўнутрыбеларускіх справах, спрабуючы знайсці паразуменне ў тым ліку з уладамі, дадае Губарэвіч: «Аляксандр Мілінкевіч разумеў, што лепш дамаўляцца і спрабаваць нешта змяняць, чым канфрантаваць і канфліктаваць унутры Беларусі. Ну, была [для гэтага] патрэбная, канечне, і гатовасць з боку рэжыму рабіць рэальныя, а не дэкларатыўныя крокі».

Аляксандр Мілінкевіч. Фота: Карына Пашко / Белсат

Месца ў гісторыі

Тое, што ў 2006-м дэмсілы ўпершыню знайшлі агульнага кандыдата, Аляксандр Фядута лічыць падзеяй, вартай асобнага радка ў падручніках.

«Чалавек, які ў пачэснай канкурэнцыі атрымаў статус адзінага кандыдата дэмакратычных сілаў не таму, што ішоў ціск з боку, як было ў 2001 годзе, а таму, што за яго прагаласавалі людзі вельмі розных поглядаў, – гэта гістарычная постаць», – мяркуе суразмоўца.

Губарэвіч жа звяртае ўвагу на тое, што цяжэй улічыць, але лёгка адчуць: на ўнёсак Мілінкевіча ў палітычную культуру Беларусі.

«Няшмат было і ёсць такіх людзей, якія ўспрымаюцца грамадствам як чалавек з ідэяй, чалавек з амбіцыямі на перамены, а не на персанальную ролю ў гісторыі», – кажа ён. У побыце беларусы часам кажуць: вось, маўляў, чарговы палітык хоча дарвацца да ўлады дзеля ўласных інтарэсаў. Аляксандра Мілінкевіча, адзначае Губарэвіч, «такім ніколі не ўспрымалі».

Аляксандр Мілінкевіч і Святлана Ціханоўская. Фота: tsikhanouskaya / Telegram

«Мы б жылі ў зусім іншай краіне»

Пытанне, якое сёння, напэўна, задаюць сабе многія: а што было б, калі б у 2006-м галасы лічылі сумленна? Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, які называе Мілінкевіча «глыбай» і «палітыкам агульнаеўрапейскага маштабу», адказвае на яго без ваганняў.

«І калі б ён стаў прэзідэнтам Беларусі, мы б жылі ў зусім іншай краіне: вольнай, незалежнай, еўрапейскай, заможнай, і магло б усё скласціся зусім інакш. Ён умеў натхняць, паказваць шлях. Ягонай мудрасці, вопыту нам будзе вельмі-вельмі не хапаць. Будзе не хапаць усім беларусам і Беларусі. Вельмі шкадую, што ён не дачакаўся нашай агульнай з вамі перамогі», – кажа Вячорка.

Пра тое ж самае кажа і Аляксандр Фядута: «Мне шкада, што гэты чалавек у 2006 годзе не быў абраны. Таму што, магчыма, мы б атрымалі тую высокую планку, да якой імкнуліся б зараз усе беларускія палітыкі». Тое, што рабіў Аляксандр Мілінкевіч, на думку Фядуты, гэта спроба сапраўды аб’яднаць усе дэмакратычныя плыні, якія існавалі на той момант у Беларусі. «На жаль, гэта не заўжды атрымлівалася, але не з ягонай віны. Як пісаў Андрэй Вазнясенскі ў сваёй оперы “Юнона і Авось”: “За попытку – спасибо”. Вось дзякуй, Аляксандр Уладзіміравіч, за тое, што вы ў нас былі», – падсумоўвае суразмоўца.

«Каб перамагчы цемру»

Вольнай Беларусі, дзеля якой ён працаваў, Аляксандр Мілінкевіч так і не паспеў пабачыць. Не паспеў пабачыць і роднай Горадні, і Берштаў, дзе стаіць бацькоўская хата. У студзені 2022 года ён падпісаў здымкі, зробленыя з яе вокнаў, – і гэта, бадай, найлепшае, што можна сказаць пра чалавека, які ўсё жыццё быў упэўнены: святло абавязкова вяртаецца.

«Радзіма Продкаў з вакна хаты ў Берштах. Жывы абраз, кожны раз непаўторны. Прырода забірае на ноч свае колеры і адсылае іх у сон. Толькі чырвоны, гарачы, імпульсіўны супраціўляецца да апошняга. Ён і на світанку з’явіцца першым, каб перамагчы цемру».

Раман Шавель, belsat.eu