
8 жніўня ў Кнаразах адбудзецца традыцыйная «Перапяліца» — свята, прысвечанае заканчэнню жніва і старадаўнім беларускім звычаям.
Суарганізатар мерапрыемства, супрацоўніца Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Інэса Гапанюк запрашае далучыцца да абраду, падчас якога можна будзе пабачыць жніво сярпом і касой, прайсці святочным шэсцем на поле, упрыгожыць Перапяліцу і паслухаць жніўныя песні.
– Пачнецца карагодам па вёсцы. А пасля карагоду пойдзем супольна на поле і будзем рабіць Перапяліцу. Перапяліца – гэта апошняе калоссе, якое застаецца пасля жніва. Яно збіраецца ў такі домік. Мая бабуля яшчэ ведае, што такое Перапяліца.
Пасля абраду ў Кнаразах працягнецца святочная праграма: выступы гуртоў Żemerwa, Jaryna і Łuna, дзіцячыя забавы, катанне на брычцы, конкурс жніўных букетаў, рэгіянальныя пачастункі і вечаровыя танцы.
Пачатак свята: 8 жніўня а 14-й гадзіне на пляцоўцы перад вясковай святліцай у Кнаразах.


