«Яны могуць мяне хоць чвартаваць завочна, мне ад гэтага ні халодна, ні горача». Кацярына Ваданосава пра завочны суд

Вядучую відэапраекта «Трызуб і Пагоня» на ютуб-канале «Будзьма беларусамі» Кацярыну Ваданосаву збіраюцца судзіць завочна. У дачыненні да яе ў Беларусі распачалі спецыяльную вытворчасць. Ёй інкрымінуюць ч. 3 арт. 130-1 КК (рэабілітацыя нацызму) і ч. 1 арт. 130-2 КК (апраўданне генацыду беларускага народа), паведамляе ПЦ «Вясна».

Тэлевядучую запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Першамайскі РУУС Мінска.

Нагадаем, яшчэ ў сакавіку 2026 года Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу супраць Кацярыны Ваданосавай за нібыта «рэабілітацыю нацызму» на YouTube.

Нагодай тады стала відэа пад назвай «Галоўны міф Другой сусветнай — забойства гаўляйтара Вільгельма Кубэ. Што не так?», якое выйшла ў межах праекта «Трызуб і Пагоня» на ютуб-канале «Будзьма беларусамі».

Паводле Следчага камітэта, Кацярына «ў змове з экстрэмісцкімі фармаваннямі» сістэматычна публікуе на YouTube матэрыялы, нібыта накіраваныя на «рэабілітацыю нацызму».

У каментары для партала «Будзьма беларусамі!» Кацярына Ваданосава кажа, што для яе ў гэтым нічога нечаканага не было:

«Для мяне гэта не стала нечаканасцю. Адбылася настолькі моцная дэвальвацыя пачуццяў у дачыненні да ўсіх гэтых выракаў, прызнанняў, нейкіх спецвытворчасцяў, вышукаў, што яно ўсё ўспрымаецца як нейкая частка руціны. Не ведаю, добра гэта ці кепска. То бок асабліва я не перажывала на гэты конт. Ды і няма часу думаць пра гэта ўсё па шчырасці.

Насамрэч у сакавіку месяцы было вельмі цяжка гэта прыняць, — прызнаецца Кацярына, — бо я не прымаю гэтых абвінавачванняў, таму што гэта няпраўда. Яны не столькі мяне абразілі, колькі сябе. І было цяжка прыняць, што людзі, якія па сутнасці, напэўна, у лепшай нейкай краіне ў лепшыя часы мусяць служыць праўдзе і справядлівасці, робяць такія рэчы. У сакавіку гэта было цяжка, а зараз, напэўна, не, таму што гэта было пытанне часу.

Калі будзе вырак, яны могуць мяне хоць чвартаваць і калесаваць завочна, мне ад гэтага па шчырасці ні халодна, ні горача. Эмацыйна я ўжо перагарэла.

Я вось сёння хацела фотачкі новага гарсэта, які толькі што пашыла і вышыла, выкласці. Таксама сёння ў друк пайшоў мой другі зборнік вершаў. Мяне зараз гэта больш турбуе, чым целарухі гэтых людзей на службе».

Зборнік вершаў Кацярыны Ваданосавай «Рэха дому» неўзабаве пабачыць свет у выдавецтве «Камунікат». Аўтарка паведаміла, што будзе рыхтаваць прэзентацыі кнігі ў розных гарадах.

Кніга “Рэха дому”. Фота з Фэйсбука Кацярыны Ваданосавай

Кацярына Ваданосава — беларуская тэлевядучая, спявачка, рэканструктарка гістарычных строяў, гісторык па адукацыі. Праз палітычны пераслед вымушана з’ехала з Беларусі, цяпер жыве ў Польшчы.

budzma.org