Яшчэ ўвесну палітык, пісьменнік, публіцыст і былы палітвязень Павел Севярынец прэзентаваў сваю напісаную за кратамі кнігу вершаў «Беларусь — гэта святое», а ў кастрычніку справа дайшла да цалкам новага выдання — аўтарскага зборніка квізаў «Соль зямлі».
З яе прэзентацыяй Севярынец адправіўся ў літаратурны тур па дзясятку гарадоў Польшчы. Адпраўной кропкай стала сустрэча ў варшаўскім «Моладзевым хабе», дзе пісьменнік не толькі прадставіў свой новы твор, але правёў з гасцямі бадзёрую віктарыну і адказаў на пытанні.
Журналіст культурна-асветніцкага партала «Будзьма беларусамі!» распавядае пра самае цікавае, што казаў Павел Севярынец падчас прэзентацыі.

Як стваралася «Соль зямлі», пра што яна і якая ў яе місія
— «Соль зямлі» пачала стварацца ў ліпені 2020 года, калі я сядзеў на Акрэсціна ў карцары памерам тры на два метры. Гэта была бетонная скрыня, дзе я правёў два з паловай месяцы.
Турма — такое месца, дзе застаешся сам-насам з Богам і Беларуссю. Калі ты знаходзішся ў такіх умовах, усё, што перажыў за гады на волі, пачынаеш асэнсоўваць па-асабліваму. Вельмі востра ўспрымаеш кожную навіну і кожны факт пра сваю краіну. Пачынаеш перапрацоўваць іх у пэўныя формулы, у своеасаблівыя крышталі ведаў.
Так, у карцары, падчас бясконцых дзён і начэй, калі я праходжваў па трыццаць кіламетраў туды-назад у сваёй пяціметровай камеры, я фармуляваў пытанні для віктарын. Пазней перадаваў іх на волю ў лістах да сына і родных. Часам рабіў гэта ў жартаўлівай форме. Нешта запамінаў, нешта дапрацоўваў пасля вызвалення. І праз пяць гадоў атрымалася гэтая кніга.
У ёй дванаццаць віктарын, па 33 пытанні ў кожнай. Лічбы невыпадковыя: дванаццаць сімвалізуе Божую паўнату, а 33 — узрост Ісуса Хрыста, калі ён прыняў смерць на крыжы і ўваскрос.

У цэнтры кнігі — Беларусь, Бог і чалавек. Тут сабрана тое, што павінен ведаць адукаваны беларус пра сусветную культуру, навуку, кіно, спорт, музыку, архітэктуру, геаграфію, палітыку, гаспадарку і Біблію.
Але «Соль зямлі» — гэта не проста зборнік пытанняў і адказаў. Мне хацелася б, каб кніга дапамагала беларусам адкрываць сваю краіну, захапляцца ёю і адчуваць уласную прыналежнасць да беларускай культуры.
Я хачу, каб знаёмства з гэтымі віктарынамі не заканчвалася тым, што чалавек даведаўся правільны адказ. Каб пасля чытання ён задаў сабе два пытанні: «Ці я добры беларус? Ці я добры чалавек?».

Як паўстаў праект «Шоу беларушчыны» ў партыі БНФ і пра што ён быў
— Кніга працягвае справу, якой мы займаліся яшчэ ў «Маладым фронце». Каля трыццаці гадоў таму мы пачыналі рух, і тады з’явілася ініцыятыва «Шоу беларушчыны».
Мы разумелі, што прыйшла незалежная Беларусь, а беларускую культуру і гісторыю трэба паказваць як нешта захапляльнае, здольнае пераўтвараць чалавека. Дзяржаўных і нават грамадскіх асветніцкіх ініцыятываў для гэтага часта не хапала.
Таму маладафронтаўцы бралі віктарыны, якія мы часам складалі разам, і ішлі ў школы.
У 1997–1998 гадах яшчэ можна было выступаць у беларускіх класах. Мы правялі тысячы сустрэч у дзясятках гарадоў Беларусі. Гэта быў шырокі рух, які дапамог выхаваць цэлае пакаленне беларусаў.
Многія людзі, што прайшлі праз «Шоу беларушчыны», выйшлі на вуліцы ў 2020 годзе. Гэта не выпадковасць. Мы тады распрацавалі пэўную тэхналогію асветы і адукацыі, якая мае чатыры складнікі.
Першы — эмацыйны. Чалавек бачыць бел-чырвона-белыя сцягі і раптам адчувае: «Гэта ж Беларусь! А я беларус!».
Другі — інфармацыйны. Пасля эмацыйнага адкрыцця ён пачынае шукаць веды пра сваю краіну, яе гісторыю і культуру.
Трэці — камунікацыйны. Калі чалавек даведваецца нешта цікавае, яму хочацца падзяліцца гэтым з іншымі, расказаць сябрам і аднакласнікам пра беларускіх дзеячаў, гісторыю і культуру. Ён шукае аднадумцаў, далучаецца да супольнасцяў і рухаў.
Чацвёрты — інтэрактыўны. Чалавек сам пачынае дзейнічаць, перадаваць веды іншым, натхняць іх і ствараць новыя магчымасці для беларускай культуры.
У 2020 годзе эмацыйны этап прайшлі мільёны беларусаў. Людзі нібыта прачнуліся і сказалі: «Мы толькі цяпер зразумелі, што нешта ёсць». Цяпер мы знаходзімся на інфармацыйным этапе, калі з’яўляюцца розныя інтэрнэт-ініцыятывы, квізы і асветніцкія праекты.
«Соль зямлі» — адзін з такіх праектаў. Гэта невялікі вугольчык у вялікім феерверку беларускага адраджэння, які павінен дапамагаць людзям прыходзіць да Беларусі, веры, мовы і дзеяння.
Пра брытанскія фрэгаты і беларускае вымярэнне засваення космасу
— У кнізе каля 400 пытанняў і адказаў. Яны датычацца і сусветнай культуры, і навукі, і гісторыі, і выбітных хрысціянаў. Але ў кожнай тэме ёсць беларускія прыклады, якія дазваляюць зірнуць на нашу краіну па-новаму.
Напрыклад, мы можам паглядзець фільмы «Піраты Карыбскага мора» і нават не падумаць, што за брытанскімі фрэгатамі XVII–XVIII стагоддзяў стаяла беларуская гаспадарка.
Беларусь была багатая на карабельную драўніну. Высокія і роўныя хвоі з нашых лясоў сплаўлялі па Дняпры, Нёмане і іншых рэках, а потым прадавалі за мяжу. Магнацкія роды, у тым ліку Радзівілы, Сапегі і іншыя, багацелі на гандлі драўнінай.
Але не толькі дрэвы ішлі на экспарт. З беларускага лёну выраблялі ветразі, з канопляў — вяроўкі і карабельныя снасці. Беларускую смалу выкарыстоўвалі для апрацоўкі драўніны і абароны караблёў ад вады. З Беларусі вывозілі паташ, патрэбны для вытворчасці шкла, а таксама воск, з якога рабілі свечкі. На караблях выкарыстоўвалі і шкло, вырабленае на беларускіх гутах.
Таму калі вы наступным разам будзеце глядзець «Піратаў Карыбскага мора», можаце паказаць дзецям на карабель і сказаць: «А вось тут ёсць і Беларусь».

Іншая тэма — засваенне космасу. Мы часта ўспрымаем касманаўтыку як гісторыю Расіі, Савецкага Саюза ці ЗША. Але, калі прыгледзецца да біяграфій людзей, якія стварылі яе тэхналагічную і тэарэтычную аснову, беларускі след становіцца вельмі выразным.
Казімір Семяновіч, шляхціч з Віцебшчыны, у XVII стагоддзі распрацаваў ідэі шматступеньчатых ракет. Ягоная кніга «Вялікае мастацтва артылерыі», выдадзеная ў Амстэрдаме ў 1650 годзе, стала важным этапам у развіцці ракетнай тэхнікі.
Барыс Кіт, беларускі навуковец, які большую частку жыцця пражыў у ЗША, працаваў над ракетным палівам для амерыканскай касмічнай праграмы. Ён зрабіў істотны ўнёсак у развіццё амерыканскай астранаўтыкі.
З ім звязаны і Сямён Косберг, ураджэнец Слуцка, які распрацоўваў рухавікі для касмічнага карабля «Усход». Калі падчас палёту Юрыя Гагарына спрацавала трэцяя ступень ракеты, касманаўт нібыта вымавіў: «Косберг спрацаваў». Гэтая гісторыя добра паказвае, наколькі важнымі былі беларускія інжынеры ў касмічнай праграме.
Нельга забываць і Канстанціна Цыялкоўскага, які тэарэтычна абгрунтаваў магчымасць касмічных палётаў, і Сяргея Каралёва, галоўнага канструктара савецкай касмічнай праграмы, чый бацька нарадзіўся ў Магілёве.
У гэтым кантэксце я згадваю таксама Юрыя Гагарына, Валянціну Церашкову і іншых людзей, чые біяграфіі, паходжанне або культурнае асяроддзе звязаныя з Беларуссю.
Я не сцвярджаю, што ўсе гэтыя людзі адназначна ідэнтыфікавалі сябе беларусамі. Але я хачу, каб мы даследавалі іхнія карані, вывучалі гістарычны кантэкст і не аддавалі аўтаматычна суседзям усё, што мае дачыненне да нашай гісторыі.
Такіх тэм — сотні і нават тысячы.
Беларусь трэба адкрываць зноў. І нам, беларусам, не трэба саромецца казаць іншым народам: «Так, гэта таксама нашы людзі. Магчыма, яны людзі свету, але ў іхніх біяграфіях ёсць беларускі след».
Выданне новых кніг і літаратурны тур па Польшчы
— «Соль зямлі» — не адзіная кніга, якую я напісаў у зняволенні. Вясной выйшла кніга «Беларусь — гэта святое». Яна таксама нарадзілася ў турме.

Цяпер я хачу выдаць і іншыя кнігі, матэрыялы для якіх былі падрыхтаваныя ў турме. Сярод іх — працы пра беларускія гарады, беларускую нацыянальную ідэю, беларускую традыцыю трыадзінства і кніга «Ісус Хрыстос размаўляе па-беларуску».
Калі Бог дасць і ўсё будзе добра, разлічваю выдаць гэтыя кнігі ў бліжэйшыя паўтара гады. Хачу, каб усё напісанае і апрацаванае ў зняволенні паступова выйшла да чытача.
Цяпер мы з Барысам Гарэцкім ездзім па Польшчы, сустракаемся з беларусамі і прэзентуем кнігі. У нашым маршруце — Люблін, Кракаў, Катавіцы, Лодзь, Уроцлаў, Познань, Шчэцін, Гданьск, Беласток і іншыя гарады, дзе жывуць беларусы.
Для мяне гэта магчымасць не толькі расказаць пра кнігі, але і паразмаўляць з людзьмі, адказаць на іхнія пытанні і разам падумаць пра будучыню Беларусі.
Як патлумачыць, што такое Беларусь? І хто такі добры беларус?
— Калі б да мяне падышоў марсіянін і папрасіў адным сказам растлумачыць, што такое Беларусь, я б адказаў: «Беларусь — гэта сэрца святла».
Я веру, што Беларусь — унікальная краіна, якая паўплывала на культурны код і развіццё чалавецтва значна больш, чым мы звычайна думаем. Калі сабраць разам нашую гісторыю, культуру, навуку, рэлігійную спадчыну і лёсы выбітных людзей, адкрыецца карціна, якую мы самі часта недаацэньваем.
Для мяне добры беларус — гэта чалавек, які размаўляе па-беларуску. Але не толькі. Гэта таксама маральны арыенцір.
У маім разуменні беларуская нацыянальная ідэя — гэта Ісус Хрыстос, які размаўляе па-беларуску.
Я разумею, што не ўсе беларусы будуць вернікамі і не ўсе адразу пачнуць размаўляць па-беларуску. Але для мяне важна, каб у цэнтры нашай нацыянальнай ідэі былі любоў да бліжняга, самаахвярнасць, сумленнасць і адказнасць за іншых.
Хрысціянскі ідэал — не красці, дапамагаць іншым, любіць бліжніх і нават ворагаў. Гэта каштоўнасці, на якіх, на маю думку, можна будаваць беларускую супольнасць і будучую дзяржаву.
Пры гэтым беларусы, якія размаўляюць па-руску, застаюцца нашымі суайчыннікамі. Я не адмаўляюся ад іх. Наадварот, я хачу дапамагчы ім адкрыць Беларусь, паказаць цікавыя факты пра гісторыю і культуру, даць кнігу, якая можа нешта змяніць у іхнім успрыманні.
Часам чалавек настолькі моцна знаходзіцца пад уплывам прапаганды, што здаецца, нібыта да яго немагчыма дастукацца. Але спрабаваць трэба. Трэба грукацца ў сэрцы людзей.
Калі перад вамі беларус, нават калі ён размаўляе па-руску, паспрабуйце пачаць з ім размову па-беларуску. Часам вы здзівіцеся, наколькі добра ён разумее мову і як хутка можа на яе перайсці.
Я веру, што Беларусь будзе перамагаць мовай, верай і культурай. Калі мы зможам супрацьстаяць цемры словам, кнігай, малітвай і любоўю, гэта будзе вялікая перамога.
Як у эміграцыі шукаць час для пісьменніцкай справы?
— Калі шчыра, часу няма. Можна запытацца ў маёй жонкі, якая церпіць, калі я разрываюся паміж Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй (партыя БХД) і кнігамі. А потым трэба яшчэ знайсці час, каб абняць сына, сустрэць яго са школы і проста пабыць побач з каханай жонкай, якая перанесла вельмі шмат.
Але я думаю, што цяпер часу няма ўвогуле ва ўсіх беларусаў. Мы жывём у складаны перыяд, калі наперадзе могуць быць новыя войны і вельмі цяжкія падзеі. Магчыма, нам не так шмат засталося спакойнага часу, каб пісаць кнігі, пераконваць адно аднаго і займацца асветай.
Таму я лічу, што трэба выкарыстоўваць кожны дзень напоўніцу. Гарэць, адкрываць сэрца, рабіць тое, што лічыш важным. Трэба жыць кожны дзень так, нібыта ён апошні.
Гэта добры хрысціянскі прынцып: не адкладаць на заўтра тое, што можаш зрабіць сёння, не чакаць ідэальных умоваў, а працаваць у тых абставінах, якія маеш.

Мне ўдалося выдаць дзве кнігі, яшчэ дзве рыхтуюцца. Калі Бог дасць сілы і вытрымае сэрца, спадзяюся, што ўсе сем маіх запланаваных кніг будуць перад чытачамі.
Я не магу сказаць, што знайшоў нейкі сакрэтны спосаб усё паспець. Проста разумею, што гэта трэба рабіць, і стараюся не марнаваць час.
«Карта беларуса» і аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы
— Я лічу, што незалежная і дэмакратычная Беларусь павінна падтрымліваць суайчыннікаў ва ўсім свеце. Гэта датычыцца і беларусаў у Польшчы, і беларусаў у іншых краінах, у тым ліку ў Расіі.
Калі казаць пра беларускія супольнасці за межамі краіны, то важна не толькі захоўваць культурную спадчыну, але і ствараць умовы для таго, каб людзі маглі вывучаць беларускую мову, гісторыю і падтрымліваць сувязь з Беларуссю.
Я лічу, што беларуская дзяржава ў будучыні павінна распрацаваць уласныя механізмы падтрымкі беларусаў за мяжой. Карта беларуса магла б стаць адным з такіх інструментаў. Гэта магчымасць захаваць сувязь з краінай і падтрымліваць беларускасць незалежна ад таго, дзе чалавек жыве.
Асобнае пытанне — беларускае праваслаўе. Я сам хаджу ў праваслаўны прыход у Вільні, дзе набажэнствы адбываюцца па-беларуску і які належыць да Канстанцінопальскага патрыярхату.
Я разумею, што сярод святароў і вернікаў Рускай праваслаўнай царквы ёсць шмат людзей, гатовых працаваць дзеля Беларусі. Я ведаю гэта не па чутках, бо размаўляў з дзясяткамі і сотнямі такіх людзей.
Але пакуль царкоўная ўлада застаецца ў Маскве, беларускі дух там часта сутыкаецца з ціскам.
Таму беларусам патрэбнае сваё праваслаўе, свая царква, якая будзе працаваць для Беларусі і беларусаў. Я думаю, што рана ці позна мы да гэтага прыйдзем.
Цікава і тое, як беларускасць звязаная з рознымі канфесіямі. На маіх назіраннях, чым далей на ўсход Беларусі, тым часцей беларуская ідэнтычнасць асацыюецца з каталіцтвам. А чым далей на захад, тым больш яна можа асацыявацца з праваслаўем.
На Гродзеншчыне ёсць беларускамоўныя праваслаўныя парафіі, а на Падляшшы беларускасць таксама моцна звязаная з праваслаўнай традыцыяй. Гэта паказвае, наколькі разнастайная наша культура і наколькі важна падтрымліваць яе ў розных рэгіёнах і супольнасцях.
Ці паўстануць віктарыны пра беларушчыну не толькі ў кнізе, але і як самастойныя падзеі?
— Такія ідэі ёсць. Мне ўжо прапаноўвалі выкласці віктарыны ў інтэрнэце і праводзіць іх у выглядзе рэгулярных анлайн-гульняў.
Пакуль што ў мяне проста не даходзяць рукі да рэалізацыі гэтай задумы. Але калі знойдуцца энтузіясты, якія захочуць узяцца за праект, я буду толькі рады. Мне здаецца, што віктарыны могуць працаваць не толькі як кніга, якую чалавек чытае самастойна, але і як жывыя сустрэчы, інтэрактыўныя гульні і адукацыйныя мерапрыемствы.
У самой кнізе ўжо ёсць усё неабходнае для такога фармату: пытанні пра Беларусь і сусветную гісторыю, культуру, навуку, рэлігію, кіно і выбітных людзей. Можна выбраць асобную тэму, падрыхтаваць пытанні, дадаць прызы і правесці віктарыну на дні народзінаў, вяселлі ці сустрэчы беларускай супольнасці.
Гэта практычная рэч, якая можа аб’ядноўваць людзей і дапамагаць ім адкрываць нешта новае пра сваю краіну. Калі знойдуцца людзі, гатовыя развіваць гэты фармат, я запрашаю іх далучацца.

Нам патрэбныя ініцыятывы, якія дапамагаюць беларусам вучыцца, задаваць пытанні, дзяліцца ведамі і адчуваць сябе часткай адной супольнасці. Бо галоўнае для мяне — каб «Соль зямлі» не заставалася проста кнігай на паліцы.
Я хачу, каб яна дапамагала людзям адкрываць Беларусь, вяртацца да сваёй мовы і культуры і задаваць сабе пытанне: што я сам магу зрабіць для сваёй краіны?
