BIFA набірае праекты да ўдзелу ў Еўрапейскім кінарынку пры «Берлінале»

Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA) запрашае беларускіх кінатворцаў, якія шукаюць партнёраў у Еўропе, дасылаць праекты з міжнародным патэнцыялам да ўдзелу ў Еўрапейскім кінарынку пры «Берлінале’27». Да разгляду прымаюцца ігравыя, дакументальныя ды анімацыйныя поўнаметражныя фільмы на розных стадыях распрацоўкі.

Рыхтаваць аўтараў да Еўрапейскага кінарынку сёлета чарговы раз будуць незалежная кінаэкспертка, кансультантка і т’ютарка з Фінляндыі Леэна Пасанэн і італьянскі прадзюсар, рэжысёр ды эксперт у галіне дакументальнага кіно Стэфана Тэальдзі.

Беларуская незалежная кінаакадэмія падтрымлівае ўдзел беларускіх творцаў у Еўрапейскім кінарынку з 2023 году. Нашая мэта – будаванне сувязяў паміж незалежнымі беларускімі аўтарамі і міжнароднымі партнёрамі (прадзюсарамі, агентамі продажаў, фестывалямі ды кінафондамі), а таксама ўзмацненне бачнасці беларускіх гісторыяў як часткі еўрапейскага кантэксту.

Свае праекты на падзеях BIFA на Еўрапейскім кінарынку ў розныя гады прэзентавалі такія рэжысёры і рэжысёркі, як Дар’я Жук, Мара Тамковіч, Юрый Сямашка, Улада Сянькова, Андрэй Куціла, Нэла Агрэніч, Воля Чайкоўская, Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй, Аляксей Палуян, Арцём Лобач ды іншыя.

Да ўдзелу запрашаюцца як дасведчаныя беларускія творцы, так і дэбютанты, якія працуюць па-за сістэмаю дзяржаўнага падтрымання Беларусі. Адбіраць праекты будуць кінакрытыца Ірэна Кацяловіч і кіназнаўца ды фестывальны арганізатар Ігар Сукманаў. 

Падаць заяўку можна да 27 кастрычніка 2026 году, запоўніўшы адмысловую форму па-беларуску і па-англійску. 

Еўрапейскі кінарынак пройдзе ў межах 77-га Берлінскага міжнароднага кінафестывалю 10–16 лютага 2027 году. 

belfilmacademy.com