Яраслаў Іванюк: Скандальна, што дыктатарскія дзяржавы Расія і Беларусь могуць ладзіць трансгранічныя рэпрэсіі

На мінулым тыдні выдавец, журналіст і заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org, вядомы культурны дзеяч беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы Яраслаў Іванюк раптоўна даведаўся, што трапіў у міжнародны крымінальны вышук і цяпер яго прозвішча знаходзіцца ў адпаведнай расійскай базе. Budzma.org пагутарыла са спадаром Яраславам пра тое, што магло стацца прычынай, як траплянне ў сумнавядомы спіс паўплывала на функцыянаванне яго шматлікіх праектаў, і куды польскі грамадзянін, пацярпелы за беларускую культуру, можа звярнуцца па дапамогу?

Заснавальнік і кіраўнік бібліятэкі «Камунікат» Яраслаў Іванюк

— Раскажыце, калі ласка, як вы даведаліся пра тое, што цяпер знаходзіцеся ў міжнародным вышуку?

— Я, як звычайна, займаўся справамі, звязанымі з «Камунікатам», і даведаўся пра навіну за некалькі хвілін да таго, як інфармацыю апублічыла «Наша Ніва» — мне даслаў паведамленне рэдактар.

Такім чынам, мяне вышуквае Расійская Федэрацыя на запыт мінскага аддзялення Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі на падставе нейкага артыкула Крымінальнага Кодэкса РБ — у спісе не пазначаны канкрэтны нумар. Сам я мяркую, што гэта хутчэй за ўсё звязана з маім нібыта ўдзелам у «экстрэмісцкім фармаванні», бо ўвесну ў КДБ выдумалі «Кааліцыю беларускіх выдавецтваў», куды залічылі і фонд Kamunikat.org, і мяне асабіста. Сярод далучэнцаў да «Кааліцыі» яшчэ згадваюцца выдавецтвы «Янушкевіч», «Логвінаў», а таксама шэраг прыватных асобаў з Беларусі, якія некалі мелі дачыненне да выдавецкай дзейнасці.

Думаю, што гэта спроба напалохаць мяне, застрашыць, і не толькі мяне, а ўсё асяроддзе, звязанае з выдавецкай дзейнасцю. А яшчэ застрашыць асяроддзе нацыянальнай беларускай меншасці ў Польшчы, схіліць людзей да самацэнзуры, зрабіць так, каб людзі задумваліся на карысць менш актыўнага ўдзелу ў беларускіх справах.

Яраслаў Іванюк

— А ці могуць у Вас праз траплянне ў гэты спіс паўстаць нейкія праблемы ў часе падарожжаў, у тым ліку па Еўропе? Альбо нейкія праблемы з банкаўскімі рахункамі?

— Як толькі я пра ўсё даведаўся, то адразу звярнуўся ў шэраг установаў, якія патэнцыйна могуць адрэагаваць, дапамагчы, і сярод іншага прасіў іх даць адказ якраз на гэтыя пытанні.

Гэта Агенцтва ўнутранай бяспекі. Гэта Галоўная камендатура паліцыі — там у Бюро міжнароднага супрацоўніцтва я запытваў, ці маё прозвішча не апынулася ў спісах Інтэрпола. Я таксама напісаў да Міністэрства замежных спраў Польшчы. У Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі — да міністра-каардынатара спецслужбаў. У Канцылярыю прэм’ер-міністра Польшчы. А таксама у Пракуратуру — якраз не так даўно яны праводзілі следства па справе травеньскай кібератакі на «Камунікат». Звярнуўся ў сеймавую Камісію па справах нацыянальных і этнічных меншасцей. Да прэзідэнта Польшчы. А яшчэ звярнуўся да Амбудсмена Польшчы, у Хельсінскі фонд па правах чалавека і да кіраўніцы дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю — еўрадэпутаткі Малгажаты Гасеўскай. Цяпер буду чакаць і спадзявацца, што гэтыя ўстановы адгукнуцца.

Наколькі сам разумею, пакуль не будзе чырвонай ноты Інтэрпола, то па Еўрасаюзе магу ездзіць бяспечна. І, напэўна, не варта ехаць у краіны СНД, у афрыканскія, азіяцкія краіны, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Лукашэнкі, таму што там могуць арыштаваць і перадаць у Расію ці Беларусь. Але я туды і не збіраюся.

Яраслаў Іванюк

— Дарэчы, а ці ёсць нейкія зрухі ў расследаванні згаданай кібератакі?

— На жаль, следства спынілі ў верасні. Прычына — немагчымасць выкрыць злачынцу. Але ў пастанаўленні адзначана, што тая кібератака працягвае знаходзіца ў сферы зацікаўлення польскага правасуддзя.

— Ці ўнесла гэтая сітуацыя з вышукам нейкія карэктывы ў дзейнасць выдавецтва, кнігарняў і фонда?

— Я працягваю займацца тым, чым займаўся раней. Гэта ніякім чынам не ўплывае ні на выдавецтва, ні на нашы кнігарні, ні на інтэрнэт-бібліятэку. Мы працуем на тэрыторыі Польшчы паводле польскага заканадаўства. Якраз сёння здалі ў друкарню новую кнігу вершаў — «Рэха дому» Кацярыны Ваданосавай, якую аформіла мастачка Аляксандра Канафальская. Неўзабаве аддамо на друк гістарычную працу прафесара Яўгена Мірановіча «Трэці фронт», перакладзеную на беларускую мову. Пра савецкую і нацысцкую прапаганду на тэрыторыі акупаванай Беларусі.

Кніга «Рэха дому». Фота з Фэйсбука Кацярыны Ваданосавай

Як працавалі, так і працуюць і кнігарні. У Варшаве кнігарня месціцца ў Цэнтры беларускай салідарнасці (ul. Oleandrów 6), куды часта завітваюць беларусы Варшавы, і справы ў кнігарні ідуць вельмі добра, я гэтаму вельмі рады. Кнігарня ў Беластоку ў Цэнтры беларускай культуры (ul. Warszawska 1A) працуе трохі больш за месяц, але туды таксама штодня прыходзяць беларусы. У кнігарнях мы ладзім сустрэчы з аўтарамі. У мінулую пятніцу правялі і ў Варшаве, і ў Беластоку «Ноч кнігарняў», а ў найбліжэйшую пятніцу ў Беластоку будзе сустрэча з Аляксеем Дзікавіцкім, які прэзентуе дэтэктыўны раман «Вяртанне Эльзы». Сардэчна запрашаю!

— Пэўна ж, Вам давялося адчуць беларускую салідарнасць з нагоды непрыемнасці?

— Я вельмі рады, што акрамя розгаласу ў незалежных медыя, сваю пазіцыю наконт сітуацыі, у якой я апынуўся, агучылі таксама Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Зянон Пазняк…

Напісаў пра гэта таксама і былы палітвязень Аляксандр Фядута. Гэта вельмі істотна.

Бо мая сітуацыя выключная, паколькі я грамадзянін Польшчы. Але беларусаў, якія з’ехалі з Беларусі ў замежжа, рэжым працягвае рэпрэсаваць. І таму важна ўвесь час падкрэсліваць, што рэпрэсіі не спыняюцца і не змяншаюцца, бо некаторыя могуць мець такое ўражанне з-за таго, што рэжым выпускае палітзняволеных. Не. Рэжым выпуске адных, але на іх месца саджае другіх і пераследуе трэціх…

— А як адрэагавалі польскія медыя?

— Перш за ўсё адрэаагвалі Polskie Radio Białystok і Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё. Затым польскія інфармацыйныя парталы wPolityce.pl і Niezalezna.pl. Напісаў пра гэты выпадак і адзін з найбуйнейшых інфармацыйных парталаў Onet.pl. Перадрукаваў інфармацыю і Głos znad Niemna ў эміграцыі. Ёсць у планах зрабіць яшчэ гутарку з Onet.pl і з Radio Wnet у Варшаве.

— Апрача падтрымкі беларускімі палітыкамі ў выгнанні і медыйнымі персонамі, ці была салідарнасць у выглядзе ўсплёскаў продажаў ці наведванняў анлайн-бібліятэкі?

— На продажах гэта не адбілася, яны ў нас трымаюцца на больш-менш добрым узроўні. Асабліва добра разыходзяцца апошнім часам раман Дзікавіцкага «Вяртанне Эльзы», паэтычная кніга Змітра Дзядзенкі з спецыфічным загалоўкам «Каб не ср@лі галубы» і турэмныя эсэ Міколы Статкевіча «Гэта ўсё ў табе», частка якіх была напісана ў турме, а частку аўтар аднаўляў па памяці ўжо пасля вызвалення. Што да сайту, то з 8 па 10 кастрычніка на сайце адзначалася крыху больш наведванняў, чым звычайна. Але неістотна, на 10-15%.

Яраслаў Іванюк на кніжнай выставе ў Беластоку, 2026 г.

— Як нашы чытачы могуць падтрымаць Вас і фонд «Kamunikat.org» у гэтай сітуацыі?

— Лічу, што зараз галоўнае — надаць справе розгалас. Скандальна, што такія дыктатарскія і аўтарытарныя дзяржавы, як Расія ці Беларусь, могуць ладзіць трансгранічныя рэпрэсіі, пераследаваць грамадзяніна Польшчы і Еўрасаюза за тое, што ён цалкам легальна працуе на тэрыторыі Польшчы і Еўрасаюза дзеля захавання беларускай культуры, беларускай мовы, беларускай літаратуры.

А ў цэлым найлепшым чынам падтрымаць нас можна набываючы кнігі, якіх «Камунікат» за пяць гадоў выдавецкай дзейнасці выдаў амаль сто — іх усе можна замовіць на сайце kamunikat.shop. А яшчэ наведваючы сайт kamunikat.org, пампуючы там патрэбныя файлы ў .pdf ці .epub. І праслухоўваючы аўдыякнігі на нашым ютуб-канале kamunikat.org.

S.K., Budzma.org