Пісьменьніца і публіцыстка Яна Вольская склала ўласны рэйтынг кніг, якія аператыўна і гарантавана дапамогуць кожнаму беларусу паразумецца са сваёй нацыянальнай ідэнтычнасцю.

1. Максім Гарэцкі «Дзьве душы» (1919)
Знакамітая філасофская аповесьць, фундамэнтальны для разуменьня беларускай духоўнай падвоенасьці тэкст. Герой-беларус Максіма Гарэцкага стаіць на скрыжаваньні эпохаў і культураў. На тле падзеяў Першай сусьветнай і грамадзянскай войнаў і рэвалюцыі ён сутыкаецца з рознымі сіламі — бальшавікамі, нацыянал-дэмакратамі, авантурыстамі… Праз пакуты і сумневы герой прыходзіць да разуменьня сябе, але гэты поўны трагізму шлях пралягае праз унутраны надлом.

Аповесьць «Дзве душы», у якой Максім Гарэцкі ставіць пытаньне пра самавызначэньне нацыі — гэта адзін з найгалоўнейшых філасофскіх твораў беларускай літаратуры.
2. Ігнат Абдзіраловіч «Адвечным шляхам» (1921)
Таксама філасофскі твор — пра ўнікальны гістарычны шлях Беларусі ў кантэксьце яе геапалітычнага і культурнага становішча. Беларусь паўстае ў якасьці памежжа, дзе судакранаюцца цывілізацыі Захаду (Эўропа) і Усходу (Расея). Беларускі народ, хістаючыся духоўна, прымае элементы то адной, то другой культуры, але ніколі не прымае нейкую адну зь іх цалкам.

Паводле Ігната Абдзіраловіча (сапраўднае прозвішча Канчэўскі) сутнасць існавання грамадства — гэта не фармаванне застылых дзяржаўных ці сацыяльных структураў, а бесперапынная зменлівасьць у якасьці «плывучай формы», здольнай гнутка дастасоўвацца да рэальных патрэбаў людзей. І таму будучыня Беларусі мусіць грунтавацца на негвалтоўнай эканамічнай супрацы, свабодзе самавыяўленьня і сінтэзе найлепшых элементаў пры захаваньні ўласнай самабытнасьці і незалежнасьці ад уплыву суседзяў.
3. Уладзімір Арлоў «Айчына» (2016)
Ілюстраваная кніга беларускага пісьменьніка і гісторыка Уладзіміра Арлова, у якой па-мастацку распавядаецца гісторыя Беларусі.

Першая частка кнігі ахоплівае час ад Рагнеды да Касьцюшкі, ад пачатку беларускай дзяржаўнасьці і Полацкага княства да мэцэнацкай дзейнасьці Радзівілаў і падзелаў Рэчы Паспалітай.

Другая частка — ад Агінскага да Багушэвіча — прысьвечаная гісторыі Беларусі ХІХ стагоддзя, калі тэрыторыя была гвалтоўна захопленая і акупаваная Расейскай імпэрыяй, і аповеду пра тое, як выжывала беларуская культура і ідэнтычнасьць у ценю імпэрыі.
«Айчына» Уладзіміра Арлова — не сухі падручнік, а багата ілюстраваная вядомым мастаком Паўлам Татарнікавым кніга-споведзь, якая абуджае цікаўнасьць да нашых каранёў, спадчыны і гістарычнай памяці.
4. Янка Купала «Тутэйшыя» (1922)
Сатырычная трагікамедыя пра беларусаў, якія ня маючы дзяржаўнасьці пераўтварыліся ў «тутэйшых», людзей без выразнай ідэнтычнасьці, гатовых прыстасавацца да любой улады.

Гістарычны фон — Менск 1918-1920 гг.: падчас нямецкай акупацыі, падчас прыходу бальшавікоў і падчас прыходу польскіх войскаў. Галоўны герой — прыстасаванец і «нацыянальны нігіліст», які лёгка зьмяняе мундуры, мовы і погляды, абы выжыць і мець сваю карысьць. На фоне прыстасавальніцтва галоўнага героя іншыя пэрсанажы робяць сьвядомы выбар на карысьць роднага, беларускага шляху.
У гэтым хрэстаматыйным творы Янка Купала даследуе канфармізм, каляніяльнае мысьленьне і востра ставіць пытаньне аб праве беларусаў быць самастойнай нацыяй на сваёй зямлі.
5. Калектыў ананімных аўтараў «Бел-чырвона-белы. Сцяг, нацыя, ідэнтычнасць» (2024)
Фундамэнтальнае навукова-гістарычнае дасьледаваньне пра гісторыю, вытокі і сымбалізм беларускага нацыянальнага сьцяга, які меў статус дзяржаўнага ў Рэспубліцы Беларусь з 19 верасьня 1991 году па 7 чэрвеня 1995 году.

Кніга падае зьвесткі пра паходжаньне і значэньне белага і чырвонага колераў у беларускай культуры, аналізуе штандары паўстанцаў 1863-1864 гг. і дзейнасьць Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Апавядае пра ролю і статус сьцяга ў розныя пэрыяды гісторыі Беларусі, а таксама пра яго значэньне для беларускіх асяродкаў за межамі краіны.
Кніга «Бел-чырвона-белы» расказвае, як бел-чырвона-белы сьцяг зрабіўся галоўным сымбалем свабоды і нацыянальнага адзінства беларусаў.
