«Беларусь у фантастычных апавяданнях»: літаратурныя падарожжы з Андрэем Хадановічам

Андрэй Хадановіч анансуе чатыры «жывыя» размовы пра класічную і сучасную беларускую літаратуру для ўсіх, хто ў Гданьску.

Размова пойдзе пра аўтараў у часы, калі беларусы ўжо мелі такую назву — і яшчэ не мелі яе, карысталіся беларускай мовай — і іншымі мовамі, ад сераднявечнай лаціны да ідышу міжваеннага часу. Пра выпадкі, калі пісьменнікі пісалі па-польску, але належаць Беларусі ў большай ступені, чым Польшчы. Пра важнасць перакладаў, што захоўваюць актуальнасць, якую ў значнай ступені ўжо страцілі арыгіналы. Пра белую (часам бел-чырвона-белую) магію літаратурнага тэксту, якая пераадольвае геаграфічныя, часовыя і лінгвістычныя межы.

Сустрэча першая «Францыск Скарына vs Мікола Гусоўскі: як сышліся супрацьлегласці» адбудзецца 12 красавіка а 17.00 ў кнігарні Tajne Komplety Gdańsk па вул. Długa 35.

На сустрэчы даведаемся:

— Што яднае паляўнічага-лучніка і доктара лекарскіх навук? Як першы робіцца паэтам, а другі — перакладчыкам і друкаром? 

— Што мы ведаем (і чаго не ведаем) пра аўтараў? 

— Якія аўтапартрэты пакінулі яны ў сваіх творах? 

— Якую стратэгію абралі: апавядаць «вялікаму свету» пра нас альбо нам пра «вялікі свет»? І як праз 500 гадоў гэта так ці іначай ператворыцца ў аповед пра нас саміх для нас жа.

— Як вырашылі дылему: родная мова ці мова-пасярэдніца? І як праз 500 гадоў і тое, і гэтае будзе патрабаваць перакладу? 

— Хто найлепей пераклаў Гусоўскага з лаціны, а Скарыну — з беларускай?

Мова імпрэзы беларуская, Андрэй Хадановіч абяцае для ўсіх ахвочых пераклад на польскую мову ў навушніках. Падрабяснасці пра месца і час першай суустрэчы тут.

Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, эсэіст і выкладчык літаратуры. Аўтар 10 кніг паэзіі і аднаго зборніка вершаў для дзяцей. Перакладае паэзію з французскай, ангельскай, польскай, украінскай моваў. Выкладаў літаратуру ў Менску — на філфаку БДУ і ў Гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, а таксама вёў заняткі ў «Беларускім Калегіюме» і ў «Перакладчыцкай майстэрні». З восені 2022 выкладае класічную і сучасную літаратуру ў віленскім ЕГУ, з вясны 2022 чытае літаратурныя лекцыі на ютуб-канале Сhadanovič. Песьня «Муры» ў ягоным перакладзе стала адным з галоўных беларускіх гімнаў пратэсту ў 2020 годзе. З кастрычніка 2022 г. жыве ў Гданьску як стыпендыст ICORN.

budzma.org