Сёлета ў вядомага беларускага паэта прыгожы юбілей, які ён мусіў сустрэць за мяжой. Тым не меней творца не знік з беларускіх радараў — наадварот, ён актыўна камунікуе з гледачамі праз Ютуб. З нагоды свята спадар Андрэй задаволіў, нарэшце, запыт аўдыторыі і зрабіў выпуск з чытаннем уласных твораў. «Будзьма!» прапануе больш дэтальна паглыбіцца ў паэзію аўтара і пашукаць цікавосткі ў яго апошніх зборніках, якія выходзілі ў Беларусі.
Няхай гэты тэкст пачнецца з таго, што на дваравой імпрэзе ля МКАДа Андрэй Хадановіч стаіць пад дажджом і кажа пра свае кнігі наступнае: адна — вандроўна-хуліганская («Цягнік Чыкага — Токіё»), другая — больш медытатыўная («Школа травы»). Менавіта так і было некалькі гадоў таму, калі зборнікі аўтара прадаваліся ў «Цэнтральнай кнігарні», а сам ён актыўна ездзіў па Мінску з канцэртамі. З той пары шмат чаго змянілася, аднак тыя выданні так і засталіся апошнімі для беларускага чытача (яшчэ адзін зборнік у 2021 годзе выйшаў у Польшчы). Разбіраемся, дзе іх цяпер знайсці і чаму варта пачытаць.
«Цягнік Чыкага — Токіё»
Першая праблема напісання рэцэнзіі на кнігі спадара Андрэя палягае ў тым, што сам ён у двух словах характарызуе іх лепей, чым я зрабіў бы гэта ў двух тамах. Напрыклад, зборнік «Цягнік Чыкага — Токіё», які выйшаў у 2016 годзе, апісаны аўтарам як «падарожныя песьні з карцінкамі й акордамі», у якіх ён сапраўды вандруе і хуліганіць. І можа сабе дазволіць, бо ў папярэдніх выданнях чаго толькі ні спрабаваў: і рыфмаваў, і не рыфмаваў, і нават дзіцячыя вершы прыдумляў. Карацей, паэт ужо знаходзіўся ў такім статусе, калі можна хоць творы пра музей фаласаў пісаць (між іншым, так і адбылося).
Варта адзначыць, што гэты зборнік быў першай за доўгі час кнігай «для дарослых», бо за пяць папярэдніх гадоў у аўтара выйшаў толькі дзіцячы бэстсэлер «Нататкі таткі». Аднак тыя, хто чакаў і верыў, былі шчодра ўзнагароджаны: выданне атрымалася даволі тоўсценькім і насычаным.
Театр пачынаецца з вешалкі, а Андрэй Хадановіч — з вокладкі. Рэдкая яго кніга абыходзіцца без цікавостак у афармленні. Што мы бачым у «Цягніку»? Аўтар апісвае сябе з гумарам: «Паэт, перакладчык добрых вершаў і песень. Удзельнічаў у шматлікіх паэтычных фестывалях, некаторыя зь іх сам жа і арганізоўваў. Напісаў некалькі кніг для дарослых і адну для дзяцей. Часам падарожнічае па сьвеце. Часам вяртаецца дадому». А яшчэ на вокладцы намаляваны легендарны 38-мы тралейбус, пра які пазней.
Геаграфія кнігі ўражвае: вершы пісаліся ў Францыі, Амерыцы, Балтыцы, Японіі, Карэі, Ісландыі, Іспаніі… Міжвольна паўстае пытанне: ці праўда ў аўтара быў час, каб не толькі вандраваць, але і часам вяртацца дадому?
Першы прыпынак — Парыж. Паводле слоў аўтара, ён цэлы месяц бадзяўся па гэтым горадзе, калі ў 2012 годзе атрымаў стыпендыю французскага міністэрства культуры. Магчыма, праз захапленне ад мясцовых славутасцей (а можа і ў якасці творчага эксперыменту) паэт выказвае свае думкі выключна вялікімі літарамі. Каб прывыкла вока, прапаную пачаць з кароткага верша «СТОМЛЕНАСЦЬ ПАРЫЖАМ», у якім вандроўнік перадае прывітанне аўтару аднайменнай кнігі:
МАЗАЛІ НА НАГАХ НАЦІРАЕШ АДРАЗУ, АДЗІН — НА ПРАВАЙ ПАДЭШВЕ, ДРУГІ — НА ЛЕВАЙ. КАБ ХОЦЬ ТРОХІ ЗАГАВАРЫЦЬ БОЛЬ, ПРЫДУМЛЯЕШ ДЛЯ ІХ ІМЁНЫ І, НАСТУПАЮЧЫ, ПРОСІШ ЯШЧЭ ПАЦЯРПЕЦЬ: ПРАВАЙ НАГОЙ — ДРАНЬКО, ЛЕВАЙ — МАЙСЮКА.
Пасля выхаду кнігі паэт адзначыў, што лірычны герой вершаў, калі ён і ёсць, максімальна набліжаны да аўтара. Але адразу дадаў, што без адваката не будзе казаць, якія з апісаных падзей здарыліся з ім, а што адбывалася з лірычным героем. Дарэчная рэмарка, калі ўлічыць, што пра сюжэт некаторых твораў маглі б запытацца дома:
ЯНА БЫЛА Ў МАЙЦЫ З ТУРЫСТЫЧНЫМ ПАРЫСКІМ КАЛЯЖЫКАМ НА ГРУДЗЯХ: ЗЬЛЕВА, ДЗЕ СЭРЦА, — ЭЙФЭЛЕВА ВЕЖА, СПРАВА, НАСУПРАЦЬ ВЕЖЫ, — АВЭНЮ ШАНЗ-ЭЛІЗЭ. СПАЧАТКУ ЁН ДАКРАНУЎСЯ СПРАВА. ПАД ЕЛІСЕЙСКІМІ ПАЛЯМІ НЕ БЫЛО СТАНІКА. ЭЙФЭЛЕВА ВЕЖА ЗАБІЛАСЯ ХУТЧЭЙ.
Мы яшчэ не дайшлі да кнігі «Школа травы», але і ў «Цягніку» трава прысутнічае таксама. Варта ўзгадаць хаця б верш пра знакамітага батаніка, які доўга вывучай парыжскія туліпаны, але так і не знайшоў у іх ніводнай Дзюймовачкі:
СТАМІЎШЫСЯ, ЁН ПРЫСЕЎ НА ЛАВАЧКУ І РАЗАРВАЎ УПАКОЎКУ З ЧЫПСАМІ, А ТАМ — МАЛЕНЕЧКАЯ ДЗЯЎЧЫНКА, УСЬМІХАЕЦЦА ЯМУ І НЕШТА ШЧАБЕЧА НА ЯГОНАЙ МОВЕ. ІСТОТНА, ШТО БУЛЬБА, ЗЬ ЯКОЙ ЗРАБІЛІ ЧЫПСЫ, БЫЛА ЗЬ ЯГО РОДНАЙ ГАЛЯНДЫІ. ТРАВА ТАКСАМА.
Тэму Францыі скончым дасціпных двухрадкоўем пад назвай «ПАРЫСКАЯ ТРАСЯНКА»:
ТОНУЧЫ Ў СЕНЕ, ХАПАЕСЬСЯ ЗА САЛОМІНКУ.
З Парыжу пераносімся ў Лацінскую Амерыку, дзе Хадановіча (ці ўсё ж лірычнага героя?) прынялі не дужа гасцінна:
ЛАЦІНААМЭРЫКАНЦЫ ЯКРАЗ ПАЧЫНАЛІ МЯНЕ БІЦЬ, АЛЕ, УБАЧЫЎШЫ ЯГО, РАЗЬБЕГЛІСЯ.
Што ні кажы, а заінтрыгаваць аўтар можа. Пра далейшыя прыгоды паэта і яго нечаканага выратавальніка раім пачытаць непасрэдна ў кнізе, а пакуль наведаем мясцовую падземку, дзе адбылася такая сцэна:
— А ВЫ ЎМЕЕЦЕ ПАКАЗВАЦЬ ПЭРФОРМАНСЫ? — СПЫТАЛА ЯНА ПАЭТА У ВАГОНЕ МЭТРО НА СТАНЦЫІ «ШАЎКОВЫ ШЛЯХ». — ЯШЧЭ Б! — АДКАЗАЎ ЁН. — МЯНЕ НАВАТ ПАСЯЛІЛІ КАЛЯ ЦЫРКУ, У БЫЛЫМ ІНТЭРНАЦЕ ДЛЯ ЦЫРКАВЫХ АРТЫСТАЎ. ЕДЗЕМ СА МНОЙ, ПАКАЖУ! — НЕ, ВЫ ЛЕПШ ПЭРФОРМАНС ПАКАЖЫЦЕ. ЁН ПАКАЗАЎ. ЯНА ДОЎГА Й ГУЧНА ПЛЯСКАЛА ЯМУ ПА ТВАРЫ.
Аднак на гэтым гісторыя не скончылася. Пакінуўшы інтрыгу, садзімся ў цягнік Чыкага — Токіё. Як гэта магчыма? Патлумачыць сам аўтар:
СЁНЬНЯ Я ДАБІРАЎСЯ З ЧЫКАГА Ў ТОКІЁ НА ЦЯГНІКУ, БО КАЛІ САМАЛЁТ ЛЯЦІЦЬ 13 ГАДЗІНАЎ, ГЭТА ЎЖО ЦЯГНІК.
Мы дайшлі да таго месца, калі паўстае другая праблема напісання рэцэнзій на выданні Хадановіча: цікавых вершаў там значна болей, чым можа змясціцца ў адным артыкуле. Таму мы прапусцім лірычныя замалёўкі пра Балтыку, эратычныя прыгоды ў ЗША, паэтычную вечарыну без вершаў, візіт у Музей фаласаў, пераклады з акордамі і яшчэ шмат чаго іншага, што варта адшукаць у кнізе. Адзначым толькі, што зборнік, як і любая вандроўка, заканчваецца вяртаннем дамоў.
«Падарожжа тралейбусам 38» — нізка мінскіх вершаў, дзе можна разам з аўтарам праехаць па маршруце ДС «Сухарава-5» — ДС «Славінскага». Між іншым, у Парыжы і праўда такой раскошы няма, бо тралейбусы там не ходзяць. Пасля паэтычных вандровак у далёкія краіны ўсё тут падаецца такім родным і знаёмым, што міжвольна адчуваеш настальгію (нават калі нікуды і не з’язджаў). Падаецца, што многія з гэтых вершаў пісаліся восенню, бо яна тут не толькі ўзгадваецца, але і вызначае агульны настрой. Але ж напрыканцы — калядны твор з аптымістычным фіналам.
НА ПАКЛОН ВЫКЛІКАЮЦЬ МЯДЗЬВЕДЗЯ З КАЗОЮ. ДЗЕТКІ ЎПЛЯТАЮЦЬ ЛАСУНКІ. ВЯЖА ВУСНЫ ХУРМА. ГЛЕДАЧЫ СПАХАПІЛІСЯ, КЛІЧУЦЬ І СЬМЕРЦЬ З КАСОЮ, А СЬМЕРЦІ НЯМА.
Школа травы
У 2019 годзе пабачыў свет зборнік, які складаецца з 55 вершаў, а таксама — на правах эпіграфаў да кожнага раздзела — перакладаў важных для аўтара твораў. Паводле слоў паэта, ствараліся яны рознымі порцыямі цягам трох гадоў і падаваліся часам гуллівымі, часам іранічнымі. Але калі ён пачаў іх збіраць ды размяркоўваць па раздзелах, павеяла нечаканай трывогай. «Такіх сур’ёзных кніжак я яшчэ не пісаў», — рэзюмаваў сваю працу Хадановіч.
Знаёмства з кнігай пачнем з вандроўкі ў дзяцінства, а арыенціры ў прасторы і часе падкажа сам паэт:
Неба плыве з Міхалішак у Хойнікі. Ластаўкі з небам гуляюць у хованкі.
І яшчэ:
Крапіва кусае за лыткі. Сон — глыбокі, і Сож — не плыткі. Ты суседцы: «Пайшлі ў траву». А яна: «Не дуры галаву». Абрыкосы падаюць з неба. Усё на свеце ідзе як трэба. — Адчапіся! — Чаму? — Таму... Два па дваццаць гадоў таму.
Склаўшы пазл, атрымліваем Чачэршчыну першай паловы 80-х, дзе юнак Хадановіч праводзіў свае летнія вакацыі. Цёплыя, рамантычныя (а часта і эратычныя) замалёкі спалучаюцца тут з роздумам пра няўмольны бег часу. Лірычны герой гэтых твораў — дзіцёнак з амаль што 50-гадовым досведам, які востра адчувае жыццё і адначасова думае пра смерць.
Прызначыш мне стрэлку ў пясочным гадзінніку — і схаваныя колісь за шклом адкапаем сакрэты. Пясочніца часу захлюпае ў два ручаі: адзін пацячэ на той бераг, а іншы — на гэты. ... Ты ў маміных кліпсах, трыпутнік да локця прыліп. І я, трохгадовы палоннік вачэй тваіх хітрых, адкрыў: канца свету не будзе — не выбух, а кліп, і цітры ў паветры, і крочым да зораў па цітрах.
Апроч зорнага шпацыру, сустракаюцца і менш аптымістычныя варыянты таго, «што будзе пасля»:
Сёння плавалі ў Нідзе. Заўтра ў нідзе.
Адначасова гарэзлівая і філасофская, нізка дзіцячых вершаў выклікае нечаканыя флэшбэкі ў мінулае і правакуе на роздумы. А часам і на ўсмешку:
Першакласнік разбіў мапед, Але смерць пайшла на абед.
Летнія дачарнобыльскія вакацыі скончыліся ў 1986-м, аднак развагі пра непазбежную будучыню сустракаюцца і ў далейшых, «дарослых» раздзелах. Вось зусім ужо сталы герой ідзе па горадзе, думае пра дэдлайны і спадзяецца, што студэнты не пазнаюць яго зарослы шчэццю твар.
Думкі — звышгукавое, глупанямое кіно. Добра, што без канвою, а дэдлайны — лайно. Фільм завершыцца файна, бо ў канцы хэпі-верш. І да свайго дэдлайну ты яшчэ пажывеш.
Цікава, што адзін з тэкстаў, які паэт лічыць адным з найлепшых, яму прысніўся. Прачнуўшыся, ён пабег да стала і пачаў прыгадваць па слове, параўноўваючы кожнае з адчуваннямі. Вось так і намацаў верш:
Пацягнуўшы за шпільку, выцягваеш вецер у косах, цёплы травень, начныя купанні і мокры ручнік, салаўіную песню ўвушшу і маланку ў нябёсах, твой заплечнік, што з ёй разам знік, і квіток на цягнік.
Вы ж не забылі, што гэтыя радкі піша сонны паэт (магчыма, у майтках і з выразнымі адбіткамі падушкі на твары)? Калі трымаць такую пікантную інфармацыю ў галаве, то метафары атрымліваюцца яшчэ больш сакавітымі:
Пацягнуўшы за дым, маеш восень і вогнішча з хорам, дагарэлае лісце і клёкат, і згублены клёк. За аскепак бурштыну — апошні світанак над морам. За крыло матылька не цягні, там адно матылёк.
Традыцыйна для Андрэя Хадановіча кніга заканчваецца калядна-навагоднімі творамі. А мы скончым пытаннем: чаму ж зборнік названы «Школа травы»? І што ўвогуле значыць гэта метафара? Падаецца, тут варта захаваць інтрыгу, каб не пазбаўляць чытача асалоды самастойнага дэшыфравання аўтарскіх вобразаў. Балазе абодва выданні знаходзяцца ў вольным доступе: