«У прысценку старога лесу» − гэта гісторыі людзей Белавежскай пушчы. Цягам некалькіх гадоў з імі сустракалася і размаўляла Ганна Кандрацюк. Фактуру для сваёй сёмай кнігі яна збірала па два бакі памежжа — і ў Беларусі, і ў Польшчы, піша «Радыё Ўнэт».
Пад вокладкай выдання аб’ядналіся 34 рэпартажы. Жанр абраны невыпадкова: ад 1993 года Ганна Кандрацюк працуе ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва».
«Мне залежала на тое, каб спалучыць два бакі Белавежскай пушчы. Думаю, што гэта першая трансгранічная кніга, дзе выказваюцца жывыя людзі, дзе ёсць фактаграфія. Я хацела паказаць, што перад тым, як не было мяжы, мы былі адным народам. Мы падобна марым, падобна апранаемся, маем аднолькавы кулінарны густ. Маем аднолькавыя адносіны да прыроды, да зямлі, а асабліва да лесу. Ён даваў энергію, даваў пачуццё бяспекі. Пушча ўплывала і на наш побыт, і на наш характар. Яна заўсёды вызначала і прызначала», − распавядае Ганна Кандрацюк пра кнігу, над якой пачала працаваць пяць гадоў таму.
«Яе таленавітыя старонкі падаруюць чытачу яскравы суплёт непаўторных гісторый і сустрэч з цэлай галерэяй герояў: ад старой Дамінкі з Кутлоўкі, якую адкалыхалі з мёртвых яшчэ на трыццаць гадоў жыцця, і знакамітай сям’і Елянецкіх з Камянеччыны да ацалелых удзельнікаў трагедыі ў Залешанах і нобелеўскага лаўрэата Чэслава Мілаша, які меў ганаровае званне Прыяцеля Белавежскай пушчы… », − піша на вокладцы выдання Уладзімір Арлоў.
Творчая сустрэча з Ганнай Кандрацюк адбылася ў Беларускім доме ў Варшаве. Там жа пісьменніца пакінула і некалькі экзэмпляраў сваёй новай кнігі – каб яе маглі набыць і жыхары польскай сталіцы.
Поўную размову з Ганнай Кандрацюк слухайце ў плэеры ніжэй.