Экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў і былая старшыня ліквідаванага Таварыства беларускай мовы, якая на гэтым тыдні выйшла з Акрэсціна пасля адбыцця 12 сутак адміністрацыйнага пакарання, распавяла “Народнай Волі” пра сваё затрыманне, знаходжанне на “сутках” і звальненне з Акадэміі навук.
Нагадаем, што былую дэпутатку Палаты прадстаўнікоў і кіраўніцу ліквідаванага ў лістападзе 2021 года Таварыства беларускай мовы Алену Анісім затрымалі на яе працоўным месцы – у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук. Пасля ніякіх звестак пра яе не было.
Як высвятлілася, па версіі міліцыянераў, Анісім “агрэсіўна сябе паводзіла ў РАУС”, за што і была асуджана да адміністрацыйнага арышту на 12 сутак. За за гэты час з Акадэміі навук яе звольнілі.
Зараз Алена Анісім аднаўляецца пасля “сутак” на сваім лецішчы, але не адмовіла даць эсклюзіўнае інтэрв’ю для “Народнай Волі”…
— 12 сутак арышту ў мяне скончыліся 29 мая ў 14.00, — распавядае Алена АНІСІМ. – У гэты дзень я прыехала дахаты, а ў наступныя дні разбіралася з тым, што мяне звольнілі з работы, трэба было забіраць пастанову суда, аплочваць усе паслугі, якія мне, так бы мовіць, аказалі на Акрэсціна. Трэба было таксама з’ездзіць і забраць тэлефон.
Акрамя ўсяго іншага, я яшчэ схадзіла ў паліклініку і выпісала тыя лекі, якія мне былі неабходны, бо яны скончыліся.
А ўчора дзесьці ў абед адправілася ў вёску, каб падыхаць свежым паветрам, аднавіцца ды прывесці гаспадарку ў парадак.
— І як гаспадарка?
— Безумоўна, відовішча было, як кажуць, вартае жалю, бо тут дажджу ні грамулькі не ўпала. Усё проста сохне, гарыць, трава таксама не надта расце.
Але самае крыўднае, што не растуць трускаўкі. Усё павысыхала, а пакуль мяне не было, то не было каму і паліваць. І нават кветкі не растуць, таму ў мяне з гэтай нагоды вялікае засмучэнне.
Праўда, хлопцы мне дапамаглі – скасілі траву на ўчастку, зрабілі невялічкі парнічок і пасадзілі памідоры, перцы. Бурачкі павылазілі, бульба падымаецца. Натуральна, усё прыпазнілася, але што зробіш? Паўмесяца выпала толькі так.
Сёння ў нас рэзка пахаладала, і я з-за перападаў тэмператур нешта падхапіла. Ды і пасля “сутак” не да канца ачуняла. Трохі кашаль застаецца, нават было, што голас страціла. Таму на лецішчы вырашыла нават печку пратапіць, каб ноччу было камфортна спаць.
— Калі вы даведаліся, што вас звольнілі з працы?
— У мяне яшчэ раней было прадчуванне, што працоўныя адносіны з Інстытутам могуць у хуткім часе скончыцца, а калі ўжо прыехала міліцыя і забрала з працы, то стала зразумела, што ў інстытуце мяне ўжо ніхто трымаць не будзе.
— Засталася крыўда на дырэктара Інстытута мовазнаўства?
— Ні ў якім разе! Гэта ні ад каго і ні ад чаго не залежыць. Відаць, была пэўная ўстаноўка, па якой людзей затрымліваюць. Ні дырэктар, ні хто іншы гэтаму не перашкодзяць. Ёсць рэчы, якія адбываюцца незалежна ад дырэктара ўстановы. Ён нават сам можа не разумець і не здагадвацца пра тое, як усё адбываецца.
Але звольнілі мяне і на самай справе па нейкіх надуманых прычынах, хаця пры гэтым дадалі: “Не маглі інакш. Занадта рэзананснае затрыманне было”.
— Будзеце шукаць нейкія варыянты з працаўладкаваннем?
— Летам я не збіраюся кудысьці працаўладкоўвацца, бо трэба крыху ачуняць, акрыяць, адпачыць. І трэба ўсё асэнсаваць.
А з верасня, магчыма, ужо буду шукаць нейкую падпрацоўку. Нейкія мінімальныя грашовыя сродкі ў выглядзе пенсіі я ўсё-такі маю, таму летам магу сабе дазволіць не працаваць.
А што будзе далей? Жыццё пакажа. Калі ўсё будзе нармальна, то паспрабую знайсці новую работу. Зразумела, што ў дзяржаўную ўстанову шлях мне ўжо заказаны, таму буду нешта іншае шукаць.
— Як вы перанеслі 12 сутак на Акрэсціна?
— Спакойна. Без нерваў, без эмоцый, без нічога.
— Для вас было нечаканасцю, калі за вамі міліцыя прыйшла на працу?
— Абсалютна! Хаця стала зразумела, што прычына тут абсалютна іншая, чым рэпосты нейкіх забароненых рэсурсаў. На самай справе ўсё інакш. Магчыма, пазней патлумачу з гэтай нагоды падрабязней.
— Увесь час, пакуль вы знаходзіліся на “сутках” грамадскасць не ведала, што з вамі, як ваша здароўе, дзе вы знаходзіцеся. А дзеці мелі нейкую інфармацыю?
— На працы ведалі, што мяне затрымалі, таму маім блізкім пра гэта, натуральна, паведамілі. Пазней дзеці спрабавалі высвятліць, дзе я знаходжуся, але зрабіць гэта ім удалося не адразу.
Некаторыя журналісты тэлефанавалі сынам, каб тыя нешта паведамілі пра мяне, але яны сказалі так: “Без згоды мамы нічога казаць не будзем”. І, па вялікім рахунку, яны зрабілі правільна.
— Чым дзеці частавалі маму, калі вы выйшлі на волю?
— Для дзяцей я як нечакана знікла, так жа нечакана і з’явілася, таму ніхто адмыслова не рыхтаваўся. Вечарам звычайна сабраліся, паелі звычайнай бульбы і катлет, паспрабавалі салаты і хатняе віно. Усё было проста, але вельмі душэўна.