У грамадзкай залі Катэдральнага сабора БАПЦ Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку прайшла прэзентацыя кнігі «Выбранае» беларускага паэта і празаіка Міхася Кавыля (1915-2017).
Арганізатарамі сустрэчы, якая прайшла 4 чэрвеня, выступілі Беларуская фундацыя Крачэўскага, Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва (БІНіМ), парафія сабору і BAZA.
Кніга паэта-эмігранта – першая пасьля амаль трыццацігадовага перапынку выданьня творчай спадчыны аўтара. У ёй акрамя шчымлівых і пяшчотных вершах, прасякнутых любоўю да Бацькаўшчыны, ёсьць пераклады, публіцыстыка і ўспаміны аўтара.
Кавыль з’яўляецца ўдзельнікам беларускага літаратурнага руху канца 1920-х – пачатку 1930-х. Як і шмат хто зь ягоных сяброў, ён быў рэпрэсаваны і адбываў свой тэрмін зьняволеньня на Далёкім Усходзе. Аднак праз пэўны час паэт змог вярнуцца на Бацькаўшчыну, каб зноў пакінуць яе ў 1944-м годзе ўжо назаўсёды.
Натальля Гардзіенка – гісторык і архівіст, якая завітала ў Нью-Ёрк з Літвы, калі прадстаўляла Міхася Кавыля, зьвярнула ўвагу прысутных на адлюстраваньне пісьменьнікам пакручыстага лёсу беларускага дзеяча XX стагодзьдзя.
«Для мяне вельмі дзіўна, што кніга пабачыла сьвет толькі ў гэтым годзе, бо гэтая асоба вельмі знакавая для беларускай эміграцыі. На вершы Міхася Кавыля пісалі музыку і сьпявалі песьні. Але так сталася, што ад 1990 года пасьля друку ягонай кнігі ў ЗША, на Беларусі ён ня меў друку. Як паэт і творца Міхась Кавыль быў малавядомы на Бацькаўшчыне. З другога боку, тое, што гэтая кніга выходзіць толькі цяпер, адлюстроўвае жыцьцё багатае на падзеі і зломы для беларускага эмігранта пасьляваеннай хвалі», – зазначыла Натальля Гардзіенка.
Лявон Юрэвіч – літаратуразнаўца і архівіст Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі, які з’яўляецца ўкладальнікам кнігі, зазначыў, што яна рыхтавалася да друку ў Беларусі. Таму прозьвішча Натальлі Гардзіенкі, якая таксама з’яўляецца ўкладальніцай, у ёй не фігуруе. Але праз перасьлед і падзей 2020 года сталася так, што кніга пабачыла сьвет у Беластоку.
«Макет кнігі мы не зьмянялі. Ён такі ж, які плянаваўся да друку ў Беларусі. Кніга выдадзена ў сэрыі «Спадчына: агледзіны», якая заснавана ў 2017 годзе. У гэтай сэрыі друкуюцца знакавыя асобы пра якіх мала вядома ў Беларусі, але якія шмат зрабілі для беларускай справы на эміграцыі», – распавёў літаратуразнаўца.
Вядучы імпрэзы Міхась Чаропка ўзгадаў і іншых творцаў эміграцыі – Натальлю Арсеньневу, Уладзімера Дудзіцкага, Янку Юхнаўца ў межах месяца нацыянальнай спадчыны эмігрантаў.
Ганна Сурмач, дзяячка Рады БНР, звярнула ўвагу на ўзбагачэньне нацыянальнай спадчыны беларускімі аўтарамі, навукоўцамі, грамадзкімі дзеячамі.
«Вядома, што цяпер неспрыяльны час, але гэтая спадчына павінна трапіць у Беларусь і стаць вялікім укладам у разьвіцьцё беларускай культуры», – падкрэсьліла Ганна Сурмач.
Пасьля прадстаўленьня кнігі і аўтара ў грамадзкай залі можна было пазадаваць укладальнікам пытаньні, абмяняцца думкамі за кавай з яблычным пірагом і прысмакамі.
Укладльнікі шчодра падпісвалі кнігу ўсім ахвотным.
Кніга Міхася Кавыля «Выбранае» пабачыла сьвет дзякуючы фундацыі Крачэўскага (Нью-Ёрк).
Алесь Пазьняк, bielarus.info,
здымкі аўтара