Нагадаем, што экс-кіраўніка штаба Віктара Бабарыкі затрымалі на пачатку верасня 2020 года, пасля чаго спецслужбы паспрабавалі вывезці Марыю Калеснікаву з Беларусі ва Украіну. На мяжы Калеснікава парвала свой пашпарт, каб пазбегнуць вымушанай дэпартацыі, і ў выніку апынулася за кратамі.
6 верасня 2021 года Мінскі абласны суд палічыў Марыю Калеснікаву вінаватай у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт.357, ч.3 арт.361, ч.1 арт.361-1 Крымінальнага кодэкса і прысудзіў да 11 гадоў пазбаўлення волі. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраванні такім фарміраваннем, публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады. Хоць такі вердыкт, акрамя абурэння, нічога іншага не выклікаў у цывілізаванай грамадскасці.
На пачатку гэтага года Марыю этапіравалі ў Гомельскую калонію. Напрыканцы мінулага месяца стала вядома, што Марыя патрапіла ў шпіталь з хірургічнай паталогіяй, яе прааперавалі 28 лістапада.
5 снежня Марыі Калеснікавай дазволілі паразмаўляць у палаце з бацькам, але не сам-насам, а ў прысутнасці супрацоўнікаў МУС.
А як зараз сябе пачувае Марыя Калеснікава?
– На жаль, вакол сітуацыі з дачкой ізноў утварылася інфармацыйная блакада, – распавёў “Народнай Волі” Аляксандр Паўлавіч Калеснікаў, бацька Марыі. – Лістоў ад яе няма, хаця, мяркую, яна пісала і піша мне. Калі тэлефаную, каб даведацца пра стан здароўя Машы, то адказваюць: “Па тэлефоне даведак не даём”. Я адправіў запыт і заказным пісьмом, і па электроннай пошце, але адказу пакуль не дачакаўся.
На гэтым тыдні ў Гомелі быў адвакат Марыі, але яго таксама не пусцілі да яе. Паведамілі, што яна, маўляў, знаходзіцца ў медсанчасці, а таму не можа дайсці да пакоя, дзе адбываецца сустрэча з адвакатам. Адным словам, я абсалютна не ведаю, як сёння сябе пачувае Маша.
Асабіста мне ехаць у Гомель таксама, відаць, не мае сэнсу, бо можна згубіць дзень без гарантыі, што нешта даведаешся. Таму афіцыйныя лісты адправіў – чакаю, што адкажуць.
– Але ж сустрэчу ў шпіталі вам дазволілі…
– Пасля гэтага яшчэ некалькі дзён у санчасці мне давалі інфармацыю па тэлефоне пра стан здароўя дачкі, казалі, што яна папраўляецца, але затым рэзка інфармацыя стала закрытай. Сказалі: усё даведвайцеся толькі праз афіцыйны запыт.
Я толькі не разумею, навошта так засакрэчваць інфармацыю ад бацькоў? Бацька не мае права ведаць, як сябе пачувае дачка пасля аперацыі, нават калі яна ў гэты час адбывае пакаранне? Не хочацца разважаць пра этычныя нормы, але проста цікава: што ў гэтых людзей замест сэрца?