
Распачаўся набор на 20-ю стыпендыяльную праграму імя Кастуся Каліноўскага ўрада Польшчы. Яна прызначана для рэпрэсаваных студэнтаў, а таксама маладых людзей з беларускіх сем’яў, якія трапілі пад рэпрэсіі ў РБ і жадаюць атрымаць вышэйшую адукацыю ў Польшчы.
Праграма імя Каліноўскага з’явілася ў 2006 годзе пасля падаўлення пратэстаў у Беларусі, якія распачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў. Іх галоўнай сілай была моладзь.
Гэтая стыпендыяльная праграма стала найбуйнейшай у Еўропе праграмай дапамогі для маладых беларусаў, якія не могуць навучацца ў Беларусі з-за сваіх палітычных перакананняў. У 2006-2023 гадах на праграму Каліноўскага было прынята 2539 стыпендыятаў, якія пачалі навучанне ў 83 навучальных установах па ўсёй краіне. 88 чалавек прайшлі гадавую навуковую стажыроўку. У 2024 годзе быў праведзены чарговы адбор і конкурс па праграме, у якім прынялі ўдзел амаль 300 чалавек.