Бібліятэкар і выдавец Ігар Іваноў на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў, што Бібліятэка Кангрэса ЗША пераглядзела класіфікацыю ўкраінскага раздзела — вылучыла ў асобны ад СССР і Расіі раздзел і зрабіла больш дакладную перыядызацыю ўкраінскай гісторыі. На чарзе для перагляду — Беларусь. Яе таксама вылучаюць у асобны ад СССР і Расіі раздзел і шукаюць спецыялістаў для прафесійнага супрацоўніцтва. Пагаварылі з Ігарам Івановым, якое значэнне гэта мае для Беларусі і прычым тут працэс дэкаланізацыі.
— Чаму інфармацыю пра вылучэнне ўкраінскага раздзела ў асобны нельга знайсці ў англамоўных медыя?
— Гэта інфармацыя для спецыялістаў, а не тое, што будуць публікаваць сродкі масавай інфармацыі. Я даведаўся пра гэта проста з матэрыялаў вэбінара для бібліятэкараў, якія працуюць са славянскімі матэрыяламі. Для нас гэта цікава, таму што адбываецца працэс дэкаланізацыі бібліятэк і ўвогуле інфармацыйнай сферы. На Захадзе пераасэнсоўваюць нашу гісторыю.
— Як матэрыялы па ўкраінскай гісторыі захоўваліся да вылучэння ў асобны раздзел?
— На ілюстрацыі бачна, што першы бібліятэкар, які сфармуляваў частку, дзе Украіна фігуруе, зрабіў гэта ў 1916 годзе. Украіна там называлася Малой Расіяй, ці Малой Руссю. Потым да канца 1980-х было вельмі малое развіццё гэтай часткі: Украіна разглядалася як частка СССР, як частка Расіі.
У англамоўным свеце Савецкі Саюз увесь час называлі Расіяй. Яны маглі мець на ўвазе і Беларусь, і Казахстан, і Украіну, і каго заўгодна, але называлі гэта Расіяй.
Вядома, спецыялісты разумелі розніцу, але на нейкім падсвядомым узроўні яно ўсё роўна спрацоўвала так, быццам бы «саюзных рэспублік» няма, ёсць толькі Расія. Гэта пачало змяняцца, калі Савецкі Саюз пачаў распадацца. З’явілася неабходнасць штосьці рабіць з незалежнымі дзяржавамі. Раздзел з класіфікацыйным кодам DK называўся «Расія, Савецкі Саюз, Былыя Савецкія Рэспублікі. Польшча». У гэтым раздзеле знаходзіліся ўкраінскія матэрыялы.
За вылучэнне асобнай секцыі ўзяліся ў 2014 годзе з-за акупацыі Крыма і Данбаса. Тады паўстала пытанне, як бібліятэкары будуць апісваць гэтую сітуацыю, калі ёсць украінская тэрыторыя, якой Украіна не кіруе. З Украінай праца ўжо завершана. Цяпер у асобны раздзел будуць выводзіцца беларускія адзінкі захоўвання.
Праз гэта ў навуковым дыскурсе ўрэшце разарвецца тая сувязь з Расіяй: наша гісторыя не пачынаецца ў Расіі і не заканчваецца з Савецкіям Саюзам. Яна самастойная. Гэта тое, як выглядае працэс дэкаланізацыі. Пасля Беларусі бібліятэка мусіць узяцца за Малдову, каўказскія рэспублікі і краіны Цэнтральнай Азіі.
— Як змянілася перыядызацыя гісторыі Украіны?
— У старой класіфікацыі ранняя гісторыя была да 1340 года. У новай класіфікацыі яна ідзе да XII стагоддзя — Сярэднявечча. Украінская гісторыя ўжо не разглядаецца праз прызму расійскай гісторыі, а разглядаецца сама па сабе і больш падрабязна.
Таксама ў новай класіфікацыі дамінаванне Польшчы і Літвы замянілі на перыяд ВКЛ, Кароны Польскай і Рэчы Паспалітай.
— Чаму класіфікацыя ў Бібліятэцы Кангрэса ЗША мае ўплыў на навуковую супольнасць?
— Бібліятэка Кангрэса ЗША — найбуйнейшая бібліятэка ў свеце. У яе калекцыі — 173 млн адзінак захоўвання. У беларускай Нацыянальнай Бібліятэцы для параўнання — 10,5 млн адзінак.
Бібліятэка Кангрэса таксама мае важнае тэарэтычнае значэнне, бо яе класіфікацыю выкарыстоўваюць каля паловы вялікіх бібліятэк свету. Таму калі яны мяняюць класіфікацыю цяпер, то праз 5–10 гадоў мы пабачым гэта ў найбуйнейшых бібліятэках свету.
Для нас цяпер важна не ўпусціць гэты момант. У нас ёсць магчымасць пачаць распавядаць англамоўным пра тое, што яны на нас глядзелі праз расійскія акуляры. Просты прыклад — гэта транслітарацыя. У мінулым годзе, калі я быў на канферэнцыі бібліятэкараў і бібліятэкарак, якія працуюць са славянскімі калекцыямі ў Брытаніі, зайшла гаворка пра дэкаланізацыю. Я сказаў, што мы, брытанскія бібліятэкары, увогуле выключаем панятак беларускай лацінскай графікі. Па ўяўленні брытанскіх бібліятэкараў, у беларусаў ёсць толькі кірыліца. Паводле кірыліцы амерыканцы і брытанцы ў 1960-х прыдумалі сістэму транслітарацыі, якой да гэтага карыстаецца як урад, так і бібліятэкі.
Англамоўны свет глядзіць на Беларусь расійскімі вачыма, быццам бы ў Беларусі няма ўласнага алфавіту, уласнай культуры. З напісаннем імёнаў і прозвішчаў — страшны бардак, таксама і праз тое, што бардак у беларускіх пашпартах.
Аднойчы я пісаў у The Guardian ліст, бо яны пісалі прозвішча Ціханоўскай па правілах расійскай арфаграфіі. Таму што журналіст у Маскве і карыстаецца рускамоўнымі крыніцамі. Але дастаткова было аднаго ліста, каб патлумачыць і прывесці доказ, што ў Святланы Ціханоўскай ёсць свой Twitter, і там яе імя пішацца лацінкай па-беларуску.
Мне як бібліятэкару зразумела, што трэба працаваць з маімі англамоўнымі калегамі і тлумачыць, што калі вы гаворыце пра дэкаланізацыю, то датычна Беларусі вы павінны прызнаць, што дагэтуль карыстаецеся каланіяльным сродкам напісання імёнаў уласных і гэтак далей.
Працы яшчэ шмат, але тое, што мы назіраем — этап працэсу дэкаланізацыі.