Міністр абароны РБ Віктар Хрэнін на XI Маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспецы зрабіў «адназначную выснову»: «Магчымасць прамога ваеннага сутыкнення з NATO у будучыні становіцца вельмі відавочнай». Што стаіць за яго словамі? Жаданне спадабацца Маскве, альбо нешта больш сур’ёзнае?
Па словах Хрэніна, «адзінае, што стрымлівае ўладныя структуры краін «залатога мільярда» ад развязвання буйнамаштабнай вайны — гэта пагроза ядзернага адказу на іх дзеянні».
— Невыпадкова Беларусь разглядае вяртанне тактычнай ядзернай зброі на сваю тэрыторыю, як дзейсны фактар стратэгічнага стрымлівання, — падкрэсліў Хрэнін.
Ён абвінаваціў заходнія краіны «ў падрыхтоўцы раптоўнага нападу», арыентаванасці «на буйнамаштабную вайну», выказаў прэтэнзіі з нагоды нібыта імкнення «заходніх элітаў» да «рэгіянальнага дамінавання», «забеспячэння сваёй гегемоніі ў мадэлі аднапалярнага свету, каб кантраляваць рэсурсы ўсёй планеты», у фактычным «адраджэнні гандлю рабамі» і спробах каланізацыі.
Пры гэтым тэкст Хрэнін зачытваў па паперцы і так ні разу і не змог вымавіць правільна вытворныя словы ад «каланізаваць». Замест «неакаланіяльнага рэжыму» ён вымавіў «неакалінальнага рэжыму», замест «для сучасных неакаланізатараў» — «для сучасных неаканалізатараў», і замест «з’яўляецца своеасаблівай каланізацыяй» — «з’яўляецца своеасаблівай каланілізацыяй».
— Тое, што Хрэнін чытае строга па паперцы, абсалютна нармальна. На такіх канферэнцыях толькі Лукашэнка можа гаварыць «ад сябе», — адзначыў у экспрэс-каментары Салідарнасці каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наша меркаванне» Вадзім Мажэйка. — Гэты падрыхтаваны тэкст азначае, што ўсё, што прагучала, не нейкая лакальная агаворка, а афіцыйная пазіцыя.
Думаю, што сказанае не з’яўляецца ініцыятывай Хрэніна. Мінск прывык казаць тое, што нехта хоча пачуць. Асабліва гэта прыкметна на прыкладзе рыторыкі Лукашэнкі на адрас Крамля, каласальную падтрымку якога ён адчувае.
Але і з заходнімі журналістамі ён таксама гаворыць тое, што ім хочацца пачуць.
Цяпер у Расіі рыторыка вельмі мілітарызаваная. І ў дадзеным выпадку, спрабуючы патураць гэтай мілітарызацыі, Мінск вельмі далёка заходзіць і набліжаецца да вялікай вайны. І гэта вельмі сумна і вельмі рызыкоўна.
Асабліва палітолаг звярнуў увагу на згадку ў прамове Хрэніна пагроз ядзернай зброяй.
— Пасаж пра ядзерную зброю тут найбольш істотны. Гэта даволі лагічная выснова для ўсіх сённяшніх дыктатур: сапраўды, у першай чвэрці XXI стагоддзя адзіны надзейны спосаб захаваць сваю дыктатуру такой, як ты хочаш, — ужыць ядзерную зброю.
Кадафі адмовіўся ад ядзернай зброі і скончыў, як у самых страшных кашмарах усіх дыктатараў. Кім Чэн Ын не адмовіўся, а, наадварот, развівае — і ўсё з ім добра, ва ўсякім разе датуль, пакуль ён не прыме гэтую зброю.
Адсюль цалкам лагічная выснова Мінска пра тое, што размяшчэнне ядзернай зброі можа быць вось такой вось страхоўкай. Вядома, пры гэтым ігнаруюцца ўсе рызыкі, якія ёсць ад такога размяшчэння.
І той факт, што гэтай ядзернай зброяй распараджаецца не Мінск, а Масква. Але гэта дэталь, на якой Мінабароны імкнецца ўвагу не акцэнтаваць.
— Вы сказалі, што «Мінск далёка заходзіць і набліжаецца да вялікай вайны». Але гэта наўрад ці думкі Мінска. Хрэнін агучвае нават не пазіцыю Лукашэнкі, а пазіцыю Крамля?
— Па прыкладзе свайго начальніка, які, прыязджаючы ў Расію, заўсёды агучвае тое, што прыемна Пуціну, як я ўжо сказаў. Напрыклад, пра тую ж «экскурсію» «Вагнера» ў Варшаву і Жешуў.
У любым выпадку пакуль гэта проста рыторыка, выглядае гэткім дыпламатычным ходам.
Але мы ўжо бачылі, да чаго прывяла падобная рыторыка ў патаканні Расіі ў пачатку 2022 года. Усе гэтыя заявы пра сумесныя вучэнні скончыліся тым, што Беларусь стала суагрэсарам.
— Таму і да гэтай заявы, вы лічыце, варта ставіцца сур’ёзна, не адцягваючыся на тое, што міністр ці то ад хвалявання, ці то ад няведання так і не здолеў вымавіць слова «каланізацыя»?
— Можа, ад хвалявання абмовіўся. Урэшце, пісьменнасць не адносіцца да ліку ключавых навыкаў міністра абароны.
Але калі казаць сур’ёзна, рызыка таго, што зноў па тэрыторыі Беларусі пройдзе чужая вайна, досыць высокая. Яна рэальна не нулявая. Вядома, вельмі не хочацца ў гэта верыць, але пасля ўварвання ва Украіну ігнараваць гэтую заяву нельга.
Хочацца верыць, што і NATO паставіцца да яго сур’ёзна і не дазволіць больш ніякімі верталётам залятаць на тэрыторыю Польшчы.
novychas.online паводле gazetaby.com