Максім Зафранскі: У Беларусі існуе манаполія на студэнцкую ініцыятыву

Ці ёсць розніца паміж праблемамі, якія знаходзяцца ў Беларусі і па-за яе межамі? На якія праграмы цяпер могуць падавацца беларускія студэнты? Якія доказы рэпрэсіяў неабходна мець?

Адказы на такія пытанні шукаў міжнародны сакратар Задзіночання Беларускіх Студэнтаў, які жыве ў Нарвегіі, Максім Зафранскі. Падрабязней — у гутарцы з Алісай Поль для racyja.com:

— У Беларусі сітуацыя складаная, бо студэнты не могуць выказваць сваю пазіцыю, і няма ніякай прасторы для праяўлення сваёй студэнцкай ініцыятывы. То бок, усе студэнцкія аб’яднанні, ці нейкія ініцыятывы, ці нейкія кружкі, ці штосьці такое, гэта цяпер немажліва правесці ў Беларусі, бо там існуе манаполія на студэнцкую ініцыятыву, але гэта не ініцыятыва, калі ўсе парады ідуць з верху, з боку адміністрацыі. Гэта я кажу пра праўладны студэнцкі саюз і БРСМ. На жаль, усё яшчэ адбываюцца рэпрэсіі за падзеі дваццатага году. Даволі часта мы бачым навіны, што студэнтаў затрымліваюць, і яны здымаюцца ў гэтых пакаяльных відэа, дзе кажуць, што яны бралі ўдзел у нейкіх пратэстах у дваццатым годзе. Гэта асноўныя праблемы ў Беларусі, у замежжы праблемы ўжо трошкі іншыя, бо калі людзі ўцякаюць з Беларусі, ім патрэбная нейкая дапамога, ім патрэбна знайсці магчымасці для навучання. На жаль, праграмаў падтрымкі цяпер няшмат. Асноўная праграма, то праграма Каліноўскага ў Польшчы. Але праблема ў тым, што фінансаванне нестабільнае і гуляюць чуткі, што праграму могуць закрыць, бо бракуе сродкаў — студэнтаў прыходзіць больш, чым ёсць фінансаў. Увогуле, у Еўропе цяпер няшмат такіх праграмаў, што падтрымліваюць рэпрэсаваных студэнтаў. І на жаль, не так шмат беларускіх студэнтаў валодаюць ангельскай мовай на дастатковым роўні, каб навучацца, напрыклад, у Нарвегіі, і гэта таксама такое абмежаванне, бо для іх магчымасцяў для навучання яшчэ меней. Таксама ёсць праблема з дыскрымінацыяй, але яна часткова была развязаная. Напрыклад, у Эстоніі, пасля пачатку вайны сітуацыя была выпраўленая. Дзякуючы працы дэмакратычных сілаў і мясцовай дыяспары беларускія студэнты могуць паступаць у Эстонію без розных перашкодаў. Але ёсць Чэхія, у якой, на жаль, гэтая праблема засталася, і беларускім студэнтам вельмі цяжка паступаць, бо там існуе візавы бан, і проста студэнты, нават калі яны будуць прынятыя ў універсітэт, яны не змогуць атрымаць від на жыхарства ў гэтай краіне, і гэта перашкаджае іхнаму працягламу навучанню ў гэтай краіне.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле

— Асноўны кірунак зараз гэта Польшча, там ёсць стыпендыя Каліноўскага на якую можна падавацца раз у паўгады. Акрамя Каліны ёсць і іншыя стыпендыі. У тым ліку стыпендыя Андэрса для беларусаў з польскімі каранямі. Таксама ў Польшчы ёсць і лакальныя стыпендыі. У Літве ёсць ЕГУ, аднак там стыпендыі не гарантаваны і не на ўвесь тэрмін адукацыі, — дадаў Максім Зафранскі.

racyja.com