Ганна Сурмач: 11 верасня – Дзень смутку і памяці

11 верасьня 2001 году – самы трагічны дзень у сучаснай гісторыі Амэрыкі. У выніку тэрарыстычнай атакі загінула каля 3000 тыс. чалавек. Амаль усе яны адыйшлі ў вечнасьць у Нью-Ёрку, дзе тэрарысты ўзарвалі дзьве вежы Міжнароднага гандлёвага цэнтра (WTC – WorldTrade Center). І самыя вежы і тысячы людзей, якіятам знаходзіліся, ператварыліся ў попел. Была сярод іх і беларускаа Ірына Бусло, якая там працавала.

На месцы трагедыі ў даволі хуткім часе паўстаў грандыёзны Мемарыял, як мне падаецца, падобнаму яму па велічы няма нідзе ў сьвеце.

Кожны год 11 верасьня на тэрыторыі Мемарыяла шматлюдна, поўна кветак, якія ўскладаюцца на парапет, пад якім сплываюць тонкія струмені вады -сымбаль адыходу ў вечнасьць ахвяраў нападу.

Кожны год з таго часу, як жыву ў Нью-Ёрку, купляю кветкі і еду наведаць Мемарыял, памаліцца за душы нявінных ахвяраў. Не была толькі пад час пандэміі. Для мяне гэта незабыўны асабісы ўспамін.

Ніколі не забуду той страшны дзень. Я жыла тады ў Празе і прыйшла недзе апоўдні на працу на Радыё Свабода. У пакоі быў тэлевізар і я раптам бачу наўпроставы рэпартаж з Нью-Ёрку – гараць вежы WTC на ніжнім Мангэттане. Бачу, як гмахі паволі асядаюць і зьнікаюць у клубах попелу і дыму.Далей паведамляецца, што самалёты атакавалі іншыя абьекты ў Амэрыцы. Што гэта? Што адбываецца? Можа гэта ўжо пачатак вайны? Я ўжо ледзь не трачу прытомнасьць, бо там мае дзеці – сын Алесь і цяжарная нявестка Ганна. Ведаю, што сын у гэтыя дні працаваў на Мангэтане. Спрабую яму званіць, тэлефон не адказвае. Амаль да поўначы я спрабавала дазваніцца ў Нью-Ёрк, не ведала, што з дзецьмі. Цяжка нават зараз пра гэта ўспамінаць. Толькі пасьля 11 вечара мне пазваніла з Менску маці маёй нявесткі і паведаміла, што дзеціў парадку. Ім удалося дазваніцца ў Менск нанейкай аўтазапраўцы. Тэлефоны ў Нью-Ёрку не працавалі, бо антэны, якія забясьпечвалі сувязь,знаходзіліся якраз на гэтых вежах. У Нью-Ёрку не працаваў сабвэй, людзі ішлі з Мангэтана ў іншыя раёны гораду пешкі праз масты і тунэлі.

Пазьней я даведалася, што мой сын у гэты дзень па дарозе на працу завёз жонку да доктара і ехаў з калегамі аўтам якраз у ніжні Мангэтан. Яны пабачылі дым над вежамі і накіраваліся туды, каб паглядзець, што сталася. Мой сын меў вялікі сантымэнт да гэтых вежаў, для яго гэта быў галоўны сымбаль Нью-Ёрка. Яны пад’ехалі бліжэй і сын пачаў рабіць фота, былі ўжо зусім побач, калі вежы пачалі падаць і сын быў адным з тых, хто зафіксаваў зблізу момант падзеньня вежаў.

Пасьля Алесь забраў жонку і яны абодва з цяжкасьцямі выбіраліся з Мангэтану ў Квінс, дзе тады жылі.

Праз некаторы час я прыехала ў Нью-Ёрк наведаць сынаву сямью, якая праз два з паловаю месяцы папоўнілася маленькай дачкою Трініты. Цяпер нам заўсёды лёгка помніцца год яе нараджэньня -2001.  З трагедыяй сталася назаўсёды зьвязаная гэта вялікая радасьць у нашай сямьі. Так было і ў сямьі Сяргея і Галіны Навумчыкаў, якія тады жылі ў Нью-Ёрку,  у іх таксама  неўзабаве пасьля тэрактунарадзілася дачка Ганна. Цяпер нашыя дзяўчаты ўжо дарослыя паненкі.

Я наведала месца трагедыі, пабачыла тады папялішча. Падумалася, як доўга яшчэ будзе зацягвацца гэтая рана. Але, руплівым і адказным амэрыканцам гэта ўдалося зрабіць даволі хутка. Неўзабаве быў абвешчаны конкурс на забудову месца і ўшанаваньне памяці ахвяраў. Я цікавілася, як праходзіў конкурс, як перамог архітэктар Дэніэл Лібескінд (родам з Познані)  і як потым імкліва ішла будоўля. У наступны прыезд у Нью-Ёрк я наведвала тыя мясьціны і назірала, як уздымаліся новыя хмарачосы. Цяпер гляджу і не верыцца, як можна было так прыгожа, годна, велічна ўсё гэта збудаваць, якія таленавітыя творцы і высокаадукаваныя інжынеры, будаўнікі над гэтым працавалі.

Сёньня я ўскладала кветкі ў Мемарыяле не толькі ад сябе, але і ад нашай беларускай грамады ў Нью-Ёрку. Я спадзяюся, што мяне падтрымаюць мае сябры і паплечнікі і наведваньне Мемарыялаштогод 11 верасьня стане нашай традыцыяй, выявай нашай удзячнай памяці пра загінулых амэрыканцаў, якія аддалі свае жыцьці за Амэрыку. Зло, якое панавала тут у той  цяжкі дзень, было скіравана супроць галоўных ідэалаў, на якіх стаіць Амэрыка – свабода, роўнасьць, правы чалавека. 

11 верасьня ёсьць не толькі днём смутку і памяці, але ў амэрыканскім календары ён пазначаны як Patriot Day. У той крытычны час амэрыканцы паказалі сябе сапраўднымі патрыётамі. Людзі не ўпалі ў паніку, а згуртаваліся як адзін народ, які прымае выклік і будзе змагацца за сваю краіну. Я тады на Радыё рабіла адмысловую перадачу і запісала сьведчаньні нашых суродзічаў пра іх уражаньні ад тых падзеяў. Яны паведамілі, што назіралі вялікія чэргі жадаючых здаць кроў для параненых, што людзі стараліся дапамагаць адзін аднаму, даць начлег тым, хто не змог дабрацца дахаты. Людзі былі рашучыя да супраціву і гаварылі, што тэрарысты нас не запалохаюць. А потым усё адбудавалі і паказалі ўсяму сьвету сваю духовую моц.

God bless America!

(Дарэчы, гэта назва песьні, якая стала гімнам, музыку напісаў ураджэнец Беларусі Ірвінг Берлін).

Ганна Сурмач, bielarus.info