Пісьменнік Сяргей Календа вядомы яшчэ і сваім талентам цырульніка. І жыццё ў гэтай сферы падкінула дзясяткі гісторый – вясёлых і не вельмі, толькі для дарослых і для шырокай публікі.
Зусім нядаўна Сяргей Календа завяршыў гісторыю выдання сваёй дзіцячай кнігі «Хлопчык Томчык. Tomčyk the Boy». І вось рыхтуе наступную – «Стрыжэ і піша».
Сяргей Календа — пісьменнік, культуролаг, рэдактар, капірайтар. Скончыў Факультэт міжнародных адносін БДУ па спецыяльнасці культуролаг-гебраіст, аддзяленне літаратуры і філасофіі Беларускага Калегіюма пры Беларускім ПЭН-цэнтры, лонданскую б’юці-акадэмію Toni & Guy, стыліст міжнароднага класа. З’яўляецца стваральнікам і галоўным рэдактарам часопісаў «Макулатура» і «Мінкульт». Аўтар кніг «Часам панкі паміраюць», «Кантынэнтальны сняданак», «Ўсё ўключана», рамана «Мімікрыя» (пад псеўданімам Аляксандр I. Бацкель).
У інтэрв’ю budzma.org Сяргей Календа распавядае пра ідэю стварэння кнігі ў такім, не самым распаўсюджаным у беларускай літаратуры жанры, а таксама пра тое, як у яго жыццё прыйшло цырульніцтва ды засталося ў ім назаўжды і якім быў шлях да Вільні.
«Самі па сабе гісторыі пачалі збірацца»
– Я даўно пачаў працаваць цырульнікам, яшчэ са школы. І калі ты такі малады адразу трапляеш у б’юці сферу, то табе гэта ўсё цікава, усё яскрава, усё незнаёма. Ды самі па сабе гісторыі пачалі збірацца, хтосьці там з сяброў прыходзіць, пакуль стрыжэмся, кажа: «Ну што, Календа, распавядзі, што там у вас цікавага было, ты ж працуеш у жаночым калектыве, там геі ў вас ёсць і ўсё такое» – то бок пастаянныя такія правакацыі да расповедаў. І, трэба прызнацца, мне заўжды было што распавесці. Ды хаця б як кліент прыйшоў стрыгчыся і палез біцца, ці як былому КДБшніку адрэзаў кавалак вуха. Для мяне гэта ўсё было як анекдот.
А потым, калі мінула год восем, я ўжо працаваў у іншым месцы, у гатэлі – а ў гатэлях розных працаваў – у «Мінску», «Кроўн Плазе» і іншых, мне трапляецца жанчына метрдатэль, вельмі такая эмацыйная, яна заўсёды магла распавесці нешта суперцікавае з гатэльнага жыцця. І ты думаеш – во, вось гэта гісторыя, сумна я жыву. Трэба збіраць гісторыі. Пачаў хадзіць нават у курылку гатэльную, каб паслухаць гісторыі, хаця сам і не паліў. Гісторыі кшталту: во, учора Бэкхэм прыехаў і на закрытай паркоўцы сярод машын у мячык гуляўся – час размінкі прыйшоў якраз. Пачаў такія байкі занатоўваць, каб не забывацца проста – кароткія нататкі. І напісаў кнігу пра гатэльнае жыццё «Кантынентальны сняданак». Але напісаў, калі ўжо сышоў з працы ў гатэлі, бо была дамоўленасць, што пакуль я на кантракце, то ніводная гісторыя не выходзіць вонкі. У кнізе не называецца, які менавіта гатэль, імёны і прозвішчы таксама няісныя, проста нейкі гатэль і цікавыя гісторыі ў ім. Калі кніга выйшла, выдаўца Ігар Логвінаў сказаў, што яна яму найбольш падабаецца з усіх маіх, кажа гэта і па сёння. Кнігу «Стрыжэ і піша» можна разглядаць як працяг гэтай гатэльнай гісторыі.
У Інстаграме ў мяне назбіралася дзесьці 150 кароткіх гісторый за шмат год. Я нікуды не спяшаўся. Гісторый большала, мне пісалі чытачы: ну, калі кніга ўжо будзе, каб больш разгорнута? Каб не па хэштэгах дзесьці гуляць, а ўзяць і пачытаць усё разам. Я неяк сумеўся: слухайце, у мяне няма мэты з гэтага кнігу рабіць, гэта не мастацкая проза нават. Гэта бульварнае чытво, сесці пазабаўляцца, такое. А мне: «Ну ёсць жа кнігі цырульніцкага профілю: як рабіць афарбоўкі, як стаць майстрам фрызур і г.д. Дык зрабі такое вось унікальнае ў гэтай сферы – кшталту, жыццё ў цырульніцтве, тым больш ты столькі там працуеш». І напрыканцы мінулага года я ўжо пачаў падсумоўваць свае здабыткі, палічыў свае гісторыі, адрэдагаваў – выпала 50 адразу, яны цікавыя могуць быць толькі вельмі вузкаму колу прафесіяналаў. То бок усяго ў кнізе будзе 80 гісторый. Але туды трапяць і такія, дарослыя, падзамочныя гісторыі. І тут ужо ідзе разгалінаванне – дзе тут праўда, дзе выдумка. Тут ужо пачынаецца мастацкая літаратура.
– Падзамочныя?
– Для дарослых, датычныя ў тым ліку сэкса. Зазначу, што, прыкладам як і ў Сяргея Даўлатава, у гэтых байках чытач не зразумее, дзе дададзеныя выдуманыя элементы. І не трэба старацца гэта зразумець. Нецікава будзе. Адасобіць трэба ўвогуле тое, што я працую ў гэтай сферы. І спажываць менавіта як чытво.
– А гэта гісторыі з якога перыяду? З Мінску?
– Ёсць і віленскія ўжо. Акрамя беларускіх і віленскіх, ёсць гісторыі з Лондану, дзе я вучыўся і працаваў. Ёсць некалькі з Берліну – таксама трохі папрацаваў там і пажыў. Большасць – 70% – усё ж беларускія. Мне так здаецца, што такая кніга можа ўсё жыццё збірацца, але, як прапанавала Валянціна Андрэева, рэдактарка беларускага выдавецтва ў Кракаве Gutenberg Publisher, «скончы на гэтым этапе кнігу – яна зараз цікавая шмат каму, а потым, будзе жаданне, працягвай збіраць гэтыя байкі».
– На якім этапе зараз кніга?
– Засталося адрэдагаваць. Гэта зойме некалькі месяцаў, а пакуль гэтая справа будзе рабіцца, то на маім патрэоне будуць з’яўляцца гісторыі, дасяжныя падпісчыкам. Ёсць некалькі гісторый даволі далікатных, скажам так, для маіх кліентаў, але такія гісторыі ў публічную прастору не пойдуць. Але пад замком на патрэоне – што праўда, без імёнаў – можна будзе пачытаць. Потым выйдуць у кнізе пад рэдакцыяй.
«Мяне прывабіла тое, што можна пачаць зарабляць свае грошы»
– Як увогуле з’явілася цырульніцтва ў тваім жыцці? Хацеў быць медыкам, вучыўся на міжнародных адносінах, стаў гебраістам, а потым – цырульня і пісьменніцтва. Не адмаўляешся ад усіх прапановаў лёсу?
– Можна сказаць і так. Напрыклад, як я апынуўся ў Вільні. Я гэта доўга не планаваў – усё зрабіў за тыдзень. Калі быў 2020 год, я жонцы казаў: мы не будзем нікуды спяшацца, мы на сваёй зямлі жывем, працуем – усё будзе. У 2021 годзе стала зразумела, што нешта надыходзіць, але не спяшаліся ўсё роўна. У 2022 годзе зрабілі ўсё вельмі хутка. Але калі мы ехалі – не было ні кватэры, ні працы. Я даваў сабе 3-5 дзён на пошук жытла і працы. Калі не – вяртаемся, бо значыць, мы не патрэбныя Вільні. Усё знайшлося за дзень. Зараз працую ў самай старой сетцы ў Вільні – ад пачатку незалежнасці Літвы, гэта сямейны бізнес – сем салонаў на сталіцу.
Але як я прыйшоў да гэтай працы. У 10 класе школы пайшоў на курсы, было нечым заняцца, школу музычную па кларнеце ўжо скончыў на той момант, і першае, што мне трапілася на вочы – на гэта я і пагадзіўся. Нейкую ўлётку рэкламную ўзяў. Маці таксама параіла ісці на курсы цырульнікаў – будзеш рукамі працаваць, грошы будуць. Карацей, мяне прывабіла тое, што можна пачаць зарабляць свае грошы. Не буракі палоць ездзіць у 14 год, на градкі з кіламетр, і нават не газеты ля «Юбілейкі» прадаваць – быў жа і такі заробак. І ў мяне хутка пачало атрымлівацца стрыгчы.
«Я думаю, што правільны выбар зрабіў»
– І хто стаў першым кліентам?
– Пачаў у двары са знаёмых, сяброў. А потым я стаў стрыгчы сваіх школьных настаўніц. І ўсё – у мяне з’явілася свабода ад школы, з’явіліся грошы і я пачаў здымаць сабе кватэру. Я зразумеў, што гэта прафесія можа быць любым дадаткам да майго жыцця. Такое было стаўленне спачатку. Аплаціў праз гэта сабе ўніверсітэт, яшчэ нешта. Калі ўжо стаў дарослым, ажаніўся, то пачаў шукаць іншыя магчымасці працаваць. Але заўжды вяртаўся да таго, каб заставацца ў цырульніцкім бізнесе. Аднойчы вырашыў, што ўсё – стаміўся, і тут прапанова ехаць у Toni & Guy у Лондан, гэта ж законадаўцы ў б’юці-індустрыі! То бок цырульніцкая праца кажа такая: «Куды ты сыходзіш? Паглядзі, якая магчымасць, адзіны такі будзеш з Беларусі. Давай, паехалі!». Так было і з Нямеччынай. Потым быў на пісьменніцкай стыпендыі ў Швецыі – і таксама не кідаў цырульніцтва. Я там пісаў і стрыг. Вось як і кніга будзе называцца. І так усё жыццё. Мне зараз 38 гадоў, і я думаю, што правільны выбар зрабіў у 30, калі сышоў з банка, працягнуў вучобу і стаўся трэнерам у Welle – і там за пяць гадоў, канечне, вырас, стаў весці семінары, трэнінгі. Гэта прафесія навучыла мяне ўсяму. І цяпер я спакойна працую, у мяне ізноў ёсць шмат новых гісторый ад новых людзей, што прыходзяць да мяне. Кожнаму ёсць што распавесці. Нездарма ж кажуць, калі хочаш даведацца навіны, палітычныя, эканамічныя – ідзі да цырульні. Можа прыйсці чыноўнік які, растрындзець штосьці, адзін з банку мне даваў інсайды, якія дазвалялі зрабіць выгадныя ўкладанні ў валюту напярэдадні вагання курсу.
Ды й зараз у Вільні ў мяне вельмі розныя кліенты. І шмат сваіх, беларусаў.
Прычым заўважыў, па-за Беларуссю беларусы больш стараюцца камунікаваць і бачыцца, чым у Мінску. Там кожны жыў сваім жыццём, раз на тыдні два бачыліся, тут – часцей, тут усё шчыльней і ўсе больш уважлівыя адзін да аднаго.
«Што да нашай культуры, то я тут не песіміст»
– А з творчасцю як у эміграцыі? Беларуская культура ў выгнанні, раскіданасць – сур’ёзны выклік…
– Мне здаецца, зараз у свеце зусім зменшыліся адлегласці, мы ўсё роўна адно з адным камунікуем, дзякуючы тэхналогіям. Гэта дапамагае нам быць у буйных кампаніях, нават калі мы знаходзімся ў маленькіх гарадах па-за межамі сваёй краіны. Вось я часам падлучаюся да нейкіх онлайн-лекцый у зуме, там сотні людзей з усяго свету, у тым ліку беларусы, слухаюць, глядзяць. І гэта дапамагае нам быць разам. Новыя сэнсы, зразумела, будуць з’яўляцца, бо немагчыма пасля ўсіх гэтых падзей слухаць «Простыя рэчы» Міхала Анемпадыстава і не плакаць – ужо зусім іншы сэнс набыты. Раней ён быў рамантызаваны, а зараз гэты сэнс вельмі балюча кранае, трагічна, і хочацца знайсці тое, каб не так цябе біла па-жывому. Каб, наадварот, нешта рабіла цябе больш мужным, не ведаю, вясёлым нават – вось гэтага хочацца. І такія сэнсы будуць з’яўляцца.
Вось зараз я працую з некаторымі праектамі, і вось у адным я сабе тэзісна так пазначыў, што трэба пашырыць у тэксце, раней гэта было нешта такое больш жорсткае, а зараз перарабляецца на нешта, хутчэй, саркастычнае, нават камедыйнае. Так атрымліваецца, можа быць, хочацца сысці ад балючых нейкіх рэчаў.
Што да нашай культуры, то я тут не песіміст. І яшчэ мне дапамагае тое, што ў мяне дзіцячы перыяд зараз. Чытаючы дзіцячыя кніжкі сыну, я не магу думаць як песіміст. Бо гэта будзе адбіраць у мяне эмоцыі, час і здароўе. Мне здаецца, вось гэта дапамагае. Нават не ведаю, што было б, калі б зараз я быў без сям’і, куды б падзеўся і чым бы займаўся.
– Томас асвоіўся ў новай краіне? Неяк ты казаў, што ён расце касмапалітам
– Так, моваў вакол яго шмат. У садочку ёсць польскія групы, ёсць змяшаныя, дзе беларусы і ўкраінцы вучацца, часам мяняюцца выхавацелькі. Томас ведае ўжо, акрамя беларускай, нешта з польскай, літоўскай, рускай і англійскай, то бок пяць моваў ёсць на дадзены момант, на некаторых можа і сказаць штосьці. Ды й на гаджэтах мовы пастаянна чаргуюцца, адзін дзень мы глядзім і слухаем толькі па-беларуску, наступны – толькі па-ангельску, на трэці – толькі па-польску. І гэта ўсё адкладаецца, вось яму зараз чатыры гады і ён ужо перастаў пытацца, калі чуе каго на вуліцы, на якой гэта – ужо разумее, дзе польская, дзе літоўская.
Вяртаючыся да пытання пра эміграцыю культуры, то скажу, што часам становіцца сапраўды страшна ад магчымых перспектыў у самой Беларусі – з гэтай новай татальнай русіфікацыяй. Адзінае, што выратоўвае, гэта веданне гісторыі.
Падзеі такія адбываліся неаднойчы з беларускай зямлёй. І кожны раз, калі яна атрымлівае свабоду, яна аднаўляе ўсе свае культурныя каштоўнасці. У яе заўжды гэта атрымліваецца. А ўлічваючы, як шмат беларусаў з’ехала і як шмат яны захоўваюць цяпер свайго культурнага жыцця, памяці гістарычнай, то аднавіць усё магчыма.
Адзінае, што пужае, што на месца часова з’ехаўшых шмат прыехала людзей з нашай усходняй суседняй краіны, сябры з Беларусі так і кажуць: адных людзей замясцілі іншымі. І вось гэта ўжо складана, невядома, у які кірунак гэта можа пайсці потым.