У відэапраекце «Сармат» размаўляем пра шляхецкую культуру ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы. Вядоўца праекта «Сармат» Васіль Калач — акцёр, рэжысёр, выкладчык гістарычнага фехтавання.

У першай серыі распавядаем пра гісторыю шаблі, бо шляхціч — той, хто народжаны для шаблі. Калі шабля ўвайшла ў нашую вайсковую традыцыю? Чаму гэтая зброя называлася ў нас і «батарувка», і «зыгмунтоўка», і карабэла ці драгунка? Якой формы магла быць шабля і як называліся яе дэталі? Калі і як шляхцічаў пачыналі вучыць фехтаванню?

У другой серыі разбурым распаўсюджаныя, але памылковыя меркаванні. Маўляў, шляхта — гэта такія заможныя людзі, якія сабраліся, прыдумалі сабе гербы і дрэс-код, ды вырашылі, што яны тут галоўныя. Або і такое ёсць: шляхта — гэта злыя польскія паны, якія прыгняталі беларускага батрака ў лапцях і сярмязе. Кім жа была шляхта насамрэч?

Глядзіце гістарычны цыкл «Сармат», дзяліцеся ўражаннямі ў каментарах пад відэа, дасылайце нам свае прапановы і ідэі для наступных выпускаў на электронную пошту thebudzma@gmail.com або ў тэлеграм-бот @BudzmaSuviaz_Bot.

Новыя серыі відэапраекта «Сармат» будуць выходзіць на нашым ютуб-канале штопятніцу. Падпісвайцеся на канал, каб не прапусціць.

Тайм-код першай серыі

00:05 пра што гаворка

00:49 батарувка і зыгмунтоўка — паходжанне шаблі

02:29 галаўня і эфес — што і як

04:24 чаму часам складана датаваць шаблю

05:06 навошта шаблі пятля

05:48 «жоначка», «каханачка»

06:25 не з шабляй, а на пальцатах

07:36 як насілі шаблі ў 17 і 18 стст.

08:18 колькі каштавалі шаблі

08:57 крыжовая школа — тэхніка бою

09:50 ці карыстаюцца шаблямі сёння? 

Расшыфроўка відэа

Таямніца паходжання шаблі

Пра гэта спрачаюцца гісторыкі. Ці яна з’явілася ў Кітаі, ці на бязмежных стэпах Еўразіі, ці ў Персіі… Дакладна, што ў Еўропу шабля прыйшла з Усходу. Гэта была зброя конных качэўнікаў. Па адной з версіяў само слова паходзіць ад вугорскага szabni — рэзаць. Зрэшты, ёсць аналагі ў цюрксіх ці паўднёваславянскіх мовах.

На прасторах Старажытнай Русі шабля з’явілася даволі рана, яшчэ ў Сярэднявеччы. Вядома чаму — праз войны з качэўнікамі: полаўцамі, хазарамі. У той жа час выкарыстоўваліся клінкі еўрапейскага ўзору — мячы, простыя, больш цяжкія. Але ўжо ў XVI стагоддзі шабля з пыхай уваходзіць у нашу вайсковую традыцыю — у часы вугорца Баторыя — і займае там пачэснае першае месца. Адсюль і назва аднога з тыпаў гэтае зброі — «батарувка».

Потым было яшчэ вельмі шмат відаў і назваў: «зыгмунтоўка» — на часы Жыгімонта Вазы, карабэла, драгунка, гусарская, татарская і армянская шаблі (чэчуга) і так далей… Кожная мела свае асаблівасці. Напрыклад, усходнія і паўднёвыя варыянты маглі не мець так званага каблука — дужкі, якая бараніла руку. Чаму? А так было прасцей перакінуць шаблю ў руцэ, і хват такое шаблі быў троху іншы. Затое гардай можна было скарыстацца як кастэтам.

З чаго складаецца шабля?

Асноўная частка — гэта галаўня, або клінок. Менавіта выгнутая і заточаная з аднаго боку, што і адрознівае шаблю ад мяча або рапіры. Зрэшты, часам часткова вастрылі і іншы бок.

Шабля найперш рубячая зброя і толькі ў другую чаргу колючая. Такая форма дазваляла эфектыўна рубіць ці, хутчэй, рэзаць праціўніка — сячы, а клінок суперніка прасцей саслізгваў у бок падчас абароны — ты не прымаў яго вагу на сябе.

Галаўня складаецца з ляза (навостраная частка) і пяра — бліжэйшай да праціўніка часткі, якая часта вастрылася з двух бакоў, штых, які мог быць вельмі востры, мог быць скруглены, ці завостраны. Галаўня таксама дзялілася на зоны па трываласці і функцыянале — моцная частка (траціна клінка, бліжэйшая да рукаяці), слабая (сярэдняя частка) і пяро.

Важная частка шаблі — эфес (рукаяць, гарда ці ялец, вусы, главіца).

Рукаяць магла быць аздоблена металічнай провалакай, драўлянымі ці касцянымі шчочкамі. Багатыя шаблі вытворчасьці львоўскіх армян (чэчугі) маглі мець рукаяць з каштоўнымі камянямі, напрыклад.

Гарда бароніць руку. Але і яна магла быць рознай: прастакутнай формы, як на часы Патопу. Закругленай, як у пазнейшыя гады. Зусім мізэрнай — на ўсходні манер. А магла быць аформленая ланцугом, што імітаваў каблук.

Да главіцы мог мацавацца цямляк — пятля на руку, з вузламі і кісцямі. І гэта не для прыгажосці, не. Проста той, хто рубіў праціўніка з каня, меў рызыку: згубіць шаблю ці пакінуць у целе ворага… а так ёсць страхоўка: як пас у машыне.

Шабля — не проста зброя

Шабля для шляхціча — адначасна і нешта будзённае, і святыня. То-бок, уменне валодаць шабляй — гэта базавая рэч, як ездзіць на кані. Як зараз карыстацца смартфонам і кіраваць аўто.

З іншага боку, шабля — магічны чарадзейны прадмет! Пра яе складалі песні, балады, тосты. На ёй кляліся. Шаблі давалі імёны ці называлі «жоначкай», «каханкай». Урэшце, шабля, як жывая істота, мела свой лёс і часта перажывала ўласніка: яе перадавалі ў спадчыну, бралі як трафей, яе аплаквалі, калі шабля ламалася…

Малы шляхцюк пачынаў вучыцца фехтаванню яшчэ ў бацькавым доме. Толькі не з шабляй, а на пальцатах — драўляных кіях. Чаму? Каб не забіцца? І так, і не. Тут цэлая філасофія, пра якую ў нас будзе асобны выпуск. Зрэшты, калі сцісла — вучыцца на сапраўднай шаблі непрактычна: доўга не пражыве ні шабля, ні вучань.

Часта ў шляхецкія дамы на заробак ці на ўтрыманне бралі ветэранаў войнаў. Каб тыя вучылі хлопцаў фехтаванню, коннай яздзе і іншай ваярскай навуцы. Такі настаўнік ставаў сапраўдным сэнсэем. Бо хлопец атрымліваў ад яго не толькі практычныя веды, але і спосаб мыслення, стратэгію, пераймаў звычкі і рысы характару. Пазней малады шляхціч вучыўся фехтаванню ўжо ў розных калегіумах, найперш езуіцкіх. Там уволю мог біцца з аднакашнікамі — зноў жа, на пальцатах. А сапраўдныя бітвы і дуэлі яго чакалі ў будучыні: сойме ў Варшаве ці Гародні, у Дзікім полі, на Смаленскай мяжы з Масковіяй, ці — пад Венай.

«Без карабэлі ані з пасцелі»

Бо шляхціч заўжды насіў шаблю пры сабе: на бітву, у касцёл, на сойм. Па шаблі, уласна, і пазнаваў у горадзе ці на рынку людзей такога ж рыцарскага стану. Адно, што насілі па рознаму: калі на кані — то на гачок, каб вышэй сядзела. А калі ў касцёл, у горад ці на сойм, то можна было апусціць ніжэй.

У XVIII стагоддзі ад вугорскіх гусараў прыйшла манера адпускаць трэньчыкі похваў, каб шабля вісела ледзь не на ўзроўні калена, лічылася модным, калі шабля валачэцца і пастуквае аб камяні.

Каштавалі шаблі па-рознаму. Простая драгунка у XVIII стагоддзі магла пацягнуць на 5 злотых срэбрам. Зусім не касмічны кошт. Прыкладна паўтары месячных зарплаты шараговага драгуна.

Калі ты галота — Івашкевіч з засенку Івашкавічы — то купляў сабе такую і нават похву рабіў сам, эканоміў.

А калі ты Радзвіл або Сапега — то твая шабля з клейнотамі, прыкрасамі, дэвізам на лязе, партрэтнай аздобай на похве — гэта ўжо тысячы злотых! Такую і ў бой не кожны возьме — хай лепш у замку на сцяне павісіць, гасцям паказаць.

Тэхніка шабельнага бою — яшчэ адна таямніца

У кіно мы бачым, як пан Валадыеўскі б’ецца з Багуном хвілін 10… але ў рэальнасці — гэта імгненні, як правіла. Некалькі ўдараў — і лёс вырашаны.

Сучаснікі ў мемуарах рэдка ўзгадваюць пра нейкія прыёмы менавіта шабельнага бою (пра шпагі і рапіры — іншая песня). Зазвычай натуюць вынік: колькі адсечаных пальцаў, што паранена, ці кліент нежывы ў прынцыпе.

Якая шабля сёння?

Шабля праз стагоддзі дажыла да нашага часу — як парадны элемент. Зброя ганаровай варты. Сімвал годнасці. Ці — спорт.

budzma.org