У апошнія дні кастрычніка 2023 беларусы па ўсім сьвеце ўшанавалі памяць расстраляных прадстаўнікоў беларускай інэлігенцыі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году.
У Менску, як мяркуецца ва ўрочышчы Курапаты, сталінскія каты расстралялі 108 выбітных беларусаў, сярод якіх былі дзяржаўныя, культурныя і навуковыя дзеячы. Асаблівую страту панесла беларуская літаратура – былі забітыя 22 літаратары – паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі. Гэтая жудасная страта пакінула вялікую прорву ў гісторыі краіны, у беларускай культуры і нацыянальна-грамадзкім жыцьці.
З пачаткам новага беларускага Адраджэньня нацыянальна сьведамая беларуская грамадзкасьць запачаткавала традыцыю ўшанаваньня імёнаў забітых беларускіх творцаў пад назваю “Ноч расстраляных паэтаў”. Адпачатку і пакуль гэта было магчымым у Беларусі такая акцыя ладзілася ў Курапатах. А цяпер яна перамясьцілася ў замежжа, дзе апынуліся шмат з тых, хто рабілі гэта на Бацькаўшчыне, да гэтага руху далучылася і малодшае пакаленьне эмігрантаў.
У кастрычніку 2023 году выпускніца ЭГУ Наста Чарнова падрыхтавала да друку кнігу «Ноч расстраляных паэтаў». Гэта зборнік вершаў рэпрэсаваных паэтаў, які выйшаў у Вільні.
Беларусы Нью-Ёрку таксама зладзілі позьнім вечарам 28 кастрычніка адмысловую імпрэзу ў Беларускім цэнтры на 401 Атлантык Авэню ў Брукліне. Адпаведную атмасфэру стварала афармленьне грамадзкай залі, на сцэне была ўстаноўлена белая скульптура анёла і выява Крыжа. Сталы былі пакрытыя беламі абрусамі з чырвонаю паласою на іх.
Напачатку імпрэзы слова ўзяў прысутны ў залі сп. Зянон Пазьняк, які распавёў пра масавае зьнішчэньне беларускага насельніцтва пад час сталінскіх рэроэсій, пра Курапаты, пра тое, што азначае гэты мэмарыял для беларускага народу, пра змаганьне за Курапаты, пра стварэньне там мэмарыяла і пра тое, як руйнуецца памяць пра Курапаты сёньняшнім рэжымам у Беларусі.
Рэжысёрка Настасься Харкевіч з удзелам прысутных сяброў БАЗА арганізавала тэатральную дзею, пад час якой былі агучаны імёны забітых і чыталіся вершы расстраляных паэтаў. Усё гэта рабіла вялікае эмацыянальнае ўражаньне. Сёньня асабліва важна памятаць пра ўсіх, хто аддаў свае жыцьці за беларускую справу, шанаваць іх памяць, натхняцца іхнай дзейнасьцю. Расстраляныя паэты былі зьнішчаныя антычалавечым, варожым рэжымам толькі таму, што яны пісалі і гаварылі па-беларуску, што працавалі дзеля раьвіцьця сваёй роднай культуры. Кожны год трэба напамінаць грамадзкасьці пра гэтую трагедыю пад лёзунгам: “Забітыя, але не забытыя”, бо сёньняшні дыктатарскі рэжым Лукашэнкі аднаўляе зьнішчальную сталінскую палітыку ў Беларусі і мы мусім супроцьстаяць гэтаму.