Беларускія мясціны Вільні. Хрысціянскія храмы

Архітэктурны стыль і, у пэўным сэнсе, душа горада яскрава праяўляецца ў ягоных сакральных пабудовах. Прынамсі, калі гаворка ідзе пра еўрапейскія гарады са шматвекавой гісторыяй. Вільня не выключэнне, яе Стары горад немагчыма ўявіць без шматлікіх бажніц. У гэтым артыкуле мы згадаем самыя, на наш погляд, значныя з вiленскiх храмаў.

Хрысціянскія храмы пачалі будаваць у Вільні яшчэ ў першай палове XIV стагоддзя. Літва на той момант была пераважна паганская (афіцыйны хрост адбыўся ў 1387 годзе, пасля атрымання Ягайлам польскай кароны). Але ж у ВКЛ агулам і ў сталіцы ў прыватнасці адносна мірна (хаця часам і не без некаторых эксцэсаў) суіснавалі тры веравызнанні: паганства, праваслаўе ды каталіцтва. Вільня таго часу была амаль цалкам драўлянай. Такімі ж былі і першыя бажніцы, што каталіцкія, што праваслаўныя, таму да нашага часу захаваліся толькі месцы, дзе яны былі пабудаваны.

Драўляным першапачаткова быў і касцёл Святога Мікалая (Šv. Mikalojaus g. 4), пабудаваны ганзейскімі купцамі і рамеснікамі ў першай палове XIV стагоддзя. Але ўжо ў 1382-1387 гадах быў узведзены мураваны будынак, які сёння лічыцца самым старым касцёлам Вільні і ўсёй Літвы. Касцёл неаднойчы цярпеў ад пажараў ды войнаў, рамантаваўся ды перабудоўваўся (так, у 1514 годзе ўнутраную прастору храма перакрылі гатычнымі скляпеннямі, пасля пажараў сярэдзіны XVIII стагоддзя пабудавалі хары і вежу-званіцу), але ў асноўным захаваў першасны гатычны выгляд.

У міжваенны час касцёл Святога Мікалая быў адзіным у горадзе, дзе праводзіліся набажэнствы на літоўскай і беларускай мовах. Гэта быў цэнтр як літоўскай, так і беларускай культуры. Тут служылі вядомыя беларускія ксяндзы Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Казімір Стаповіч (Сваяк), Язэп Германовіч ды іншыя. Многія беларускія дзеячы бралі шлюб менавіта тут: Браніслаў Тарашкевіч і Вера Снітка, Зоська Верас і Антон Войцік, Леў Вітан-Дубейкаўскі і Юльяна Менке.

25 траўня 1989 года падчас правядзення ў Вільні ўстаноўчага з’езду БНФ у касцёле зноў загучала беларуская мова — урачыстае набажэнства адслужыў ксёндз Вацлавас Алюліс. Зараз касцёл выключна літоўскамоўны, беларускія набажэнствы тут не праводзяцца.

Найстарэйшым праваслаўным храмам Вільні лічыцца Пятніцкая царква (Didžioji g. 2). Яе пабудавалі ў 1345 годзе (прычым, першай з віленскіх бажніц, адразу мураванай) па ініцыятыве першай жонкі князя Альгерда Марыі Яраслаўны Віцебскай. Як сцвярджаў гісторык Адам Кіркор, на месцы капішча бога весялосці ды піва Рагуціса. Хутка, у 1346 годзе, княгіня памерла і была пахавана ў новапабудаванай царкве. Тут жа, па некаторых звестках, хрысцілі ў праваслаўе ўсіх дванаццаць сыноў Альгерда, у тым ліку будучага польскага караля Ягайлу, а таксама трох віленскіх пакутнікаў (падрабязней пра іх далей).

Першапачаткова архітэктура царквы нагадвала кіеўскія і наўгародскія храмы. Але храм неаднаразова моцна цярпеў ад пажараў (у прыватнасці, у 1557, 1610, 1655, 1748 гадах) і адбудоўваўся зноў. У 1705 годзе, падчас Паўночнай вайны, рускі цар Пётр I адслужыў у Пятніцкай царкве падзячнае набажэнства за перамогу над шведамі, а таксама хрысціў тут «арапа» Ганібала, прадзеда Аляксандра Пушкіна. Хроснай маці была каралева польская Хрысціна-Эбергардзіна, жонка караля Аўгуста II.

У першай палове XIX стагоддзя Пятніцкая царква канчаткова прыйшла ў заняпад і выкарыстоўвалася як дрывяны склад. Пасля паўстання Каліноўскага па загадзе генерал-губернатара Мураўёва царкву рэканструявалі (фактычна пабудавалі зноў — ад старога будынка захавалася толькі невялікая частка сцяны) у стылі расійска-візантыйскай эклектыкі, які захаваўся і зараз.

У сярэдзіне 1920-х па ініцыятыве беларускага святара, выкладчыка Віленскай беларускай гімназіі Аляксандра Каўша царкву перадалі вернікам-беларусам. Пасля гэтага ў ёй пачаліся службы на беларускай мове, у першую чаргу для моладзі — вучняў гімназіі ды студэнтаў, ажно да 1944 года. Зараз царква належыць Маскоўскаму патрыярхату, набажэнствы тут вядуцца на літоўскай мове.

Лёс шмат разоў перабудаванай Пятніцкай царквы — даволі тыповы для віленскіх бажніц. Большасць з пабудаваных у XV-XVI стагоддзях храмаў першапачаткова былі гатычнымі, але ж з цягам часу ператварыліся ў барочныя (універсітэцкі касцёл Святых Янаў, дамініканскі касцёл Святога Духа), былі перабудаваны ў стылі класіцызму, як кафедральны сабор Святога Станіслава, ці ў псеўдавізантыйскім стылі, як Пятніцкая царква (праваслаўным бажніцам у гэтым сэнсе асабліва не пашанцавала, амаль усе яны былі моцна перабудаваны ў XIX стагоддзі).

Але ж ёсць у Вільні куточак, дзе готыка захавалася ў амаль чыстым выглядзе. На вуліцы Майроніса (Maironio gatvė) побач стаяць два касцёлы: святой Ганны і Бернардзінскі (ён жа Святых Францыска і Бернарда). Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір у 1469 годзе запрасіў у Вільню з Кракава манахаў-францысканцаў з т.зв. абсерванцкай галіны ордэна (у Рэчы Паспалітай іх называлі бернардзінцамі ў гонар ідэолага абсервантызму Бернарда Сіенскага) і перадаў ім зямельны пляц пад будаўніцтва кляштара і касцёла.

Спачатку быў пабудаваны драўляны храм, які неўзабаве згарэў, потым, каля 1490 года, быў пабудаваны новы, ужо каменны касцёл, асвечаны ў гонар святога Бернарда Сіенскага, але ж ён таксама прастаяў нядоўга і абрынуўся ў 1500 годзе з-за пралікаў у канструкцыі.

Трэці храм на гэтым жа самым месцы ўзвялі ў 1506-1516 гадах і асвяцілі ў імя Святога Францыска Асізскага. У наступныя стагоддзі касцёл неаднойчы цярпеў ад войнаў ды пажараў, дабудоўваўся і рэканструяваўся, набыўшы некаторыя рысы рэнесансу, барока ды ракако (асабліва ва ўнутраным убранні), але ж застаўся адным з найбольш яркіх узораў віленскай готыкі і, верагодна, першым храмам з абарончымі рысамі (масіўныя контрфорсы, тры вежы з байніцамі, амбразуры ў сценах) у ВКЛ, узорам для будаўніцтва іншых.

Бернардзінскі касцёл здаўна выкарыстоўваўся ў якасці некропаля для выбітных асоб. Тут пахаваны Мікалай Радзівіл Стары (ён быў адным з асноўных фундатараў касцёла), ягоны праўнук — вялікі маршалак літоўскі, староста жамойцкі Станіслаў Радзівіл Набожны (помнік яму стаіць па левы бок ад уваходу), ваеначальнік і дзяржаўны дзеяч, вялікі маршалак літоўскі Пётр Весялоўскі, вялікі крайчы літоўскі Уладзіслаў Тышкевіч ды іншыя вяльможы ВКЛ.

Зусім побач з Бернардзінскім, злучаны з ім мураванай галерэяй ХVII стагоддзя, месціцца касцёл Святой Ганны. Ён таксама гатычны, але ж належыць да так званай «палымянай готыкі», з’яўляючыся адным з лепшых яе ўзораў у свеце і, бадай, самым прыгожым з віленскіх храмаў. Касцёл быў узведзены ў 1495-1500 гадах па загадзе вялікага князя літоўскага Аляксандра. Існуе легенда, нібыта касцёлы Бернардзінцаў і святой Ганны будавалі майстар і ягоны вучань, таленавіты юнак-дойлід з Мінска. Калі майстар пабачыў, што вучань яго пераўзышоў, то ад зайздрасці скінуў таго з рыштаванняў і той загінуў. Але хутчэй за ўсё будаваў храм Бенедыкт Рэйт, галоўны архітэктар чэшскага караля Уладзіслава Ягелона, аўтар знакамітай Уладзіслаўскай залы ў Пражскім Градзе. Захаваліся звесткі, што Рэйт быў пасланы Уладзіславам у Вільню разам з майстрам Якавам, імя якога напісана на цаглінах касцёла Святой Ганны.

У 1564 годзе храм згарэў і быў адноўлены Мікалаем Радзівілам Чорным і Юрыем Радзівілам, пасля чаго будынак і набыў выгляд, які ў асноўным захаваўся да нашых дзён. Экскурсаводы любяць распавядаць легенду (ці, хутчэй, байку) пра Напалеона, які, пабачыўшы касцёл святой Ганны, нібыта сказаў: «Каб мог, панёс бы яго на сваёй далонi ў Парыж». Наўрад ці гэта праўда, у напалеонаўскую эпоху захапленне готыкай было не ў пашане, яна лічылася амаль ці не сімвалам варварства — у адным Парыжы па напалеонаўскім загадзе было знесена некалькі дзясяткаў старых бажніц, цудам ацалеў знакаміты Нотр-Дам. А вось беларускія паэты «Святой Ганнай» дакладна захапляліся.

«Спіць Вільня. Адзін паглядаю
На цудны касцёл Святой Ганны —
Красуецца контур прыгожы
У гладзі блакітнага неба», — пісаў у 1913 годзе Змітрок Бядуля.

А гэтыя радкі належаць Багдановічу:

Каб залячыць у сэрцы раны,
Забыць пра долі цяжкі глум,
Прыйдзіце да касцёла Ганны,
Там знікнуць сцені цяжкіх дум.

Насупраць касцёла Святой Ганны, на скрыжаванні вуліц Майроніса і святога Міхала, стаiць касцёл Святога Міхала Арханёла (Šv. Mykolo g. 9). Яго пабудаваў 400 гадоў таму знакаміты дзяржаўны дзеяч, канцлер і вялікі гетман літоўскі, аўтар трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ Леў Сапега. Касцёл будаваўся пры кляштары бернардзінак, пад які Сапега крыху раней аддаў манахіням свой палац і набыў для іх некалькі суседніх дамоў. У алтар новапабудаванага храма канцлер падараваў напісаны, хутчэй за ўсё, па спецыяльнай замове (верагодна, з выкарыстаннем больш старажытнай іконы) абраз Маці Божай, так званую «Мадонну Сапегаў», якая не мае іканаграфічных аналагаў.

Зараз ён захоўваецца ў Кафедральным саборы і лічыцца цудадзейным. Касцёл стаў сваеасаблівым сямейным маўзалеем роду Сапегаў: тут пахаваны сам Леў Сапега, ягоныя жонкі Дарота Фірлей і Альжбета Радзівіл, сыны Крыштоф і Ян Станіслаў ды іншыя прадстаўнікі роду. Канцлер з жонкамі былі першапачаткова пахаваны справа ад алтара — там і зараз знаходзіцца іх сумесны надмагільны помнік. Але ў 1655 годзе касцёл быў спалены і разрабаваны рускімі, нават астанкі нябожчыкаў рабаўнікі выкінулі з трун. Пасля выгнання акупантаў Сапегі былі перапахаваны пад галоўным алтаром.

З пункту гледжання архітэктуры, касцёл Святога Міхала — помнік рэнесансу з элементамі готыкі і барока, бадай, адзіны рэнесансны храм у Вільні.

Падчас Другой сусветнай вайны пробашчам касцёла быў ксёндз Адам Станкевіч, у храме праводзіліся набажэнствы на беларускай мове. З яго дазволу ў сутарэннях касцёла ў 1944 годзе захоўваліся найбольш каштоўныя экспанаты са збораў Беларускага музея імя Луцкевіча — іх сюды тайна перанеслі супрацоўнікі музея, каб перашкодзіць немцам вывезці іх з сабой пры адступленні.

Зараз у касцёле месціцца музей царкоўнай спадчыны, праходзяць цікавыя выставы (у тым ліку ў  тых самых сутарэннях).

Калі прайсці па вуліцы Майроніса далей, з левага боку, паміж двума мастамі ў Зарэчча (Ужупіс) будзе велічны будынак праваслаўнага Прачысценскага кафедральнага сабора (Maironio g. 14). Заснаваны ён быў у 1346 годзе князем Альгердам для ягонай другой жонкі Ульяны Цвярской і фармальна лічыцца другім па старажытнасці праваслаўным храмам Вільні. Але ж ад першапачатковага, верагодна, гатычнага аблічча пасля шматлікіх перабудоў амаль нічога не засталося — зараз бажніца хутчэй нагадвае армянскія ды грузінскія цэрквы.

З 1415 года Прачысценскі сабор стаў кафедральным у новастворанай па ініцыятыве Вітаўта Літоўскай мітраполіі і сядзібай мітрапаліта Літоўскага, Кіеўскага і ўсёй Русі (заставаўся ім з некаторымі перапынкамі да Берасцейскай вуніі ў 1596 годзе). У 1495 годзе ў саборы адбыўся шлюб вялікага князя Аляксандра і князёўны Алены Іванаўны, дачкі вялікага князя маскоўскага Івана III. Тут жа княгіню пахавалі пасля скону ў 1513 годзе.

З 1609 года сабор належаў уніятам, неаднойчы цярпеў ад пажараў і паступова прыходзіў у заняпад, хаця і працягваў лічыцца сядзібай уніяцкага мітрапаліта да ліквідацыі мітраполіі расійскімі ўладамі ў 1795 годзе. У першай палове ХІХ стагоддзя будынак сабора адышоў Віленскаму ўніверсітэту і выкарыстоўваўся ў якасці анатамічнага тэатра, навучальнай аўдыторыі і бібліятэкі, пазней тут размяшчаліся кашары, архіў, гандлёвыя і гаспадарчыя памяшканні, пакуль пасля задушэння паўстання Каліноўскага ў рамках палітыкі русіфікацыі будынак не рэканструявалі, прыдаўшы яму сучасны выгляд.

У міжваенны час у Прачысценскім саборы доўгі час працаваў рэгентам царкоўнага хору беларускі грамадскі дзеяч, дырыжор, кампазітар, фалькларыст і музыказнаўца Рыгор Шырма, будучы старшыня Саюза кампазітараў БССР. Жыў ён тут жа побач, у доме насупраць сабора.

Універсітэцкі касцёл Святога Яна Хрысціцеля і Святога Яна Евангеліста (ці проста Святых Янаў, Šv. Jono g. 12) — яшчэ адзін прыклад фармальна сярэднявечнага, але ж моцна перабудаванага віленскага храма. Касцёл вядзе сваю гісторыю ад 1387 года, калі на плошчы ў цэнтры тагачаснай Вільні, відаць, на месцы ранейшага паганскага свяцілішча, Ягайла збудаваў драўляную бажніцу. Ужо ў 1427 годзе касцёл стаў мураваным, як і ўсе тагачасныя храмы — гатычным (асобныя элементы готыкі захаваліся і ў цяперашнім будынку). У 1571 годзе кароль Жыгімонт Аўгуст падараваў храм езуітам з Нямеччыны, якія перабудавалі яго ў рэнесансным стылі. Пры гэтым будынак значна павялiчылi. Тады ж побач з касцёлам была збудавана званіца.

На пачатку XVII стагоддзя чарговай перабудовай касцёла займаўся славуты мінскі архітэктар, пачынальнік архітэктуры барока на беларускіх землях Ян Франкевіч. У касцёле адбываліся ўрачыстыя прыёмы каралёў Стафана Баторыя, Жыгімонта III, Уладзіслава IV, Яна Казіміра, ладзіліся святы езуіцкай акадэміі і навуковыя дыспуты.

Бажніца неаднойчы гарэла, у 1655 годзе расійскія казакі разрабавалі храм і зрабілі ў ім стайню. Моцна пашкодзіў храм пажар 1737 года. Аднаўлялі яго паводле праекта знакамітага архітэктара, выбітнага прадстаўніка віленскага барока Яна Глаўбіца (па ягоным праекце таксама дабудавалі верхні ярус званіцы, зрабіўшы яе на доўгі час найвышэйшым будынкам у Вільні). Таксама спрычыніліся да архітэктуры касцёла вядомыя беларускія дойліды Тамаш Жаброўскі, Габрыэль Лянкевіч, Караль Падчашынскі.

У 1839 годзе сюды перавезлі арган з касцёла Святога Стэфана ў Полацку, калі той перарабілі ў праваслаўную царкву расійскія ўлады. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя на ім іграў знакаміты кампазітар, аўтар першай беларускай оперы Станіслаў Манюшка, які некалькі гадоў працаваў у касцёле арганістам. Сёння на харах адноўленага ў 2000 годзе найвялікшага ў Літве аргана месціцца бюст кампазітара.

У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў, калі паставіць помнікі дзеячам культуры Рэчы Паспалітай на вуліцах Вільні не дазвалялі расійскія ўлады, некалькі такіх помнікаў з’явілася ў касцёле. У паўднёвым нефе, на месцы, дзе любіў стаяць Адам Міцкевіч, да стагоддзя з ягонага нараджэння ў 1899 годзе ўсталявалі бронзавы бюст паэта. Побач месціцца помнік ягонаму сябру, ураджэнцу Ашмяншчыны, паэту і перакладчыку Антонію Адынцу. На супрацьлеглай сцяне ў 1908 годзе з’явіўся помнік Уладзіславу Сыракомлі. Там жа да 100-годдзя з часу смерці Тадэвуша Касцюшкі ў 1917 годзе размясцілі прысвечаную яму гіпсавую пліту ў форме крыжа. Абарваны ніжні край крыжа сімвалізуе паражэнне паўстання.

У міжваенныя часы вікарыем касцёла быў славуты беларускі ксёндз Станіслаў Глякоўскі.

Будынак касцёла Святога Духа пры кляштары дамініканаў, на рагу вуліц Дамініканскай і Святога Ігната (Dominikonu, 8) — як мінімум пяты на гэтым месцы. Першы з дакладна вядомых заснаваў у 1408 годзе князь Вітаўт (хаця ёсць звесткі пра драўляную бажніцу ў гэтым месцы яшчэ ў часы Гедыміна). У сярэдзіне XV стагоддзя, пры Казіміры, касцёл павялічылі ў даўжыню, у 1501 годзе па загадзе князя Аляксандра храм і будынкі побач перадалі запрошаным з Польшчы дамініканцам, якія пабудавалі кляштар і перабудавалі сам касцёл. У XVII-XVIII стагоддзях Дамініканскі касцёл шмат разоў гарэў, рабаваўся падчас войнаў і зноў аднаўляўся, паступова ператвараючыся з гатычнага ў познебарочны.

У 1844 годзе расійскія ўлады скасавалі кляштар, а ягоныя памяшканні ператварылі ў турму. Тут у 1863 годзе трымалі ў няволі ўдзельнікаў паўстання — Кастуся Каліноўскага, ягонага найбліжэйшага паплечніка Цітуса Далеўскага, брата апошняга, заснавальніка Братняга саюза літоўскай моладзі Францішка Далеўскага, Якуба Гейштара ды іншых. Менавіта ў гэтай вязніцы былі напісаны «Лісты з-пад шыбеніцы». У 1993 годзе на будынку кляштара з боку вуліцы Святога Ігната (Švento Ignoto, 11) віленскія беларусы павесілі мемарыяльную дошку ў гонар Каліноўскага.

Вышэй мы згадвалі пра трох віленскіх пакутнікаў і абяцалі распавесці пра іх падрабязней. Згодна з легендай, тры прыдворныя князя Альгерда, Іаан, Антоній і Яўстафій (да хрышчэння Кумец, Няжыла, Круглец), хрысціяне ўсходняга абраду, змагаліся за пашырэнне хрысціянства ў Літве, за што і прынялі пакутніцкую смерць у 1347 годзе. На месцы гібелі мучанікаў збіраліся для малітвы хрысціяне, якія збудавалі тут невялікую капліцу. Па жаданні жонкі Альгерда Ульяны на месцы капліцы была пабудавана царква ў імя Святой Тройцы, у якую былі перанесены астанкі пакутнікаў.

Невядома, наколькі гэта гісторыя праўдзівая: з улікам відавочнай талерантнасці да хрысціян у ВКЛ часоў Альгерда змагацца за веру да пакутніцкай смерці трэба было вельмі моцна. Але ж драўляная царква на гэтым месцы (Aušros Vartų 7b) сапраўды існавала з XIV стагоддзя. Да пачатку XVI стагоддзя яна прыйшла ў заняпад і ўяўляла сабой разваліны. Новы мураваны храм пабудаваў у 1516 годзе вялікі гетман літоўскі Канстанцін Астрожскі ў гонар перамогі над маскоўцамі пад Оршай.

Адначасова побач быў пабудаваны манастыр. З яго выйшлі выдатныя царкоўныя дзеячы: мітрапаліт Кіеўскі Макарый — свяшчэннамучанік, забіты татарамі ў 1497 годзе, Іона II — полацкі архіепіскап і пасля літоўскі мітрапаліт, літоўскі мітрапаліт Сільвестр Бялькевіч і іншыя. З 1584 года пры манастыры дзейнічала праваслаўнае брацтва, у друкарні якога ў 1596 годзе Лаўрэнціем Зізаніем была надрукавана першая ўсходнеславянская Азбука з «Лексісам».

Пасля Берасцейскай уніі манастыр і Святатраецкая царква ў 1608 годзе адышлі ўніятам, а у 1617 годзе — новастворанаму ўніяцкаму ордэну Святога Базыля. Праваслаўнае брацтва, духоўнае вучылішча і друкарня перайшлі ў суседні Свята-Духаў манастыр. Туды ж перанеслі мошчы віленскіх пакутнікаў. Святатроіцкі манастыр жа стаў галоўным цэнтрам пашырэння Уніі. Менавіта тут пачынаў сваю прапаведніцкую дзейнасць будучы першы ўніяцкі пакутнік ды святы Язафат Кунцэвіч, забіты праваслаўнымі ў Віцебску ў 1623 годзе. Сёння аб ім нагадвае мемарыяльная дошка на фасадзе Святатраецкай царквы, побач з фрэскай з выявай віленскіх пакутнікаў.

Пасля ліквідацыі Уніяцкай царквы ў Расійскай імперыі храм адышоў Маскоўскаму патрыярхату, у міжваенны час належаў Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царкве, за савецкім часам быў зачынены. У 1991 годзе літоўскія ўлады перадалі бажніцу Украінскай грэка-каталіцкай царкве, якой яна належыць і зараз.

Насупраць Святатраецкай царквы на той жа Вастрабрамскай вуліцы месцяцца праваслаўныя манастыр і царква Святога Духа (Aušros Vartų g. 10). Царкву (першапачаткова драўляную) пабудавалі ў 1597 годзе, манастыр пры ёй упершыню згадваецца ў 1604-м. Пасля таго, як Святатраецкая царква і кляштар у 1608 годзе адышлі ўніятам, у Святадухаў манастыр пераехала праваслаўнае брацтва са сваімі духоўным вучылішчам ды друкарняй. У 1611 годзе гэта быў адзіны праваслаўны храм у Вільні, які не адышоў уніятам. У 1634 годзе замест драўлянага быў пабудаваны новы мураваны храм, які з некаторымі перабудовамі захаваўся па сёння.

Гэта адзіны ў Літве праваслаўны храм з выразнымі рысамі віленскага барока. У 1748 годзе царква была моцна пашкоджана пажарам, яе аднаўленнем кіраваў архітэктар Ян Глаўбіц. У 1749 годзе інтэр’ер царквы аздобілі барочным іканастасам. Як і іншыя праваслаўныя храмы Вільні, царкву Святога Духа перабудавалі пасля паўстання Каліноўскага, каб зменшыць яе барочнасць: быў разбураны хвалісты барочны франтон паміж вежамі і валюты побач з імі, купал быў узняты на высокім барабане. Усё гэта надало будынку рысы позняга класіцызму.

У храме перад іканастасам месціцца саркафаг з машчамі віленскіх пакутнікаў. Таксама дагэтуль дзейнічаюць мужчынскі і жаночы праваслаўныя манастыры, адзіныя ў Літве.

Першым уласна барочным храмам у Вільні стаў касцёл святога Казіміра (Didžioji g. 34). Закладзены ён быў падчас урачыстасцей па кананізацыі Святога Казіміра 4 сакавіка 1604 года. Фундатарамі касцёла былі кароль Жыгімонт Ваза і канцлер Леў Сапега, архітэктарам — ужо згаданы Ян Франкевіч. Храм пабудаваны на ўзор рымскіх бязвежавых раннебарочных храмаў (дарэчы, па тым жа ўзоры пабудавана, верагодна, тым жа Франкевічам Святатраецкая царква). Будаўніцтва было скончана ў 1616 годзе, аздабленне інтэр’ера завершана ў 1618-м. Касцёл гарэў у 1655-м, калі горад быў узяты маскоўскімі войскамі, падчас Паўночнай вайны ў 1706-м і ў 1749-м. У час пажару 1749 года абваліўся купал і быў знішчаны інтэр’ер касцёла. У 1750-1755 гадах фасады, купал і алтары былі рэканструяваны ў стылі віленскага барока архітэктарам Тамашам Жаброўскім.

Пасля паўстання 1830-31 гадоў расійскія ўлады забралі касцёл у каталікоў і перарабілі яго ў праваслаўны сабор Святога Мікалая Цудатворца. Таксама перабудоўваўся храм пасля паўстання 1863 года, дзеля надання больш «праваслаўнага» выгляду: на вуглавыя вежы фасада былі змешчаны цыбулепадобныя купалы, вялікакняжацкая мітра на цэнтральным купале заменена макаўкай, быў перароблены інтэр’ер.

У 1624-1630 і 1646-1652 гадах у касцёле служыў знакаміты місіянер, прапаведнік уніяцтва на беларускіх землях, «Пінскі апостал», святы Андрэй Баболя. У касцёле пад алтарнай часткай знаходзіцца крыпта, дзе захоўваецца часціца мошчаў Баболі (само цела святога знаходзіцца ў Варшаве).

Сапраўднай перлінай віленскага барока з’яўляецца касцёл Святых Пятра і Паўла на Антокалі (Antakalnio g. 1/1). Пабудаваны ў другой палове XVII стагоддзя далёка за межамі тагачаснай Вільні (дзякуючы чаму ён не пацярпеў падчас шматлікіх пажараў, што знішчалі віленскія бажніцы ў XVIIІ стагоддзі), храм мае даволі сціплы выгляд звонку (а фасад зараз увогуле закрыты будаўнічымі рыштаваннямі праз рэканструкцыю), але ж фантастычна прыгожы інтэр’ер. Дэкор складаецца з агромністай (больш за дзве тысячы) колькасці скульптур, якія адлюстроўваць біблейскія сцэны, жыціе святых, свецкія сцэны з гісторыі Вялікага Княства.

Фундатарам касцёла, пабудаванага на месцы старой драўлянай бажніцы часоў Ягайлы (у сваю чаргу, па звестках Адама Кіркора, збудаванай на месцы паганскага свяцілішча багіні Мілды), быў уплывовы магнат, вялікі гетман літоўскі Міхал Казімір Пац. Ён завяшчаў пахаваць сябе пад парогам збудаванага ім храма, пад плітой з лацінскім надпісам «Hic iacet peccator» («Тут ляжыць грэшнік»). У канцы XVII стагоддзя ўдар маланкі раскалоў надмагільную пліту, пасля чаго яе ўмуравалі ў сцяну справа ад уваходу, а магілу закрылі плітой без надпісу. На франтоне царквы, зараз нябачным з-за рэканструкцыі, змешчаны надпіс «Rеgina pacis funda nos in pace» («Каралева міру, захавай нас ў міры»), які абыгрывае прозвішча фундатара.

Храм у гонар святога Станіслава (Katedros a. 1)быў закладзены Ягайлам у 1387 годзе на месцы разбуранага паганскага свяцілішча Пяркунаса. Храм неаднаразова гарэў і перабудоўваўся, набываючы рысы рэнесансу, барока і, нарэшце, на мяжы XVIII і XIX стагоддзяў — класіцызму. Тут каранаваліся вялікія князі літоўскія ад Вітаўта да Жыгімонта Аўгуста, пахаваны вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр Ягелон (адзіны польскі кароль, пахаваны ў Вільні), дзве жонкі Жыгімонта Аўгуста, Лізавета Габсбург (каралева-кансорт) і Барбара Радзівіл, каралева польская і вялікая княгіня літоўская.

Тут жа знаходзіцца сэрца Уладзіслава Вазы — караля польскага, вялікага князя літоўскага і непрацяглы час — маскоўскага цара. Лічыцца, што ў саборы таксама былі пахаваны князь Вітаўт і ягоная жонка Ганна Станіславаўна, але ж іхнія астанкі ўсё яшчэ не знойдзены. У пабудаванай у 1636 барочнай капэле Святога Казіміра знаходзіцца саркафаг з астанкамі самаго святога — каралевіча польскага і вялікага княжыча літоўскага, сына Казіміра Ягелончыка. Статуя святога ўзвышаецца над фасадам сабора, справа (злева святы Станіслаў, у цэнтры святая Алена).

Зараз сабор Святога Станіслава — кафедральны сабор Віленскай архідыяцэзіі-мітраполіі са статусам «малой базілікі». 

Апошні храм, які трэба згадаць у кантэксце беларускіх мясцін Вільні — касцёл Святога Барталамея ў Зарэччы (Užupio g. 17a). Гэты невялічкі, сціплы ў архітэктурным плане (асабліва на фоне вышэйпералічаных перлін віленскай архітэктуры) храм — адзінае месца ў Вільні, дзе зараз адбываюцца набажэнствы на беларускай мове. Касцёл быў узведзены ў XVII стагоддзі і перабудаваны ў 1824 годзе ў эклектычным стылі. У розныя часы належаў аўгусцінцам, бернардзінам, рэдэмптарыстам. У савецкія часы быў зачынены, у ім абсталявалі майстэрні скульптараў. У 1997 годе касцёл святога Барталамея перадалі віленскай суполцы беларусаў-каталікоў.

Яўген Ерчак, novychas.online,
фота Яўгена Ерчака