У грамадзкай залі Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага на 401 Атлантык Авэню ў Брукліне штогод праз тыдзень пасьля Калядаў адбываецца Каляднае сьвята для маленькіх беларусаў. У гэты дзень у залі асноўную частку прысутных складаюць дзеці розных узростаў.
З прыемнасьцю думаецца, што беларускае жыцьцё ў Нью-Ёрку не затухне, што падрастае наша зьмена, якая пяройме наш клопат і пра гэтую залю і пра цэлы гэты набыты паваеннай эміграцыяй будынак, што стаўся дзейсным Беларускім цэнтрам у “сталіцы сьвету”. Гэтыя дзеці прыйшлі з бацькамі на Сьвята менавіта ў Беларускі цэнтр і тое дае надзею, што бацькі выхоўваюць іх у нацыянальнай самасьвядомасьці, што яны захаваюцца на чужыне беларусамі.
Сёлета Ялінка адбывалася 14 студзеня і выдалася асабліва цікаваю. БАЗА запрасіла ў госьці добра знаёмага дзеткам і іх бацькам выбітнага чалавека, якога называюць сярод беларусаў мілагучным імём – Маляваныч. Аляксандр Ждановіч, вядомы беларускі актор, доўгі час працаваў у Тэатры імя М. Горкага ў Менску. А беларускай дзятве ён найбольш падабаўся ў ролі вядучага знакамітай “Калыханкі” – вечаровай перадачы для дзяцей на беларускім тэлебачаньні. Пад імём Маляваныч ён вёў гэтую папулярную перадачу ад 1996 году па 2015 год. Пад ягоным уплывам выраслі некаторыя з тых бацькоў, якія прывялі да нас сваіх дзяцей, каб сустрэцца з іх улюбёным артыстам. Сёньня Аляксандр працягвае працаваць з дзецьмі праз інтэрнэт і некаторыя з сёньняшніх дзетак ужо пазнавалі яго. Адна дзяўчынка моцна пакрыўдзілася на артыста, чаму ён тут яе не пазнаў, бо яна ж глядзіць ягоныя перадачы і сама яна яго пазнала.
Артыст прыехаў да нас з Грузіі, дзе ён зараз жыве пасьля таго як вымушаны быў у 2020 годзе пакінуць Беларусь. Ён быў звольнены з тэатра, таксама яго арыштоўвалі ў Беларусі і ён адседзеў у ізалятары.
Вельмі цікава было назірать, як Маляваныч таленавіта можа працаваць з дзецьмі, як яны яго слухаюць, як паўтараюць усе ягоныя рухі, выконваюць ягоныя просьбы. Артыст цалкам вёў ўсю сьвяточную праграму, ўсім было весела і дзецям і дарослым. Асабліва цікаваю была Батлейка, артыст прывёз з сабою ўсе патрэбныя рыштункі для спектакля. Традыцыйная батлеечная дзея была пададзеная з акцэнтам на сучасныя падзеі ў Беларусі. Вечная тэма змаганьня дабра са злом гучала надзвычай актуальна, знаёмы сіпаты голас адназначна указваў на носьбіта зла, якое ўрэшце было пераможана.
Царкоўны хор пад кіраўніцтвам Алены Рыдзеўскай падрыхтаваў да Сьвята вядомыя беларускія Калядкі, якія вельмі спадабаліся прысутным, стваралі пачуцьцё радасьці і надзеі з нагоды Божага Нараджэньня. Прыбраная цацкамі і каляровымі гірляндамі Ялінка ўпрыгожвала залю і прыцягвала да сябе самых маленькіх. Дзеці весяліліся ўволю ў прасторнай залі, бо дома ў кватэрах не маюць такой свабоды. Тацьцяна Красоўская з дапамогаю сябровак БАЗА падрыхтавала смачны сьвяточны абед і салодкі пачастунак.
І нарэшце наступіў самы ўрачысты момант, які так нецярпліва чакалі прысутныя. На Сьвята да дзетвары завітаў Сьвяты Мікалай з падарункамі, ён прывёў з сабою свайго маленькага памочніка. Сынок спадарства Кудзелічаў у чырвона-белым касьцюмчыку выглядаў вельмі міла і прыгожа.
Але, падарункі Сьв. Мікалай дараваў толькі тым, хто раскажа верш ці сьпяе песеньку, ці можа нават патанчыць. Дзеткі стараліся, як маглі , і ўсе атрымалі салодкія падарункі.
А дарослыя тым часам бавіліся сяброўскімі размовамі, радаваліся сустрэчам з сябрамі, набывалі новых знаёмых і трохі даглядалі за дзецьмі, каб дапамагчы Маляванычу.
Заля была поўная, але месца ўсім хапала , каб і пачаставацца і паглядзець цудоўную выставу ў зале, дзе дэманстраваліся мастацкія выцінанкі Вольгі Палуніцы, што нядаўна ладзіла тут мастэр-клас.
Час прабягаў незаўважна, весяліліся да самага вечара, нават не хацелася разыходзіцца.
Гледзячы пасьля на пустую залю, сталася неяк сумна, што трэба яшчэ цэлы год чакаць да наступных Калядаў. Але, было і цёпла на душы, што наша праца па падрыхтоўцы Сьвята не была дарэмнаю, што было людна і весела, што гэта прынясло радасьць нашым людзям, што паспрыяла далучаць дзяцей да нашай беларускай культуры, да нашых традыцый, да нашага грамадзкага жыцьця.