Сёння 23 красавіка — дзень нараджэння беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі (Самуіла Яўхімавіча Плаўніка). У лістападзе 2020 года ён быў перапахаваны ў Мінску — яго парэшткі былі перавезены з Казахстану. Як пісьменнік апынуўся ва Уральску, у якіх абставінах сустрэў смерць, як быў перапахаваны на радзіме і чаму дагэтуль на яго магіле няма помніка, піша belit.info.
Вайна і эвакуацыя
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Змітрок Бядуля быў у камандзіроўцы ў Хойніках, а яго жонка Марыя з дзецьмі — у Пухавічах у Доме творчасці пісьменнікаў. Бядуля тэрмінова вярнуўся ў Мінск, сустрэўся са сваёй маці і разам яны пешшу дайшлі да Барысава. Там яны селі на цягнік і даехалі да Піжмы — невялікага расійскага мястэчка ў цяперашняй Ніжагародскай вобласці.
Брат Бядулі, Мацвей Плаўнік узгадваў, што пісьменнік уладкаваўся на працу ў мясцовую рэдакцыю, яму выдзелілі пакой. Самуіл Яўхімавіч доўгі час не ведаў, ці жывыя ягоныя жонка і дзеці, і вельмі праз гэта пакутваў.
Жонка Марыя і дзеці Бядулі выехалі ў эвакуацыю і спыніліся ў сяле Новыя Бурасы Саратаўскай вобласці. Там спыніліся і жонкі іншых пісьменнікаў: Васіля Барысенкі, Петруся Броўкі, Кандрата Крапівы, Аркадзя Куляшова, Алеся Кучара, Кузьмы Чорнага, а таксама дачка Міхася Клімковіча Мая. Яны працавалі ў калгасе, жалі і збіралі ўраджай.
Змітрок Бядуля знайшоў сваю сям’ю з дапамогай паэта Мендэля Ліфшыца — той даведаўся, дзе знаходзіцца сям’я пісьменніка і расказаў яму. Пасля Бядуля напісаў жонцы ліст, а як атрымаў адказ, то пераехаў да яе.
Да канца кастрычніка 1941 года сям’я жыла ў Новых Бурасах. У той час былі трывожныя навіны пра набліжэнне фронту, таму сям’я Бядулі вырашыла пераехаць у Алма-Аты.
Смерць Змітрака Бядулі
Смерць Змітрака Бядулі была раптоўнай і нечаканай — 3 лістапада 1941 года па дарозе ў Алма-Аты. Вось як піша пра здарэнне ў сваіх успамінах “Лясному рэху праўду раскажу…” Валянціна Куляшова, дачка Аркадзя Куляшова, якая разам з мамай таксама ехала з Бядулямі ў цягніку:
“Мы, бурасаўцы, увесь час марылі аб тым, каб злучыцца з асноўнай часткай пісьменніцкіх сем’яў, тымі, хто жыў у Алма-Аце. Памятаю ноч, скрып колаў і наш табар, што рухаецца на падводах, запрэжаных каровамі, па непралазнай гразі за трактарам, у якой дарослыя, бо на падводах толькі мы, дзеці, гразнуць па калена. Колькі цягнуўся гэты пераезд, не ведаю, але ехалі мы і ўночы, і мне гэта ўсё здалося доўгім сном. […] Развітаўшыся, нарэшце, з Нова-Бурасамі, мы рушылі ў Алма-Ату. У дваццаці мінутах язды ад Уральска — мары майго даваеннага дзяцінства — цягнік спыняецца, прапускаючы, відаць, воінскі састаў.
Такія нечаканыя спыненні «в чистом поле» былі ў ваенныя часы справай звычайнай. […] А тут, пад Уральскам, усе, як звычайна, высыпаюць з вагонаў, каб трохі размяцца. Раптам цягнік робіць рывок і рухаецца: ён спыніўся ненадоўга. Але цягнік набірае хуткасць паволі і ўсе ўскакваюць ад яго руху. І тут — крыкі. Па насыпе бяжыць Бядуля. Наш вагон праплывае міма, яго — наступны. Бядулю працягваюць рукі і ўсцягваюць у вагон. Праз пэўны час да нас прабіраецца Алік, які прыносіць сумную вестку: Змітрок Бядуля памёр. Мы ўжо набліжаемся да Уральска, і мая маці прапануе ўсім высадзіцца тут: сям’ю Бядулі нельга пакідаць адну ў горы”.
У адным вагоне са Змітраком Бядулем ехаў дзядзька музыкі Лявона Вольскага Гаральд Вольскі. У размове з гісторыкам і літаратурным крытыкам Дзянісам Марціновічам ён распавёў пра тое, як памёр пісьменнік:
“…Страшэнна хацелася есці. Таму там, дзе спыняліся, мянялі якія заўгодна рэчы на хлеб. Аднойчы спыніліся на станцыі Семіглавы Арол, што ў 12 кіламетрах ад Уральска.
Абмен ужо заканчваўся, калі цягнік даў гудок. Змітрок Бядуля захваляваўся, што цягнік паедзе без яго, і пабег. Мы за ім. Паспелі. А Бядуля любіў пальцамі скручваць махорку, з-за чаго яна станавілася пузатай. Я ўвесь час звяртаў на тое ўвагу, бо паліў сам. Бядуля скруціў яе, зацягнуўся некалькі разоў — і яму стала дрэнна. Марыя Ісакаўна, яго жонка, папрасіла: «Гарык, падтрымай». Я падбег, праціснуўся, падтрымаў. Бядуля пачаў задыхацца. І заціх. На маіх руках ён і памёр”.
Аказалася, што ў той час ва Уральску гастраляваў Віцебскі драматычны тэатр (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа). З успамінаў Валянціны Куляшовай, арганізацыю пахавання Бядулі ўзяў на сябе загадчык літчасткі тэатра Іосіф Львовіч Дорскі. Развітальная цырымонія адбылася ў будынку тэатра, падчас якой акторы чыталі вершы пісьменніка. Змітрака Бядулю пахавалі на гарадскіх могілках ва Уральску.
Перапахаванне пісьменніка
Сваякам Змітрака Бядулі было цяжка і нязручна дабірацца да казахскага Уральска, каб даглядаць магілу. Яны шэсць разоў спрабавалі дамовіцца аб перапахаванні пісьменніка на радзіме, але ўвесь час перашкаджалі розныя бюракратычныя нюансы.
Гэта атрымалася зрабіць з сёмай спробы — у 2020 годзе, калі пытаннем заняўся Аляксандр Сапега, кіраўнік Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі і Фонда Марыі Магдалены Радзівіл. У Аляксандра ўжо быў паспяховы досвед у вяртанні на радзіму парэшткаў мецэнаткі і княгіні Марыі Магдалены Радзівіл.
У студзені 2020 года Сапега атрымаў дазвол у казахстанскіх уладаў на эксгумацыю, у лютым атрымалася перавезці парэшткі Змітрака Бядулі ў Мінск. Яны захоўваліся ў бабруйскай царкве Святога прарока Іллі да моманту перапахавання. Усё гэта стала магчымым пры арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы МЗС Беларусі і ганаровага консула і пасольства Беларусі ў Швейцарыі, дзе працаваў дыпламат Павел Мацукевіч. Арганізацыяй развітання ў музеі “Беларуская хатка” і пахаваннем беларускага класіка на новым месцы займаўся тагачасны дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў.
У адным з інтэрв’ю Аляксандр Сапега распавядаў, што перапахаванне Змітрака Бядулі было даволі складанай задачай, у рашэнні якой прымалі ўдзел людзі з трох краін — Беларусі, Казахстана і Швейцарыі. Хаця сваякі былі за тое, каб прывезці парэшткі пісьменніка на радзіму, атрымаць дазвол з казахскага Уральска было вельмі цяжка. Бо мясцовыя ўлады не сутыкаліся з такімі сітуацыямі раней і не ведалі дакладна, як надаць гэтаму працэсу легітымнасць.
Яшчэ адна складанасць была ў тым, што першапачаткова быў план крэміраваць парэшткі і прывезці ў Беларусь урну з прахам, але аказалася, што ў Казахстане ўвогуле няма крэматорыяў. Тады была вырашана транспартаваць парэшткі ў труне, але ў авікампаній былі патрабаванні, каб яна была цынкавай, а такую было вельмі складана знайсці. Нават думалі пра тое, каб прывезці такую труну з Беларусі. Але пасля гэтае пытанне змаглі вырашыць.
Помнік з магілы Змітрака Бядулі ва Уральску быў у вельмі кепскім стане, але шыльды і літары з надмагілля прывезлі ў Беларусь і перадалі ў музей “Беларуская хатка” — месца, дзе калісьці жыў пісьменнік.
Перапахаванне Змітрака Бядулі адбылося ў дзень яго смерці — 3 лістапада 2020 года на Усходніх могілках у Мінску: 26 участак, злева ад цэнтральнага ўваходу. Адпяванне праводзіў праваслаўны святар, хоць Змітрок Бядуля не быў праваслаўным вернікам. Яшчэ малітву на іўрыце прачытаў равін. Беларускага пісьменніка, які свядома выбраў беларускую мову для пісання (а не рускую, іўрыт ці ідыш), пахавалі з рускамоўнай шыльдай на крыжы.
Чаму на магіле Змітрака Бядулі няма помніка
3 лістапада 2020 года Змітрака Бядулі пахавалі ў Мінску. У чэрвені 2021 на старонках музея ў Facebook з’явілася інфармацыя пра пачатак збору сродкаў на помнік. Эскіз надмагільнага манумента распрацаваў беларускі скульптар Сяргей Гумілеўскі. Для вытворчасці і ўсталявання помніка было неабходна сабраць 12,5 тысячы беларускіх рублёў.
Да красавіка 2024-га — праз тры з паловай гады пасля перапахавання — у дзяржавы і Міністэрства культуры так і не знайшлося грошаў на помнік класіку беларускай літаратуры, якога праходзяць у школьнай праграме. На жаль, не знайшлося грошай і ў саміх беларусаў.
Як можна выправіць сітуацыю
- Прыйсці на дабрачынную экскурсію ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча.
Заробленыя грошы будуць залічаны на рахунак, дзе акумулююцца сродкі на стварэнне і ўсталяванне помніка Бядулю.
Экскурсія адбудзецца 28 красавіка а 12.00.
Унёсак: 20 руб.
Адрас: г.Мінск, вул.М.Багдановіча, 7а.
- Наўпрост пералічыць грошы на рахунак, дзе збіраюцца сродкі на помнік.
Рэквізіты для дапамогі можна знайсці тут.