Пасьля таго як паўстанцы Тадэвуша Касьцюшкі перамаглі ў Вільні, там была абвешчаная Найвышэйшая Літоўская Рада – Ўрад Вялікага Княства Літоўскага падчас гераічнага змаганьня з расейскімі акупантамі. 24 красавіка 1794 года прынес зьяўленьне слаўнай старонкі беларускай гісторыі.
«Шаноўныя абывацелі! Пастарайцеся толькі абудзіць у сябе любоў да вольнасьці і мужнасьць даўніх вашых продкаў і па іх прыкладу паспалітага рушаньня бярыцеся за зброю — да броні, заўжды спраўнай у руцэ жыхара Рэчы Паспалітай, пастанавіце на ўзор каронных правінцый выправіць у вольныя харугвы вольных валантэраў, у якіх найлепшай красы моладзь прадэманстравала доказы слаўных перамог над ворагам»,– з закліку Ўраду ВКЛ да грамадзянаў.
У склад Рады ўвайшлі 29 патрыётаў. Удзельнікі выдалі 25 красавіка Ўнівэрсал у ваяводзтвы, паветы і вольныя месцы ВКЛ аб пачатку дзейнасьці вярхоўнага кіраўніцтва паўстаньнем.
«Пасьля столькіх ужо бедаў і прыніжэньня, усявышняе прадбачаньне паслала нашаму народу шчасьлівую пару і калі мужнасьць здолее гэтым скарыстацца, а абывацельская дабрадзейнасьць і кемлівасьць пажадае яе падтрымаць, то, мілая Айчына, ты будзеш нарэшце выратавана. Слухай народ літоўскі, што табе гаворыць не слабы кароль са слабога яшчэ трону, не свавольная грамада нічога, акрамя пустога тытула, не маючага люда, а спакойны саюз зычлівых тваіх сыноў, якія доўга аб тваім вызваленьні працавалі тады, калі ты ўжо ў яго зьняверыўся».
Зычлівыя сыны, пазначаныя ва Ўнівэрсале, вартыя таго, каб іх імёны прывесьці цалкам. Туды ўключылі Юзафа Несялоўскага, навагрудзкага ваяводу, Антонія Тызэнгаўза, віленскага харунжага, прэзідэнта Вільні, Бэнэдыкта Марыконі, Станіслава Мірскага, пісара літоўскага, Міхала Бржастоўскага, менскага старасту, Дамініка Нарбута, лідзкага войскага, Юзафа Паца, вілейскага старасту, Міхала Грабоўскага, літоўскага канюшага, Станіслава Валовіча, рэчыцкага падкаморага, Томаша Ваўжэцкага, экс-харунжага літоўскага, Мікалая Храпавіцкага, аршанскага маршалка, Валенція Гарэцкага, віленскага войскага, Бэнэдыкта Карпа, упіцкага харунжага, Міхала Страшэвіча, упіцкага маршалка, Юзафа Коцела, палкоўніка войскаў ВКЛ, Каэтана Нагурскага, харунжага Шавельскага павета, Шымона Вішнеўскага, прэнскага падкаморага, Мікалая Мараўскага, экс-пісара вайсковага, Тадэвуша Высагерда, Алаіза Сулістроўскага, экс-пісара літоўскага, Самуэля Корсака, Ігнацыя Гельгуда, экс-стражніка літоўскага, Мартына Пачобута, рэктара віленскай акадэміі, Міхаіла Карповіча, смаленскага архідыякана, Ежы Белапятровіча, Антонія Хлявінскага, генэрал-маёра, Рамуальда Гедройца, генэрал-маёра, Якуба Ясінскага, палкоўніка інжынэраў і камэнданта Вільні, Антонія Лахніцкага, віцэ-прэзідэнта таго ж месца.
Што мелася рабіць адпачатку Найвышэйшая Літоўская Рада?
Было вырашана, што Крымінальны суд пачынаецца разам з актам і яго абавязкам з гэтага часу будзе караць здраднікаў Айчыны, праціўных яе паўстаньню або радам, або якія пагражаюць якой-небудзь змовай, ці такіх, хто ўжо завініўся крыміналам перад Айчынай.
Суд, як адзначалі аўтары Ўнівэрсалу, будзе кароткім і калі б знайшлася настойлівая патрэба, то скаргі, довады і дэкрэты належыць разабраць на працягу 24-х гадзінаў, а ад дакрэту нельга інакш пазбавіцца, як толькі з вызваленьнем пасаромленага скаржніка або сьмерцю вінаватага на шыбеніцы.
Такі орган, як Дэпутацыя забесьпячэньня мусіла пачаць дзейнасьць з гэтага ж часу і ў сваёй працы павінна была займацца агульна ўсім тым, чаго толькі патрэба паўстаньня народа будзе вымагаць задавальняючых, як мага хутчэйшых спосабаў і вынікаў. Тая ніякіх судоў не мае, а толькі па абставінах будзе адсылаць у належныя суды.
Наступны орган, Дэпутацыя публічнай бясьпекі, гэтак жа гэтым часам адкрываецца і павінна была заведваць народнай збройнай сілай, сьцерагчы бясьпеку, прадухіляць усякія перашкоды паўстаньню народа. Яе асаблівым абавязкам было як мага пільней сачыць за тым, каб супраць паўстаньня Айчыны не толькі нічога не прадпрымалася, але нават нічога не гаварылася.
Уласных судоў таксама Дэпутацыя публічнай бясьпекі ня мела, а павінна адсылаць да належных па праву судоў. Можа, аднак, “па зносінах з вайсковымі кіраўнікамі, затрымліваць падазроных і калі б па ўчыненаму сьледству затрыманы паказаўся вінаватым і не было б даносчыка, тады публічны інстыгатар павядзе працэс без апеляцыі, пад адказнасьцю толькі свайго ўрада”.
Апошні падобны орган — Дэпутацыя публічнага скарбу павінна была заведваць скарбам і выконваць павіннасьці, ускладзеныя правам на скарбовую камісію.
Новы Ўрад ВКЛ наступным чынам зьвярнуўся да грамадзянаў нашага Краю:
“А жадаючы ўсяляк паказаць народу ў якім духу стараннасьці мы зьбіраемся працаваць над яго паратункам, для таго заклікаем вас, шаноўныя абывацелі, зараз жа па атрыманьні гэтага ўнівэрсалу злучыцца з намі асаблівым актам на абуджэньне народа, да той нашай рады выбраць для супольнай з намі абароны і шляхам прысягі дэлягаваць для нясеньня публічнай паслугі трох са Жмудзкага княства, з ваяводзтваў, паветаў, таксама з усіх галоўных гарадоў па аднаму.
А Найвышэйшая рада, маючы тады ўжо для такой патрэбы і абставінаў памножаны камплект сваіх калегаў, апынецца здольнейшай скінуць ярмо ганебнай няволі і вызваліць усе свае забраныя краі”.
Першы праграмны дакумэнт, выдадзены Радай павінны быў быць зачытаным ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім падчас набажэнстваў. З гэтай прычыны быў замоўлены друк і выдадзеныя копіі Ўнівэрсалу.
“Абвяшчаем вам, шаноўныя абывацелі, лёзунг сьмерці або перамогі, пад якім наша войска шматкрат ужо набыло карысьці ў выйграных бітвах. Хто не з намі, той супраць нас. На гэтых падставах дабрадзейнасьці і мужнасьці ўтварыўшы нам саюз, урачыста зацьвердзілі прысягай на публічным рынку Вільні разам з іншымі абывацелямі ў наступных словах.
Мы… прысягаем Усемагутнаму Пану Богу, адзінаму ў сьвятой Тройцы, што Айчыне жыцьцём і маёмасьцю старанна служыць будзем, уладам, пастаўленым актам паўстаньня народа, найвярней паслухмянымі будзем, і ўсё, што ад нас належыць будзе на моцу абароны цяперашняга акта паўстаньня народа, не замінем выконваць старанна і дасканала, а што нам пастаўленая гэтым актам улада даручаць будзе не толькі ў сакрэце захаваем, але таксама ўсё наша дзеяньне толькі на дабро края, а не на прыватныя выгоды скіроўваць будзем, у чым нам Пан Бог і нявінная мука яго Сына ды дапаможа.
Застаецца нам, шаноўныя абывацелі, яшчэ вас запэўніць, што ўтрымаўшы толькі да часу ўсе ўрадавыя і судовыя ўстановы ў краі, ні прымаць нічога ў асабістых інтарэсах, ні пастановаў падобнага гатунку выдаваць ня будзем, ніякага заканадаўства не дапусьцім, бо ў цяперашнім выпадку мы атрымалі шчасьлівы момант, які нам мужнасьць нарадовага войска адкрыла для паратунку Айчыны.
Пастанавіць адрачыся ад усякіх пэнсій і карысьцяў да той пары, пакуль з найвышэйшай дбайнасьцю будзем выконваць свае абавязкі, пакуль Рэч Паспалітая не вызваліцца зусім ад замежнага жаўнера і, ачышчаная пакараньнем злачынства ўсіх здраднікаў нашай Айчыны, не наступіць шчасьце самай высокай ступені. Шаноўныя абывацелі! Найвышэйшая рада і кожная з тых дэпутацый асобна будуць вам абвяшчаць аб патрэбах і акалічнасьцях. Слухайцеся, калі не жадаеце згінуць”.
У красавіку Ўрад зьвяртаўся з адозвай да земляробаў, у якой пісаў:
“Брацьця земляробы! Давяршыце адважна, што нашае рыцарства і абывацелі прадпрынялі мужна. Адкінем погляды на розьніцу станаў — усе мы людзі і абывацелі краю. Кроў людзкую вораг пралівае, маёнткі і дамы агнём нішчыць. Выратуемся побач хто як можа. Абаронім усе сваё жыцьцё.
Бацькоў, сыноў вашых люты маскаль мучыць і забівае. Дзеткі! Бацькоў вашых дзікі казак працінае і расьсякае. Мацярок вашых на ганьбу і агіду тыранскі салдат цягне, навашлюбных сясьцёр і крыўных вашых пахабны зьвер сарамаціць і распусна мардуе. Людзі! Дзетак вашых і малалетак на піках абрыдлае казацтва рве і разрывае.
Глядзіце, сыны, на кроў нявінную, спушчаную сваіх бацькоў. Глядзіце, мужы, на кроў і сьмерць сваіх сем’яў, крыўды і ўціскі. Глядзіце, людзі, на дзікасьць тыранаў. Пажар і страшнае полымя вакол паліць маскаль, вёскі, мястэчкі і корчмы забірае і рабуе, нішчыць усіх земляробаў, мяшчанаў і шляхту. Страшней чорных аблокаў узьлятае з хат агонь, пажыраючы вёскі і хаты няшчаснага люду.
Пацешайцеся, душы, не разарваныя жалем і апошняй роспаччу. Дакуль рукі вашыя будуць страхам зьвязаны? Дакуль літасьць недарэчная стрымоўваць нас будзе ад помсты найлюцейшай над зьдзічэласьцю і так абрыдлай тыраніяй маскалёў? Дакуль сухім вокам і зьдзіцьвялым намерам толькі сьмерці чакаць будзем ад разьюшаных салдат і дзікага казацтва?
Бараніцеся, абывацелі, ад ворагаў, Айчыну і жыцьцё ў вас адбіраючых. Гэта права чалавека. Бараніцеся, абывацелі, ад ворага народ ваш у няволю пакараючага. Гэта права супольнасьці і чалавека”.
З траўня 1794 года Радай быў прызначаны кіраўнік узброеных сілаў на тэрыторыі ВКЛ – Якуб Ясінскі.
9 траўня Рада выдала Ўнівэрсал аб рэкруцкім паборы.
“Абывацелі! Нарадовая рада ўласна да вас зьвяртаецца! Усе вы абавязаны бараніць сваю Айчыну. Усіх вас драпежны непрыяцель пазбавіць бясьпекі, маёнткаў, хатаў, вашага жыцьця, нават сьвятыні самога Бога і алтароў, калі вы самі спазьніцеся з ахвяраваньнем, да якой вас рада кліча!
Няхай тыран, які не мае правілаў людзкасьці, які не насмактаўся ні крыві людзкай, ні грабяжу, яшчэ больш уразіцца тым, што на той зямлі, на якую ён найшоў, якую бязбожна пустошыць і нішчыць, не знойдзецца рукі, якая б не ўзялася за зброю для помсты ўчыненых крыўдаў і зьнявагі. Лучыцеся супольна ўсе!”
Дзейнасьць Найвышэйшай Літоўскай Рады працягвалася нядоўга. 11 чэрвеня 1794 года быў яе апошні дзень. Як піша гісторык Уладзімер Арлоў: “Але ў паўстанцкім кіраўніцтве не было адзінства. Напалоханы радыкалізмам Ясінскага Касьцюшка адхіліў яго ад камандаваньня. Літоўская Рада была абвінавачаная ў сэпаратызьме й распушчаная”.
У жніўні 1794 года акупацыйныя расейскія войскі зноў захапілі Вільню.