Як Касьцюшка сялянаў вызваліў з прыгнёту

Паўстаньне ўва ўсю разьвівалася, ішоў травень 1794 года, і Тадэвуш Касьцюшка выдае рэвалюцыйны па сваёй сутнасьці дакумэнт – Унівэрсал, паводле якога сяляне атрымлівалі асабістую волю. Ці маглі нашыя продкі сапраўды разьлічваць на канец ганебнай практыкі, якая «ад прадзедаў спакон вякоў» існавала ў Вялікім Княстве Літоўскім?

Прысяга Тадэвуша Касьцюшкі

7 траўня 1794 года Тадэвуш Касьцюшка выдаў Паланецкі ўнівэрсал, якім гарантавалася апека ўрада над сялянамі. Сяляне абвяшчаліся асабіста вольнымі, гэта значыць адмянялася прыгоннае права, але без зямлі, пайсьці ад пана селянін мог толькі пры ўмове выплаты даўгоў і дзяржаўных падаткаў, а таксама паставіўшы ў вядомасьць Камісію ўправы, куды ён перасяляецца. Вызначаліся пэўныя ільготы ў адбываньні паншчыны. Спецыяльнымі артыкуламі ўнівэрсалу Касьцюшка папярэджваў, што парушэньне гэтых пастановаў панамі будзе карацца судом як процідзеяньне мэтам паўстаньня, — адзначаў Язэп Юхо.

«Каб людзей разгрузілі ад працы, каб тыя, хто працуе 5-6 дзён на тыдзень, мелі два прапушчаныя дні на тыдзень. Той, хто працуе тры-чатыры дні на тыдзень, павінен прапусьціць адзін дзень; той, хто працаваў два дні, павінен прапусьціць адзін дзень. Той, хто працаваў адзін дзень на тыдзень, цяпер павінен працаваць адзін дзень кожныя два тыдні. Гэтая адмова будзе цягнуцца на ўвесь час паўстаньня, пакуль заканадаўчая ўлада не зробіць пастаянную пастанову ў гэтай справе» – з Унівэрсалу Тадэвуша Касьцюшкі.

Большая частка шляхты была супраць палажэньняў Унівэрсалу і спрабавала перашкодзіць яго ажыцьцяўленьню. Крытыкі гэтага нарматыўна-прававога акта зьвярталі ўвагу на нераўнамернасьць і несправядлівасьць памераў адмовы ад паншчыны — прапарцыйна больш страчвалі тыя, хто менш патрабаваў ад сялянаў. Гэта насамрэч лёгка можна праверыць з урыўку, пададзенага вышэй.

Сяляне ў сваю чаргу заклікаліся старанна адбываць зьменшаныя дні паншчыны, слухацца свайго кіраўніцтва, дбаць пра гаспадарку, не павінны былі адмаўляцца ад найму да паноў за адпаведную плату. Далей ва ўнівэрсале казалася:

«Калі якія-небудзь нягоднікі, выкарыстоўваючы на шкоду дабрыню і справядлівасьць урада, будуць адцягваць просты народ ад працы, падбухторваць яго супраць паноў, адгаворваць ад абароны Айчыны, то камісіі ўправы павінны загадаць схапіць такіх злачынцаў і аддаць іх крымінальнаму суду».

Абвешчаныя рэформы скарацілі павіннасьці толькі адной, сапраўды асноўнай, катэгорыі сялянскага насельніцтва — прыгонных. З розных формаў феадальнай рэнты была скарочана толькі адна форма — паншчына. Аднак у  чыншавых сялянаў нічога не зьмяншаліся. У актах, якія абвяшчалі рэформы, у тым ліку у Паланецкім Унівэрсале, пра іх увогуле не згадваецца. Таксама, у адрозьненьне ад паншчыны, чынш не прыпыняўся на час ваеннай гэтай катэгорыі сялянаў.

Прававой асновай гэтага акта стаў артыкул IV Канстытуцыі 3 траўня, які гарантаваў сялянам абарону закону (і дзяржаўнага ўрада), праўда, толькі ў адносінах да дамоваў, заключаных са спадчыньнікамі. Такія дамовы не маглі быць адвольна зьмененыя землеўласьнікамі і іх правапераемнікамі (спадкаемцамі, пакупнікамі правоў). У канстытуцыйным палажэньні сяляне вызначаліся як самая шматлікая частка народа, да якой неабходна адносіцца ў адпаведнасьці з прынцыпамі справядлівасьці і хрысьціянскіх абавязкаў. Гэтыя даволі агульныя фармулёўкі зьяўляліся адпраўной кропкай для ўсіх наступных плянаў рэформаў, скіраваных на адмену або абмежаваньне прыгоннага права сялянаў.

Паланецкі Ўнівэрсал

Сьвятарству, паводле Ўнівэрсалу Касьцюшкі, даручалася растлумачваць гэтае распараджэньне з амбонаў у касьцёлах і цэрквах на працягу чатырох тыдняў. Камісіі ўправы павінны былі прызначыць асобаў, якія б гучна чыталі распараджэньне ў вёсках і парафіях, заклікаючы сялянаў да паўстаньня.

Можна ў гэтай справе ўзгадаць выпадак з дамініканскім сьвятаром Чэславам Логі з Бабіц у чэрвені 1794 года. Абвінавачаны ў падбухторваньні сялянаў пры чытаньні з амбоны Паланецкага ўнівэрсалу, ён быў прысуджаны да звальненьня з вікарыяту і іншых касьцёльных пакараньняў. Так пастанавіла Ордэнавая камісія Мазавецкага княства. Яны пастанавілі: забарона на пропаведзі да канца паўстаньня, «месяц найстрогай адзіноты і духоўнага адпачынку, кожную пятніцу ўласная дысцыпліна, якую вы посьціце ў трапезнай падчас абеду на хлебе і вадзе». Затым дамініканін павінен быў жыць у прызначаным кляштары «ў пакаяньні і зьнявазе».

Юзэф Нямцэвіч, паплечнік Тадэвуша Касьцюшкі, у сваіх успамінах пісаў наконт гэтага: «Шляхта, якая прывыкла без перашкодаў карыстацца маёмасьцю сваіх сялянаў, супраціўлялася выкананьню загада Начальніка (Касьцюшкі) высылаць пятага селяніна з касою ў армію. Нават сельскі народ, які так доўга жыў у няволі, у бальшыні не прадбачыў лепшай долі, не зазнаўшы яе, быў абыякавы. Дарэмна Касьцюшка сваім унівэрсалам з-пад Паланца 7 траўня 1794 года абвясьціў вясковы люд свабодным, аб’яўляў яму волю. Унівэрсалы гэтыя або не дайшлі, або ім не верылі».

Як лічаць Язэп Юхо разам з Уладзімерам Емельянчыкам, характарыстыка, дадзеная Нямцэвічам стаўленьню абшарнікаў і прыгонных сялянаў да паўстаньня, адлюстроўвала сапраўднае становішча і ў значнай меры тлумачыла пазьнейшыя няўдачы паўстаньня. У сялянаў цягам стагодзьдзяў бізуном і прымусам замацоўвалася рабская псыхалёгія. Яны, цалкам залежныя ад сваіх паноў, не былі гатовыя да актыўных дзеяньняў у якасьці сьведамых барацьбітоў за свае правы, за сваю волю.

Сьведамасць селяніна далёка не заўсёды была падрыхтаванай да асэнсаваньня закліку бараніць Бацькаўшчыну, у якой яго лічылі «быдлам» і «хамам». Усё гэта ўлічваў Касьцюшка і ў кожным яго звароце да народа стараўся абудзіць іх сьведамую актыўнасьць, умацаваць веру ў перамогу.

Пасьля бітвы пад Радлавіцамі, у якой удзельнічалі 2000 апалчэнцаў з сялянаў, Касьцюшка ўзнагародзіў тых, хто найбольш вызначыўся, а Войцэха Барташа ўзьвёў у чын афіцэра і назваў яго Барташам Главацкім, тым самым прысвоіў яму шляхецкую годнасьць. Сам жа Тадэвуш Касьцюшка апрануў сялянскую сьвітку. Гэтыя дзеяньні спрыялі павышэньню аўтарытэту Касьцюшкі сярод людзей.

Безумоўна, досьвед, назапашаны ў ЗША ў 1776-1784 гадах, аказаў вялікі ўплыў на Тадэвуша Касьцюшку ў выданьні звароту да сялянаў аб далучэньні да барацьбы. Ідэя Касьцюшкі была заснаваная ў значнай ступені на веры ва ўласныя сілы, якія павінны былі дазволіць краіне аднавіць незалежнасьць.

Узаемны ўплыў падзеяў

Тэстамэнт

Філядэльфія, 5 траўня 1798 году

«Я прасіў пана Джэфэрсана, калі я памру, без апошняй волі ці запавету, каб ён выкупіў за мае грошы столькі чорных і адпусьціў іх на волю, каб астатняй сумы хапіла на іх навучаньне і існаваньне. Кожны зь іх найперш павінен ведаць, што абавязак грамадзяніна ў вольнай дзяржаве — бараніць сваю краіну ад зьнешніх і ўнутраных ворагаў, якія зьменяць Канстытуцыю ў горшы бок, што ў выніку зноў зробіць іх рабамі. Кожны зь іх павінен мець добрае і чалавечнае сэрца, чулае да цярпеньня іншых.

Кожны павінны быць жанаты і мець 100 акраў зямлі (прыблізна 40 гектараў), прылады працы і жывёлу для апрацоўкі, ведаць, як абыходзіцца, умець гаспадарыць, а таксама павінны мець ладзіць з суседзямі: заўсёды быць добрым і гатовым дапамагчы і сьціплым да іх. Кожны павінны даць сваім дзецям добрую адукацыю, любіць сваю Радзіму і выконваць свае грамадзянскія абавязкі, каб яны, у падзяку мне, рабілі сябе як мага больш шчасьлівымі.

Тадэвуш Касьцюшка».

Гэры Нэш, гісторык з Каліфарнійскага ўніверсітэту, сцьвярджае, што гісторыя Злучаных Штатаў, а значыць, верагодна, і сьвету, склаліся б па-іншаму, калі б Томас Джэфэрсан выканаў апошнюю волю яго сябра, пачаўшы адмену рабства ў 1817 годзе. Джэфэрсан, калі адмовіўся выканаць запавет Касьцюшкі нягледзячы на ​​ранейшае абяцаньне, здрадзіў ня толькі яму, але і ідэям свабоды, на якіх былі заснаваныя Злучаныя Штаты.

У ЗША заставаўся рахунак Тадэвуша амаль на 17 тысячаў тагачасных даляраў, гэта была маёмасьць Касьцюшкі, якая складалася з неаплачанага раней заробку афіцэра Амэрыканскай рэвалюцыі. Джэфэрсан атрымаў апеку над грашыма разам з тэстамэнтам, першы варыянт якога быў напісаны ў красавіку 1798 году. Дакумэнт выяўляе сабою ня толькі запавет, але і сутнасьць сацыяльнай філязофіі Касьцюшкі.

Джэфэрсан павінен быў выкупіць столькі чарнаскурых рабоў за значную па тых часах суму, каб астатніх грошай хапіла на іх навучаньне і забесьпячэньне годных умоваў жыцьця, гэта значыць 100 акраў зямлі з сельскагаспадарчым інвентаром і быдлам.

Адукацыя былых рабоў павінна была складацца ня толькі з прафэсійных навыкаў, але і таксама з грамадзянскіх правоў.

Праэкт тэстамэнту Касьцюшкі — самы кароткі рэцэпт таго, як з раба зрабіць вольнага грамадзяніна і рэспубліканца, які гатовы абараняць Канстытуцыю і свабоду сваёй Айчыны.

Як падкрэсьлівае гісторык Нэш, эгалітарызм Касьцюшкі высьпяваў з часоў назіраньня за лёсам прыгоньнікаў у Рэчы Паспалітай. Вайна за незалежнасьць у ЗША са значным удзелам афраамэрыканцаў натхніла Тадэвуша прыняць канцэпцыю нацыянальнай вайны з удзелам усіх пластоў насельніцтва, у тым ліку сялянаў.

У сваім падыходзе да народу Касьцюшка спалучаў ідэалізм з прагматызмам. З аднаго боку, ён лічыў, што свабода зьяўляецца неабходнай умовай для пашырэньня магчымасьцей. Гэта недвухсэнсоўна выяўляецца ў маніфэсьце 1800-га году:

«Некаторыя думаюць, што трэба прасьвятляць народ, перш чым даць яму свабоду. Я лічу наадварот: каб прасьвятліць народ, трэба яго вызваліць. Колькі народаў у гісторыі мы ведаем, якія не ўмелі чытаць і былі свабоднымі? Свабода — гэта не навука, а патрэба душы, такая ж істотная для чалавечага шчасьця, як чыстае паветра для здароўя».

У 1815 годзе Тадэвуш пісаў наступнае: 

«Прабачце — адна свабода не дае селяніну і яго сям’і пражытку. Ён павінен зарабляць сабе на жыцьцё альбо працай, альбо рамяством, альбо прамысловасьцю, альбо валоданьнем зямлёй, што лепш для краіны, інакш яны зробяцца злыднямі».

Павел Хадзінскі, novychas.online