Стаў вядомы расклад беларускіх мерапрыемстваў у асноўнай праграме Варшаўскага кніжнага кірмашу

23 — 26 траўня ў Варшаве ў Палацы Культуры і Навукі пройдзе міжнародны кніжны кірмаш, у межах якога будзе працаваць і стэнд незалежных беларускіх выдаўцоў «Вольная Беларусь» (stoisko nr 138 w Sali Marmurowej, PKiN).

Вось расклад мерапрыемстваў.

24.05, пятніца

Час: 12.00 — 12.50 

Месца: заля імя Мікалайскай, Палац культуры і навукі, Варшава.

Тэма: Беларуская літаратура ў польскіх перакладах (арганізатар мерапрыемства Інстытут беларускай кнігі; на польскай мове з беларускім перакладам).

Цягам апошніх дзесяцігоддзяў польскія выдаўцы спрабуюць «раскруціць» беларускую літаратуру на хвалі ўзмацнення палітычнай актыўнасці напярэдадні і адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. На жаль, у інфармацыйным зацішшы, якое звычайна пануе у перыяд паміж выбарамі, выдаўнічы запал паступова згасае. Прыцягнуць, а потым утрымаць увагу чытачоў і выдаўцоў — задача не з простых, да таго ж дадаецца праблема, звязаная з пошукам добрага перакладчыка з беларускай на польскую мову. У такой сітуацыі беларуская літаратура застаецца для большасці чытачоў і выдаўцоў у Польшчы практычна невядомай. Ці і якія меры прымаюцца дзеля таго, каб змяніць існуючую сітуацыю, і што беларуская літаратура можа прапанаваць польскаму чытачу — пра гэта пагаворым падчас сустрэчы.

У сустрэчы возьмуць удзел:

  • Наталля Русецкая — беларусістка, перакладчыца, ад’юнкт на кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Складоўскай-Кюры;
  • Яраслаў Іванюк — выдавец, журналіст, заснавальнік таварыства «Камунікат»;
  • Катажына Дрозд-Урбаньска — беларусістка, ад’юнкт на кафедры беларусістыкі Варшаўскага Універсітэта.

25.05, субота

Час: 15.00 — 15.50

Месца: заля імя Мікалайскай, Палац культуры і навукі, Варшава

Тэма: Алесь Бяляцкі: Нобелеўскі лаўрэат і палітычны вязень 

Арганізатар мерапрыемства праваабарончы цэнтр «Вясна»; на беларускай мове з польскім перакладам.

Алесь Бяляцкі — беларускі грамадскі дзеяч, праваабаронца, пісьменнік, заснавальнік праваабарончага цэнтра «Вясна», палітвязень. Разам з калегамі кіраўнік «Вясны» быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года падчас адной з найбольш масіраваных атак рэжыму на грамадзянскі сектар і незалежныя медыя. 

7 кастрычніка 2022 года Алесь Бяляцкі быў абвешчаны лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. На той час і да сённяшняга дня ён знаходзіцца за кратамі.

У 2023 годзе беларускі суд па надуманных абвінавачваннях прысудзіў Алесю Бяляцкаму 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і вялікі штраф.

Падчас сустрэчы пагаворым пра:

  • cтудэнцкія гады Алеся Бяляцкага;
  • заснаванне цэнтра «Вясна»;
  • крымінальны пераслед Алеся Бяляцкага з боку рэжыму;
  • літаратуру ў жыцці Алеся Бяляцкага;
  • турэмнае зняволенне Нобелеўскага лаўрэата.

budzma.org