Падзея, якая аб’ядноўвае людзей. На Падляшшы распачнецца фестываль беларускай традыцыі SONCAHRAJ

Кожны год Фестываль SONCAHRAJ вандруе па гарадах і мясцовасцях Падляшша. Усё для таго, каб як мага большая колькасць людзей сустрэлася з беларускай музычнай традыцыяй: хтосьці — упершыню з ёй пазнаёміўся, хтосьці — прыгадаў яе сабе, і кожны — упэўніўся, што традыцыя жыве. Сёлета канцэрты ў межах фестывалю  адбудуцца 31 траўня, 1-га, 7-га і 8-га чэрвеня.

SONCAHRAJ — гэта сустрэча са спеўнай і музычнай традыцыяй беларусаў, а таксама нагода пазнаёміцца з рознымі элементамі творчай ды культурнай спадчыны нашых продкаў, даніна памяці мінулым пакаленням, але таксама натхненне для сучаснасці. Гэта падзея, якая аб’ядноўвае людзей, натхняе на захаванне і прымнажэнне культурнай спадчыны.

У межах Фестывалю пройдзе шэраг канцэртаў, дзе сярод іншага будуць гучаць аўтэнтычныя спевы і традыцыйная музыка Беласточчыны.

Падчас фестывалю можна будзе разам гуртамі Żemerwa і Osoczniki (Бельск Падляшскі) занурыцца ў магію традыцыі беларусаў Падляшша і Заходняга Палесся, зладзіць танцавальныя варштаты разам з Беларускай капэлай з Гданьска, пачуць традыцыйныя песні беларусаў Беласточчыны ў выкананні калектываў Zhraja і Kudziela (Беласток).

Дзе ж Фестываль гасціць сёлета?

  • У першы дзень Фестывалю — 31 траўня — у самым сэрцы Беластока: на Рынку Касцюшкі каля Ратушы;
  • 1 чэрвеня — у Вітаве (гміна Дубічы Царкоўныя);
  • 7 чэрвеня — у Супраслі на пляцоўцы каля будынка Цэнтра культуры і рэкрэацыі;
  • 8 чэрвеня — у Навасадах (гміна Міхалова)

Пачатак фестывальных канцэртаў — 17:00.

budzma.org