Галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, шматгадовы актывіст апазіцыі Франак Вячорка 20 чэрвеня завочна прыгавораны да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведаміла Генеральная пракуратура.
Таксама Мінскі гарадскі суд прызначыў яму штраф у памеры 1,5 тыс. базавых велічынь (60 тыс. рублёў).
Пра пачатак спецвытворчасці Следчы камітэт паведаміў 16 лютага.
35-гадовага палітыка абвінавачвалі паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі), ч. 1 і 2 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, у тым ліку паўторна), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта), арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
24 траўня стала вядома, што працэс над галоўным дарадцам дэмлідара будзе весці суддзя Валянціна Зянькевіч, вядомая вынясеннем палітычна матываваных прысудаў, у прыватнасці, у 2023 годзе па “справе tut.by”.
“У мяне не было ілюзій наконт так званага суда, але ўсё гэта потым дапаможа прыцягнуць вінаватых да адказнасці за злачынства супраць чалавечнасці”, — заявіў Вячорка “Позірку”, каментуючы прысуд.
Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна ставяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.
Актыўна выкарыстоўваецца супраць апанентаў дзейнай улады, якія пакінулі краіну.
На дадзены момант у спісе фігурантаў, у дачыненні да якіх СК пачаў спецвытворчасць, больш за 100 чалавек.