
Беларускі грамадскі актывіст, кіраўнік легендарнай мінскай “Талакі”, гісторык і настаўнік Сяржук Вітушка нарадзіўся 10 красавіка 1965 года ў мястэчку Чысьць (Маладэчанскі раён). У дзяцінстве часта бываў у вёсцы ў бабулі, дзе спазнаваў беларускую мову. Рана страціў бацьку, які загінуў у аварыі. Яшчэ ў дзяцінстве захварэў на цукровы дыябет. Скончыў прафесійна-тэхнічную вучэльню па спецыяльнасці наладчык тэхналагічнага абсталявання. Пасля гэтага працаваў рабочым на заводзе “Інтэграл”, потым паступіў на гістарычны факультэт мінскага БДУ, які скончыў у 1989 годзе. На яго светагляд па ўласным прызнанні, вельмі моцна паўплывалі жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча. Вітушка стаў шукаць іншых маладых беларусаў і так трапіў у моладзевую суполку «Нашчадкі», адным з лідараў якой быў Генадзь Сагановіч. Стаў часцей бываць у студэнцкім інтэрнаце па вуліцы Акадэмічнай, дзе жылі тады Генадзь Сагановіч, Алесь Бяляцкі, Алесь Жлутка, Мікола Крывальцэвіч.

У 1986 годзе Вітушка прыйшоў у моладзевы клюб «Талака», хутка стаў адным з яго лідараў, а ў 1987 годзе быў абраны старшынём таварыства. «Талака» займалася адраджэннем беларускай мовы і культуры, ладзіла вандроўкі па мясцінах герояў нацыянальнай гісторыі, ладзіла парадкаванне знакавых месцаў. Сяржук Вітушка шмат пісаў на тэмы моладзевага руху, аховы помнікаў, краязнаўства. «Талака» у выніку зрабілася каардынацыйным цэнтрам новых суполак, дала пачатак агульнабеларускаму нацыянальнаму моладзеваму руху (Канфедэрацыя Беларускіх Суполак), што паслужыў арганізацыйным апірышчам для Беларускага Народнага Фронту.

У 1991 годзе Вітушка пераехаў і жыў далей у Вільні, дзе працаваў настаўнікам гісторыі ў віленскай беларускай школе імя Францішка Скарыны. Стаў арганізатарам і першым дырэктарам адноўленага Віленскага Беларускага музею імя Івана Луцкевіча. Выдаваў газету «Vilnia i kraj» (1993). Актыўна супрацаваў з радыёстанцыяй «Балтыйскія хвалі» і літоўскай дзяржаўнай тэлевізіяй.

Як публіцыст друкаваўся ў газетах «Наша Ніва» і «Рунь». Быў ініцыятарам і арганізатарам беларускіх набажэнстваў у віленскай царкве Святога Мікалая на вуліцы Вялікай (Дзіджэю).

Хвароба-цукроўка абвастралася і спакваля Сяржук Вітушка губляў здароўе. Страціўшы зрок, ён не спыніў актыўнай дзейнасці, у прыватнасці, арганізоўваў «сляпыя экскурсіі» для беларусаў па Вільні, пісаў казкі, п’есы-батлейкі, вершы і беларускія тэксты на мелодыі вядомых песень. У 2011 годзе ў Мінску выйшла ягоная першая кніга «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!», крыху пазней паўтораная і запісаная ў аўдыёварыянце Беларускім Радыё Рацыя. Прэзентацыя дыску ў Мінску стала апошняй культурнай імпрэзай з удзелам Вітушкі.

Пасля страты нагі яго перавезлі жыць у віленскую кватэру Сяргея Дубаўца, якая на першым паверсе. Бо з пятага паверху сваёй кватэры Вітушку цяжка было вазіць на штодзённыя працэдуры ў шпіталь. Вітушкам апекавалася яго жонка, вядомая ўдзельніца беларускага руху Людвіка Кардзіс.
Памёр Сяржук Вітушка 2 ліпеня 2012 году ў Вільні ў лякарні ў веку толькі 47 гадоў. Перад гэтым здарыўся інфаркт. Развітанне прайшло ў Менску ў грэка-каталіцкай царкве. Пахаваны на могілках ў вёсцы Рагава (Мінскі раён). У 2013 годзе ў часопісе «Дзеяслоў» былі надрукаваныя яго ўспаміны пра беларускі моладзевы рух і «Талаку», запісаныя Палінай Качатковай.
racyja.com,
фота з архіву Людвікі Кардзіс
