
Адкрывалі яго 21 сакавіка ў першы дзень каляндарнай вясны, перад Днём Волі 25 сакавіка. Ідэя паставіць крыж нарадзілася падчас сьвяткаваньня 100. угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, ладжаным Беларускім Культурным Таварыствам „Хатка”.
Тады ў 2018 г. яшчэ шматлюдна сьвяткавалася ў Беларусі. Гэта натхніла нас на ўшанаваньне памяці тых беларускіх змагароў, якія дасюль невядома дзе злажылі свае косьці. Незалежная Беларусь як быццам забыла пра сваіх герояў, дзякуючы якім яна змагла адрадзіцца й заіснаваць у сьвеце. Можа не столькі забыла, што не знайшла іх магілаў, бо ў энцыклапедыях і ў слоўніках яны існуюць з абарванымі лёсамі – „далейшы лёс невядомы”. А калі невядомыя лёсы, дык і магілы невядомыя…

Прыдумалі, што памяць герояў Беларусі належыцца ўшанаваць на старых гістарычных могілках ў Гданьску, найлепш у цэнтры горада – на Гарнізонных могілках, дзе ўжо знайшлі вечны спачын такія беларускія дзеячы, як мастак Козьма Чурыла, Сэрафіна і Лука Дзекуць-Малеі, Ізыдар Пузырэўскі і памерлая два гады таму наша актывістка Ірына Гаданьчук-Гэрэлюк. Нашую ідэю падтрымаў тадышні прэзыдэнт Гданьска Павал Адамовіч, якога бацька падчас вайны вучыўся ў Віленскай Беларускай Гімназіі. Пасьля яго нечаканай трагічнай сьмерці нашая ініцыятыва залежалася да 2021 года. Тады пад каменем Янкі Купалы ў Гданьску-Аліве 25 сакавіка з гэтай ідэяй звярнуліся мы да новай прэзыдэнт Гданьска Аляксандры Дулькевіч. Яна падтрымала нашую ініцыятыву і справу перадала Гданьскаму Праўленьню Дарог і Зелені, якому падлягаюць могілкі. Там таксама сустрэліся з вялікай прыхільнасьцю, асабліва са стараны інспэктара Анджэя Жэшотальскага, які яшчэ перад летам 2021 г. вызначыў нам месца пад пастаноўку крыжа. Аднак, каб яго паставіць трэба было зрабіць архітэктурны праект і атрымаць згоду Ваяводзкага Паморскага Кансэрватара Забыткаў, якім на той час быў Ігар Стжок.
За лета праект крыжа падрыхтаваў вядомы гданьскі архітэктар Станіслаў Шыманскі, зяць беларускага мастака Пятра Жынгеля, а і сам з радаводам з усходняй Беларусі, дзе яго продкі яшчэ да І сусьветнай вайны закладалі беларускія школы. Нягледзячы на ненайлепшую славу ў грамадзтве і кансэрватар забыткаў нечакана памысна аднёсся да нашай ініцыятывы.

Не пералічаючы ліку папераў, якія спатрэбіліся, у маі 2023 г. атрымалі мы пастанову на будову крыжа на Гарнізонных могілках – да канца жніўня 2025 г. Тады нам здавалася, што мы маем шмат часу на здзяйсьненьне нашых мараў. Аднак у жыцьці не бывае так проста, як хацелася б. Праўда, амаль год нам заняло здабыцьцё пастановы на будову прэзыдэнта горада Гданьска. А то кансэрватар забыткаў праз паўгоду не выдаваў нам аштампаванага праекту крыжа, а то мы няўмела запаўнялі прафесійныя друкі ў аддзел урбаністыкі і архітэктуры Гарадзкой Управы, які нам адсылаў да праўкі паперы на працягу 7 дзён, якіх мы не былі ў стане ў так хуткім часе папоўніць і ўсё вярталася да пачатку – трэба было скласьці новае прашэньне ітд.
Толькі ў чэрвені 2024 г. горад выдаў нам дазвол на будову крыжа і мы маглі пачаць дзейнічыць – знайсьці каменшчыка, які нам зрэалізуе праект. Як не шукалі, ніхто не хацеў узяцца за выкананьне магутнага дубовага крыжа. У канцы згадзіўся зрабіць нам усё апрача крыжа (каменныя двухмоўныя табліцы, пакласьці гранітныя пліткі) Раман Лебрэхт з Тчэва. Асталося знайсьці столяра, які выканае чатырохмэтровы крыж. За падказкай дырэктара суполкі „Зелень” выканаць дубовы крыж згадзіўся Ян Ассоўскі з Пінчына.
Калі мы ўвосень 2024 г. хацелі распачаць працы на могілках, чакалі нас новыя неспадзяванкі – аказалася, што ў міжчассі квартал, у якім меўся стаяць крыж, быў перададзены гданьскай праваслаўнай парафіі, але пасьля чарговага паўгоду ўдалося дайсьці да паразуменьня, каб крыж усё ж такі стаў на вызначаным тры гады раней месцы. Аднак аказалася, каб нешта рабіць на гістарычных могілках, павінен працу спярша правесьці археолаг. А на тое зноў патрэбная згода кансэрватара забыткаў – вядома – куча папераў. На шчасьце кіраўнік будовы Завал Гронкоўскі знайшоў вельмі кампэтэнтнага археолага Аляксандра Квапінскага, які бясплатна падрыхтаваў усю прафесійную дакументацыю, каб атрымаць згоду на раскопкі. Мы яе атрымалі толькі ў палове жніўня 2025 г. Вядома, што будова крыжа не магла ў такім выпадку закончыцца да канца гэтага месяца. Прыйшлося зноў пісаць да кансэрватара забыткаў, каб працягнуць тэрмін будовы. Атрымалі, але то ўжо быў верасень 2025 г. Геадэзіст Марцін Гілля вымераў пляцоўку пад пабудову і пачаліся сур’ёзныя працы, якія закончыліся ў сьнежні. Мы не рызыкнулі, каб крыж адкрываць зімой. Вырашылі перанесьці ўрачыстасьці на першы дзень вясны.

Вядома, што наша ініцыятыва вымагала немалых фінансавых сродкаў, каб справу давесьці да канца. А мы ж грамадзкая арганізацыя. Вырашылі звярнуцца да сумленьня Беларусаў, каб фінансава падтрымалі ініцыятыву. Водгук быў нечаканы – мы сабралі больш за 20 тысяч злотых ад канкрэтных ахвяравальнікаў. 20 тысяч злотых далі Гданьскія Аўтобусы і Трамваі.
Урэшце надышоў дзень адкрыцьця крыжа – 21 сакавіка – з цудоўным сонечным надвор’ем. Здавалася, што так радуюцца нябёсы, што ўсё ж такі мы давялі справу да канца. Сабралася шмат Беларусаў з бел-чырвона-белымі сьцягамі, з кветкамі і знічкамі. Распачаў урачыста ігрой на дудзе Яўген Барышнікаў. Крыж адкрывалі Мацей Лісіцкі – дырэктар Гданьскіх Аўтобусаў і Трамваяў, эўрапейскі паэт свабоды Уладзімір Арлоў і ўнукі доктара Станіслава Грынкевіча – прафэсар Яцэк Вайткевіч і псіхолаг Яанна Каханьская. Пасьля я коратка прадставіла гісторыю крыжа і прачытала сімвалічны лік 100 асобаў, якія былі расстраляныя, загінулі ў лагерах і да сёньня невяломыя іх магілы. Паколькі ў міжчассі памерлі або былі закатаваныя таксама людзі пасля падзеяў 2020 г. у Беларусі, або загінулі на вайне ва Украіне, зачытала таксама іхнія імёны. Затым паніхіду адправіў а. Дарафей Юзьвік і асьвясціў крыж. За загінуўшых Беларусаў на беларускай мове маліўся кс. Пётр Врубэль, які таксама асьвяціў крыж. Пастар з баптысцкай царквы Кандрат Грондыс прачытаў фрагмент Другога пасланьня Паўлы да Цімафея. Дзяўчыны, апранутыя ў беларускія народныя строі, прасьпявалі дзьве народна-рэлігійныя песьні.
Пазьней выступіў Мацей Лісіцкі, які ўспомніў пра свайго дзеда, арыштаванага ў 1933 г. у БССР, які памёр у лагеры, пра сямейнікаў, якія дзейнічалі ў Беларускай Народнай Самапомачы падчас вайны, а пасьля з’ехалі на захад. Уладзімір Арлоў сказаў пра герояў і змагароў за Беларусь на працягу стагодзьдзяў. Прадстаўнікі сем’яў загінуўшых – унукі доктара Станіслава Грынкевіча Яцэк Вайткевіч і Яанна Каханьская ўспомнілі свайго дзеда.

Яцэк Вайткевіч сказаў: Dziękujemy tutaj organizatorom uroczystości za możliwość powiedzenia kilku słów o naszym dziadku, działaczu mniejszości białoruskiej, wybitnym lekarzu, ojcu czwórki dzieci. Urodził się w 1902 roku i pod wpływem tradycji rodzinnych jeszcze w młodym wieku stał się białoruskim działaczem narodowym. Przetłumaczył z łaciny na białoruski dzieło Tomasza à Kempis „O naśladowaniu Chrystusa”, pisał artykuły do prasy białoruskiej. Wykształcił się na lekarza w Poznaniu, ukończył studia z wyróżnieniem, uzyskał doktorat w 1929 roku. Pracował (…) w Choroszczy, gdzie był kierownikiem oddziału neurologicznego i prowadził działalność naukową. W 1939 roku został zmobilizowany i był lekarzem w kampanii wrześniowej, a po jej zakończeniu pracował w Wilnie aż do 1944 roku. Po wkroczeniu wojsk sowieckich został aresztowany przez NKWD, trafił do więzienia, a następnie został wywieziony i ślad po nim zaginął. Z niepełnych źródeł wiadomo, że prawdopodobnie zmarł w 1945 roku na dezynterię, odbywając karę 25 lat więzienia. Oficjalnie uznano go za zmarłego, ale bez żadnych szczegółów. Nieznane jest miejsce jego grobu, nie udało się go odnaleźć, a dziś poszukiwania są niemożliwe. Można go uważać za jedną z wielu ofiar Golgoty Wschodu, które podzieliły los wielu innych, zarówno białoruskich, jak i polskich. Miejmy nadzieję, że okrutne reżimy przeminą i będzie można ustalić okoliczności jego śmierci, odnaleźć jego grób i zapalić świeczkę. Na razie uczyńmy to teraz pod odsłanianym Krzyżem Pamięci.
Яанна Каханьская дадала: To jest bardzo wielkie, ująć w symbol to, co jest ulotne, żeby nie zostało zapomniane. To, co przez tyle lat szukasz, badasz, zapisujesz i opisujesz, zostaje dla dobra historii wszystkich rodzin, które borykały się i nadal borykają się z taką stratą. To strata, która jest niejednoznaczna. Nie wiadomo, co się stało z tym zaginionym i żałoba nie może się domknąć. To bardzo ważny moment.
Пасьля прамоваў складалі кветкі і запальвалі знічкі. Намесьнік старшыні БКТ „Хатка” Раман Шчэрбаў падзякаваў усім за прысутнасьць, а ахвяравальнікам за грамадзкі водгук на фінансавую падтрымку нашай ініцыятывы, кажучы: „Без Вас гэтага крыжа не было б. Прыходзьце сюды, маліцеся, прыносьце кветкі і знічкі і памятайце пра нашых герояў”. На канец урачыстасьці Яўген Барышнікаў зайграў на дудзе „Магутны Божа”.
У Абляцкім Цэнтры Культуры і Адукацыі ў гонар змагароў за Беларусь адбыўся вечар паэзіі і музыкі. Вершы чыталі Уладзімір Арлоў, Валянціна Аксак, Наста Кудасава і Андрэй Хадановіч, а музыку Вялікага Кнства Літоўскага іграла мульціфлейцістка Мая Міро-Вісьнеўская.
На заканчэньне хочацца прыгадаць словы з успамінаў Веры Касмовіч: „Каму прыйдзецца чытаць мой горкі ўспамін, схіліце калі ласка нізка, нізка галаву ў гонар усіх пакутнікаў, якіх жыцьцё абарвалася заўчасна. Чыя-б зямля іх не забрала, не прытуліла, сваёй Бацькаўшчыны ці чужой, хай яна ім будзе ўтульнай і ласкавай. Сьветлы вобраз нявінна памершых патрыётаў павінен жыць і ўшаноўвацца. Вечная памяць усім ім!”.
