Іншаземцы ў Польшчы не могуць здаць адбіткі пальцаў на дакументы. Калі сістэма запрацуе?

Управа ў справах замежнікаў Мазавецкага ваяводства. Варшава, Польшча. 26 красавіка 2024 года. Фота: Белсат

Здаць адбіткі немагчыма праз сістэму Pobyt, якая іх збірае, але цяпер не працуе.

Здаць адбіткі пальцаў для далейшай легалізацыі ні ў адным офісе будзе немагчыма да 4 траўня 2026 года ўключна. Гэта звязана з укараненнем сістэмы новай электроннай сістэмы падачы дакументаў MOS 2.0.

Але дэпартамент будзе працягваць працаваць без якіх-небудзь зменаў, і таму запрашае запланаваць свой візіт пасля 4 траўня.

«Калі ласка, памятайце, што тэрмін для выпраўлення фармальных недахопаў, указаных у позве, абавязковы. Аднак вам не трэба будзе здаваць адбіткі пальцаў! Калі вы атрымалі позву датычна фармальных недахопаў, калі ласка, паспрабуйце запланаваць свой візіт у Дэпартамент на іншыя дні, акрамя 28 красавіка – 4 траўня 2026 года, каб запоўніць позву адзін раз, без неабходнасці паўторнага візіту», – паведамляе Мазавецкая ўправа ў Варшаве.

Запланаваныя сустрэчы паслядоўна пераносяцца.

«Калі ласка, адказвайце на свой тэлефонны званок (мы можам звязацца з вамі з нумароў, што не ўказаныя ў спісе)», – паведамляе ўправа.

Нагадаем, з 27 красавіка 2026 года Польшча цалкам змяніла правілы падачы дакументаў на легалізацыю для іншаземцаў. Папяровыя заявы адыходзяць у мінулае, а ўвесь працэс (амаль) пераходзіць у электронны выгляд – у новую сістэму MOS 2.0.

Сістэма будзе інтэграваная ў сістэму электроннай дастаўкі лістоў e-Doręczenia. Менавіта ў гэтую лічбавую скрыню будуць прыходзіць юрыдычна значныя лісты: позвы на асабісты прыход для здачы адбіткаў пальцаў, запыты на дадатковыя доказы і фінальныя адміністрацыйныя пастановы ваяводы (дэцызіі). Электронная дастаўка (амаль) гарантуе, што іншаземец атрымае афіцыйную карэспандэнцыю незалежна ад таго, у якім пункце краіны або свету ён фізічна перабывае, і развязвае праблему страты лістоў пры змене жытла.

Тэса Анэйда belsat.eu  

Тэса Анэйда, belsat.eu