“Беларусы вельмі занепакоеныя магчымасцю ўцягвання ў вайну” — Радаслаў Сікорскі

Максім Рыжанкоў і Радаслаў Сікорскі / mfa.gov.by

“Беларусы вельмі занепакоеныя магчымасцю ўцягвання ў вайну”. Такую заяву падчас сустрэчы ў Council on Foreign Relations зрабіў кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі. На гэтым тыдні ён на палях Генасамблеі ААН сустракаўся са сваім беларускім калегам Максімам Рыжанковым.

“Мы не раскрываем крыніцы, але іх шмат, пра тое, што Расія рыхтуе нешта маштабнае сёлета”, — заявіў кіраўнік польскай дыпламатыі.

Пра занепакоенасць беларусаў міністр заявіў у адказ на пытанне пра магчымыя сцэнары расійскай правакацыі. Ён не ўдакладніў, ці мае на ўвазе беларусаў як народ, ці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Пасля сустрэчы з Рыжанковым у МЗС Польшчы паведамлялі, што сярод тэмаў абмеркавання была рэгіянальная бяспека.

“Як вы ведаеце, у Нарве ў Эстоніі большасць насельніцтва складаюць рускія. У некаторых гарадах Латвіі рускія таксама складаюць большасць. Яны хацелі б атрымаць сухапутны калідор з Беларусі ў Калінінградскі анклаў праз Літву. Мы не ведаем, што яны зробяць, але павінны падрыхтавацца, каб іх стрымаць”, — агучыў Сікорскі магчымыя варыянты.

euroradio.fm