
Паводле крыніцаў «Белсату», супраць студэнтаў «экстрэмісцкага» ўніверсітэту, якія знаходзіліся ў Беларусі, ужылі новую форму рэпрэсіяў: забарону на выезд з краіны. Наколькі масавая гэтая з’ява, невядома.
Студэнтам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, якія знаходзяцца ў Беларусі, пачалі абмяжоўваць у выездзе з краіны – адпускаць пад падпіску аб нявыездзе. «Белсату» вядома пра некалькі такіх выпадкаў, але наколькі гэтая з’ява масавая, ацаніць цяжка.
ЕГУ быў заснаваны ў Менску ў 1992 годзе як незалежны прыватны ўніверсітэт, у 2004 годзе пазбаўлены ліцэнзіі і з 2005 года працуе ў Вільні. 14 красавіка 2026 года Вярхоўны суд Беларусі забараніў яго дзейнасць і назваў яго «экстрэмісцкай арганізацыяй».
З 2 да 4 чэрвеня 2026 года сілавікі правялі па ўсёй краіне скаардынаваную серыю ператрусаў і допытаў супраць звязаных з ЕГУ асобаў і іх сем’яў. Месяц таму праваабаронцы налічвалі 175 пацярпелых ад ператрусаў і допытаў у сувязі з ЕГУ. Паводле звестак праваабаронцаў, следчыя пагражалі людзям абвінавачаннямі паводле артыкулаў аб «экстрэмізме» – у тым ліку задняй датай, за плацяжы ва ўніверсітэт яшчэ з 2016 года.
У ЕГУ расказвалі, што пасля атрымання «экстрэмісцкага» статусу за месяц страцілі каля 100 студэнтаў: бальшыня з іх вучылася завочна з Беларусі, але ЕГУ пакінулі нават 10 студэнтаў, якія жылі ў Літве.
