Алена Глагоўская: Альбін Стаповіч застаўся ў ценю свайго брата Казіміра Сваяка

У выдавецтве Універсітэта Казіміра Вялікага ў Быдгашчы выйшаў фундаментальны 604-старонкавы збор публіцыстыкі беларускага палітыка, кампазітара і грамадскага дзеяча міжваеннай Вільні Альбіна Стаповіча (Стэповіч) «Ад музыкі да палітыкі». Кніга стала вынікам шматгадовай даследчыцкай працы прафесаркі Алены Глагоўскай.

Алена Глагоўская

У выданні сабрана больш за 200 артыкулаў Стаповіча з беларускіх газет, ягоныя выступленні ў польскім Сойме, дзе ён як дэпутат паслядоўна адстойваў беларускія інтарэсы, публікацыі ў ліберальным выданні Przegląd Wileński, а таксама ўнікальныя архіўныя фотаздымкі і ліставанне з братам — ксяндзом Канстанцінам Стаповічам, вядомым пад літаратурным псеўданімам Казімір Сваяк.

Пра працу над кнігай і значэнне спадчыны Альбіна Стаповіча для захавання беларускай культуры «Радыё Рацыя» пагаварыла з прафесаркай Аленай Глагоўскай.

РР: Выйшла ваша новая кніга, прысвечаная Альбіну Стаповічу (Стэповіч). Як доўга вы над ёй працавалі? І чаму менавіта цяпер узнікла неабходнасць сабраць і вярнуць шырокай публіцы гісторыю гэтай асобы?

Алена Глагоўская: Я зацікавілася Альбінам Стаповічам (Стэповіч) у 1992 годзе. Гэта было больш за 30 гадоў таму. Тады гэтая асоба выклікала ў мяне такую цікавасць, што я пачала збіраць усё, як мне тады здавалася, што ён напісаў за віленскі перыяд свайго жыцця. Ён памёр у 1934 годзе і пахаваны на віленскіх Росах.

Стаповіч (Стэповіч) быў вельмі таленавітым журналістам і публіцыстам. Мы гаворым пра 2026 год, а ў 1926-м у Вільні была адкрытая беларуская друкарня імя Францішка Скарыны. Менавіта Альбін Стаповіч стаў яе першым кіраўніком. Адначасова да 1930 года ён быў выдаўцом «Беларускай крыніцы», у якой надрукаваў вельмі шмат артыкулаў на актуальныя тэмы.

Пазней ён адышоў ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, паколькі там пачаліся ўнутраныя спрэчкі паміж дзеячамі беларускай хадэцыі напярэдадні выбараў 1930 года. Альбін Стаповіч (Стэповіч) адмовіўся ад кіраўніцтва «Беларускай крыніцай» і пачаў супрацоўнічаць з вядомым віленскім двухтыднёвікам Przegląd Wileński, які выдаваў Людвік Абрамовіч. Там ён публікаваў шмат артыкулаў на беларускую тэматыку. На працягу чатырох гадоў, з 1931-га па 1934-ы, напісаў для гэтага выдання больш за 70 артыкулаў. У некаторых нумарах змяшчаліся нават па два ягоныя матэрыялы.

Альбін Стаповіч (Стэповіч)

Па прафесіі Альбін Стаповіч (Стэповіч) быў музыкантам. Ён скончыў Віленскую кансерваторыю і яшчэ да Першай сусветнай вайны працаваў арганістам у касцёле ў Цеханоўцы. А летам 1913 года яго накіравалі арганістам у далёкую Казань. Там ён заставаўся да канца Першай сусветнай вайны, фактычна да 1921 года.

Ён доўгі час знаходзіўся ў ценю свайго брата — ксяндза Канстанціна Стаповіча (Стэповіч), вядомага паэта Казіміра Сваяка. Паколькі пра Сваяка ведалі ўсе, пра Альбіна Стаповіча (Стэповіч) мала хто ведаў. Нават той факт, што яго магіла на віленскіх Росах не захавалася, сведчыць пра тое, наколькі ён заставаўся ў ценю свайго брата.

У міжваенны час, пасля вяртання ў Вільню, ён некаторы час працаваў настаўнікам музыкі ў Віленскай беларускай гімназіі, а таксама ў розных польскіх школах горада. Гэта яшчэ трэба высвятляць — у якіх менавіта навучальных установах ён выкладаў. Кіраваў хорам у касцёле Святога Мікалая, дзе адбываліся беларускія набажэнствы. Калі паўстаў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, ён таксама ўзначаліў хор віленскага гуртка гэтай установы.

Мабыць, найважнейшым эпізодам ягонага нядоўгага жыцця быў перыяд з 1928-га па 1930 год, калі ён быў дэпутатам польскага Сойма і выступаў з ягонай трыбуны ў абарону беларусаў.

Альбін Стаповіч (Стэповіч) не стварыў уласнай сям’і. Усю душу, усю сваю энергію і актыўнасць ён прысвяціў беларускай справе.

Нарадзіўся ён, як і ягоны брат, у вёсцы Барані, якая сёння знаходзіцца ў Астравецкім раёне на гістарычнай Віленшчыне. Адтуль, можна сказаць, ён пайшоў у свет. І там дагэтуль, у Баранях, у Клюшчанскай парафіі, стаіць сямейны дом, якому ўжо больш за 130 гадоў. У ім дзейнічае музей, прысвечаны галоўным чынам Казіміру Сваяку, але і Альбіну Стаповічу (Стэповіч) таксама.

РР: Што вас асабіста найбольш здзівіла ці ўразіла ў біяграфіі Альбіна Стаповіча падчас працы над кнігай? Ці ўдалося знайсці нешта такое, што змяніла ваш першапачатковы погляд на яго асобу?

Алена Глагоўская: Для мяне найважнейшае тое, што гэта быў чалавек, які дзейнічаў. Нават назву кнізе я дала адпаведную — «Ад музыкі да палітыкі». Ягоная дзейнасць ахоплівала, з аднаго боку, прафесію музыканта, а з другога — беларускі рух у міжваеннай Польшчы і міжваеннай Вільні. У гэтым руху, незалежна ад таго, кім быў кожны з яго ўдзельнікаў, усе дзеля пашырэння беларускай нацыянальнай свядомасці займаліся грамадскай справай. Мабыць, гэта найбольш цікавае ў жыцці Альбіна Стаповіча (Стэповіч).

Прэзентацыя кнігі Альбіна Стаповіча «Ад музыкі да палітыкі» адбудзецца 28 лістапада а 16-й гадзіне ў Вышэйшай школе сацыяльнай камунікацыі ў Гдыні.

racyja.com