
80 гадоў таму, 16 лістапада 1946 году, быў зроблены першы афіцыйны крок да стварэньня Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі.
За восем дзесяцігодзьдзяў арганізацыя перажыла некалькі пакаленьняў эміграцыі, захавала сувязь з традыцыяй Беларускай Народнай Рэспублікі і стала адной з найстарэйшых беларускіх грамадзкіх арганізацыяў у сьвеце. Цяпер яна імкнецца перадаць гэты досьвед новым пакаленьням беларусаў, у тым ліку тым, хто выехаў зь Беларусі пасьля 2020 году.
Кіраўнік Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі Мікола Пачкаеў расказаў Свабодзе пра гісторыю арганізацыі, яе заснавальнікаў, спадзяваньні паваеннай эміграцыі на вяртаньне ў Беларусь, а таксама пра пераемнасьць і захаваньне каштоўнасьцяў праз пакаленьні.
Вэтэраны арміі Андэрса, беларуская моладзь і скаўты — першыя чальцы Згуртаваньня

16 лістапада 1946 года беларусы атрымалі дазвол польскіх вайсковых уладаў арміі Андэрса на стварэньне беларускай арганізацыі ў Брытаніі. Напярэдадні ў Лёндане 22 верасьня 1946 году адбыўся адпаведны сход.

А першы ўстаноўчы зьезд адбыўся на пачатку 1947 году, дзяржаўную рэгістрацыю арганізацыя атрымала ў 1948-м. Яе стваральнікамі былі беларусы, якія апынуліся ў Вялікай Брытаніі пасьля Другой сусьветнай вайны.
Значную частку складалі ўдзельнікі Другога польскага корпусу генэрала Ўладзіслава Андэрса, які ваяваў у Італіі. Пасьля вайны многія зь іх не маглі або не хацелі вяртацца ў савецкую Беларусь. Вяртаньне магло азначаць рэпрэсіі, а для некаторых — пагрозу жыцьцю.
Першымі сябрамі Згуртаваньня былі пераважна вэтэраны арміі Андэрса, беларуская моладзь і скаўты, якія прыяжджалі ў Брытанію з лягераў перамешчаных асобаў. Многія паходзілі з Заходняй Беларусі і амаль ня мелі досьведу жыцьця ў Савецкім Саюзе, адзначае Мікола Пачкаеў.

Важнай асаблівасьцю Згуртаваньня стала арыентацыя на традыцыю Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтае рашэньне было замацаванае на другім зьезьдзе ў 1948 годзе. Як тлумачыць Мікола Пачкаеў, у тагачаснай беларускай эміграцыі ў Брытаніі існавалі розныя палітычныя плыні. Згуртаваньне абрала традыцыю БНР, зьвязаную з ідэямі незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, рэлігійнай талерантнасьці і нацыянальнай самастойнасьці.
Захаваньне традыцыі несавецкай Беларусі
Згуртаваньне ўзьнікла ў час, калі Беларусь была часткай СССР, і захоўвала традыцыю беларускай дзяржаўнасьці па-за савецкай сыстэмай. Паводле Пачкаева, падобную ролю адыгрывалі беларускія арганізацыі ў Канадзе і ЗША, у тым ліку тыя, што паўставалі пры ўдзеле дзеячаў паваеннай эміграцыі.
«Мы кажам пра захаваньне ў межах гэтых арганізацыяў традыцыяў несавецкай Беларусі», — адзначае Пачкаеў.
Пасьля распаду СССР і аднаўленьня незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе гэтая спадчына не страціла значэньня. Аднак новыя хвалі эміграцыі прыносілі іншы досьвед і іншае разуменьне беларускай гісторыі, сьведчыць кіраўнік Згуртаваньня. Пасьля 2020 году ў Брытанію прыехалі беларусы, якія ня маюць досьведу БССР і адначасова далёкія ад традыцыяў паваеннай эміграцыі. Але, паводле Пачкаева, іх аб’ядноўвае імкненьне да незалежнай і дэмакратычнай Беларусі.

«Людзі, якія прыехалі пасьля 20-га года, безумоўна, ня маюць таго досьведу БССР, але адначасова яны яшчэ больш аддаленыя ад традыцыі несавецкай Беларусі. Гэта ўжо нешта новае, і ў нас ёсьць шмат супольнага. Гэта людзі, адданыя ідэі аднаўленьня цалкам незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. Гэта вельмі блізка да ідэалаў БНР, на якіх грунтуюцца гэтыя старыя арганізацыі, як Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі. І мы імкнемся працаваць разам і надаваць пляцоўку і па магчымасьці перадаваць тую традыцыю, якую такія людзі, як я, атрымалі ад паваеннай беларускай эміграцыі, бо мы ўважаем, што будучая вольная Беларусь мае ў сабе сумясьціць, інтэграваць розныя традыцыі».
Знаныя дзеячы Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі
Вінцэнт Жук-Грышкевіч — адзін з ключавых дзеячаў паваеннай беларускай эміграцыі, першы старшыня Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі. Пазьней стаў старшынём Рады БНР. Першы дырэктар беларускага Радыё “Вызваленьне” — Радыё Свабода.
Чэслаў Сіповіч — беларускі грэка-каталіцкі біскуп, які прыехаў у Лёндан у 1947 годзе. Адыграў выключную ролю ў стварэньні беларускай рэлігійнай і культурнай інфраструктуры.
Аляксандар Надсан — беларускі сьвятар, навуковец і бібліятэкар, шматгадовы захавальнік беларускай кніжнай спадчыны ў Лёндане.
Асаблівае месца ў гісторыі арганізацыі займае Беларускі дом у Лёндане, які стаў адным з цэнтраў беларускай эміграцыі. Бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны захоўвае ўнікальную беларускую кніжную і архіўную спадчыну.
У першыя дзесяцігодзьдзі дзейнасьць арганізацыі не абмяжоўвалася захаваньнем нацыянальнай ідэнтычнасьці. Згуртаваньне дапамагала беларусам у эміграцыі, стварала беларускія дамы і клюбы ў Лёндане, Брэдфардзе і Манчэстэры, арганізоўвала школы для дзяцей, адзначала нацыянальныя і рэлігійныя сьвяты. Выдавала часопісы, брашуры і камунікаты, стварыла дабрачынны фонд.
Вяртаньня ў Беларусь чакалі дзесяцігодзьдзямі
Першая паваенная эміграцыя доўга не ўспрымала сваё жыцьцё ў Брытаніі як канчатковае. Людзі спадзяваліся, што савецкая сыстэма хутка зьменіцца і яны змогуць вярнуцца дадому. Некаторыя нават уключалі ў шлюбныя дамовы з ангелькамі ўмову пра магчымасьць вяртаньня ў Беларусь, расказвае Мікола Пачкаеў.
«Яны былі перакананыя, што савецкая сыстэма доўга не пратрывае», — расказвае Мікола Пачкаеў.
Прыкладна да пачатку 1960-х гадоў, паводле яго, паступова стала зразумела, што вяртаньне на радзіму можа так і не адбыцца. Калі Беларусь аднавіла незалежнасьць у 1991 годзе, многія прадстаўнікі паваеннай эміграцыі ўжо былі ў сталым веку. Аднак яны падтрымлівалі беларускую культуру і грамадзкія ініцыятывы, у тым ліку фінансава. Пачкаеў згадвае сярод такіх прыкладаў фундатараў і беларускія арганізацыі ў Канадзе і ЗША.
Што далей
Цяпер ў Згуртаваньні каля двух дзясяткаў дзейных сяброў. Паводле Міколы Пачкаева, арганізацыя плянуе адзначыць юбілей некалькімі імпрэзамі. З 16 лістапада на сайце і ў сацыяльных сетках пачнуць публікаваць фатаздымкі з архіву Згуртаваньня, які захоўвае матэрыялы з канца 1940-х гадоў. На пачатку наступнага году, падчас зьезду арганізацыі ў Лёндане, плянуецца публічная імпрэза з удзелам гісторыка-дасьледчыка беларускай дыяспары і беларускага вайсковага руху на Захадзе. Сустрэчу таксама плянуюць трансьляваць праз Zoom. Да юбілею Згуртаваньне зьбіраецца прымаць новых сяброў.
«Мы ўважаем, што будучая вольная Беларусь мае ў сабе сумясьціць розныя традыцыі», — кажа Мікола Пачкаеў.
