Школьная праграма, цэнзура, пераклады і выдавецкія амбіцыі — што сёння вызначае месца пісьменніка ў беларускай літаратуры? На фестывалі «Прадмова» ў Варшаве перакладчык Сяргей Шупа, выдаўчыня Валянціна Андрэева і літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч паспрабавалі разабрацца, хто насамрэч вырашае, якіх аўтараў беларусы павінны лічыць сваімі класікамі.
Журналіст культурна-асветніцкага партала «Будзьма беларусамі!» пераказвае самае цікавае з імпрэзы.

«Сучасным пісьменнікам можа лічыцца толькі той, хто ўжо памёр»
Літаратурны канон — гэта не проста спіс найлепшых твораў, якія варта прачытаць. Гэта механізм фарміравання культурнай памяці, які вызначае, якія тэксты супольнасць лічыць важнымі, што хоча перадаць наступным пакаленням і пра што аддае перавагу забыць.
З такога азначэння пачала дыскусію «Класікі, якіх мы (не) выбіралі: хто і як фарміруе беларускі літаратурны канон?» літаратуразнаўца і мадэратарка дыскусіі Марына Казлоўская.
На яе думку, канон заўсёды прадугледжвае адбор і іерархію: адны аўтары атрымліваюць статус класікаў, іншыя застаюцца на перыферыі. Пры гэтым важна не толькі тое, якія творы ўключаюцца ў канон, але і тое, як іх інтэрпрэтуюць. Значную ролю ў гэтым адыгрываюць школа, акадэмічныя ўстановы, выдавецтвы і культурныя інстытуцыі.
Аднак сёння гэтыя механізмы працуюць па-рознаму ў афіцыйнай Беларусі і за яе межамі.
Літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч звярнуў увагу на тое, што школьны літаратурны канон фактычна фарміруецца дзяржавай. Менавіта афіцыйныя ўстановы вызначаюць спісы твораў, на аснове якіх ствараюцца падручнікі.
Праблема не толькі ў выбары аўтараў, але і ў тым, як іх паказваюць вучням.
«Узровень аналізу тэкстаў, якія ў падручніках падаюцца, часам адстае ад саміх тэкстаў», — адзначыў Чарнякевіч.
Паводле яго, у афіцыйным літаратурным каноне амаль няма месца для беларускай эміграцыі. Калі ён аналізаваў школьныя падручнікі, то выявіў, што дыяспаральная тэматыка прадстаўленая вельмі абмежавана.
Асобныя згадкі пра эміграцыю зводзяцца да сюжэту пра лісток, які адарваўся ад дрэва і загінуў пасля таго, як пакінуў родную глебу. Такім чынам у вучняў фарміруецца ўяўленне, што ад’езд з Беларусі — гэта фактычна страта сувязі з радзімай.
Не менш паказальная сітуацыя з рэпрэсаванымі пісьменнікамі. Чарнякевіч узгадаў, што нават у падручніках, перапрацаваных у 2020 годзе, біяграфіі некаторых аўтараў былі істотна падчышчаныя.
Напрыклад, Уладзімір Дубоўка ў школьным выкладзе знікаў на дваццаць восем гадоў, а потым зноў з’яўляўся ўжо дарослым чалавекам. Што адбывалася з ім у гэты перыяд і чаму, вучням не тлумачылі.
Сучасная літаратура таксама прадстаўленая ў школьнай праграме даволі дзіўна. Паводле Чарнякевіча, ствараецца ўражанне, што сучасным пісьменнікам можа лічыцца толькі той, хто ўжо памёр.
У такой сітуацыі, лічыць літаратуразнаўца, застаецца ствараць альтэрнатыўныя культурныя каналы, якія будуць знаёміць чытачоў з тым, што не трапляе ў афіцыйную школьную праграму.
«З рамана выкрэслівалі Беларусь»
Яшчэ адзін спосаб перагляду літаратурнага канона — вяртанне твораў у аўтарскіх версіях, без цэнзурных скарачэнняў.
Выдаўчыня Валянціна Андрэева расказала пра працу над поўнай версіяй рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
Паводле яе, пасля першай публікацыі рамана ў двухтомніку 1967 года твор паступова пачаў успрымацца найперш як кніга пра паўстанне і барацьбу з царскай уладай. Аднак сам Караткевіч укладаў у яго значна шырэйшы сэнс.
Першапачаткова гэта быў раман пра адкрыццё Беларусі, яе гісторыі, культурнай спадчыны і нацыянальнай суб’ектнасці.
«З рамана выкрэслівалі Беларусь», — так Андрэева сфармулявала галоўны вынік сваёй працы з рукапісамі.
У прыватнасці, з тэксту прыбралі цэлы раздзел, які, паводле даследчыцы, быў прысвечаны любові да беларускай культуры і беларускасці як такой, а не да сялянскага жыцця ці рэвалюцыйнай барацьбы.
Праца з рукапісамі, машынапісамі і рэдактарскімі праўкамі дазволіла аднавіць аўтарскі тэкст. У 2014 годзе поўная версія рамана выйшла ў 25-томным зборы твораў Караткевіча ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Пазней гэтае выданне стала асновай для наступных публікацый.
Аднаўленне тэксту мела істотныя наступствы: раман стаў прыкладна на 25% большы за традыцыйную версію. Гэта стварыла пэўныя цяжкасці для выдаўцоў і чытачоў, а таксама для школьнікаў, якім раней прапаноўвалі скарочаны варыянт.
Аднак, паводле Андрэевай, пасля перавыдання кнігі ў эміграцыі паўстала новая праблема — гучнае абмеркаванне цэнзурных зменаў прыцягнула да рамана дадатковую ўвагу ў Беларусі. Атрымалася, што вяртанне класічнага твора ў аўтарскай версіі можа стаць прычынай новых абмежаванняў.

Ці можа Кульбак стаць часткай беларускага канона?
Асобная частка дыскусіі была прысвечаная перакладной літаратуры і пытанню, што ўвогуле можна лічыць беларускай літаратурай.
Марына Казлоўская нагадала, што ў школьнай праграме беларуская літаратура вывучаецца асобна ад рускай. Пры гэтым менавіта на ўроках рускай літаратуры вучні знаёмяцца з замежнымі аўтарамі ў перакладах. У выніку ствараецца ўражанне, што сусветная літаратура можа прыйсці да беларускага чытача толькі праз рускую мову.
Сяргей Шупа, перакладчык і выдавец, звярнуў увагу на тое, што ў беларускай літаратуразнаўчай традыцыі дагэтуль няма агульнапрынятага вызначэння беларускай літаратуры.
Ці трэба лічыць беларускім пісьменнікам таго, хто сам так сябе называе? Ці вызначальнай павінна быць мова твораў? А можа, дастаткова таго, што аўтар піша пра Беларусь або нарадзіўся на яе тэрыторыі?
На думку Шупы, кожны з гэтых падыходаў мае права на існаванне, а спробы знайсці адзіны крытэрый могуць завесці ў тупік.
У гэтым кантэксце ён узгадаў Мойшэ Кульбака — яўрэйскага пісьменніка, які пісаў на ідышы і быў звязаны з беларускай культурнай прасторай.
Шупа падкрэсліў, што літаратура на ідышы, створаная ў Беларусі, не павінна заставацца па-за ўвагай беларусаў толькі таму, што яна напісаная не па-беларуску.
«Гэта не проста нейкія абстрактныя яўрэі Расійскай імперыі, а людзі слова, якія пісалі на гэтым дыялекце», — адзначыў перакладчык.
Паводле яго, ёсць прычына лічыць такую спадчыну часткай беларускай культурнай гісторыі: калі беларусы не возьмуць на сябе адказнасць за яе захаванне і папулярызацыю, можа не знайсціся іншых інстытуцый, зацікаўленых у гэтай працы.
Пры гэтым Шупа звярнуў увагу і на іншыя складаныя выпадкі — напрыклад, польскамоўных аўтараў, якія пісалі пра беларускія землі. У якасці прыкладу згадваліся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Адам Міцкевіч і Фердынанд Рушчыц.
Беларускамоўныя пераклады могуць канкурыраваць з расійскімі
Сяргей Шупа перакананы, што перакладная літаратура павінна быць неад’емнай часткай літаратурнага працэсу любой краіны.
У невялікіх краінах доля перакладных кніг можа складаць ад 30 да 50% усіх выданняў. Для беларускай літаратуры гэта асабліва важна, бо на працягу савецкага перыяду яна амаль не мела самастойнага кніжнага рынку.
Беларуская кніга існавала ў расійскай культурнай і літаратурнай прасторы, а таму ўлады не бачылі неабходнасці сістэмна перакладаць сусветную літаратуру на беларускую мову. Лічылася, што беларускі чытач і без таго можа прачытаць усё па-руску.

Сёння сітуацыя змянілася. Беларускамоўныя пераклады могуць канкурыраваць з расійскімі не толькі з пункту гледжання культурнай значнасці, але і якасці.
«Я не думаю, што беларускія пераклады, якія сёння выходзяць, горшыя за расійскія. Думаю, што наадварот», — падкрэсліў Сяргей Шупа.
Больш за тое, перакладная літаратура можа стаць важнай крыніцай развіцця беларускай мовы. Калі раней пісьменнікі чэрпалі моўнае багацце з вясковага асяроддзя, то сёння гэтая крыніца істотна змянілася.
«Сёння гэтую вёску фактычна страцілі. Таму чэрпаць моўнае багацце, культурны код і эстэтыку можна хіба што з літаратуры і літаратурных твораў», — патлумачыў перакладчык.
Валянціна Андрэева таксама адзначыла, што чытанне сусветнай літаратуры ў беларускіх перакладах уплывае на тое, як беларусы ўспрымаюць уласную культуру.
Яна прывяла прыклад Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава, чые творы ў расійскіх перакладах, у тым ліку аўтаперакладах, маглі змяняць гучанне і нават асобныя сэнсавыя акцэнты.
Мова перакладу ўплывае не толькі на стыль, але і на інтэрпрэтацыю твора.
Андрэева падтрымала ідэю стварэння агульнага корпусу тэкстаў, якія павінны быць асновай інтэлектуальнай адукацыі беларусаў. У гэты корпус, паводле яе, павінны ўваходзіць не толькі нацыянальныя класікі, але і важнейшыя творы сусветнай літаратуры ў беларускіх перакладах.
Патрэба ў сістэмным пераглядзе літаратурнай спадчыны
Размова закранула і ролю выдавецтваў у фарміраванні літаратурнага канона.
Сяргей Шупа ўзгадаў спробы стварыць сістэмны корпус беларускай літаратуры праз выдавецкія серыі. Аднак, на яго думку, нават вялікія выдавецкія праекты не заўсёды маюць выразную канцэпцыю адбору.
Валянціна Андрэева расказала пра серыю, якая павінна была вяртаць увагу да беларускіх кніг, выдадзеных у 1990-я і 2000-я гады. Ідэя належала маладому беларусу, які хацеў перачытаць літаратуру папярэдніх дзесяцігоддзяў і дапоўніць перавыданні крытычнымі артыкуламі.
Аднак серыя фактычна спынілася пасля шасці кніг.
Адна з прычын — складанасці з перавыданнем твораў аўтараў, якія або самі, або іх нашчадкі жывуць у Беларусі. У сённяшніх умовах гэта можа ствараць дадатковыя рызыкі.
Пры гэтым сама патрэба ў сістэмным пераглядзе літаратурнай спадчыны нікуды не знікла.
Праблема ў тым, што выдавецкія ініцыятывы ў эміграцыі часта трымаюцца на намаганнях аднаго-двух энтузіястаў. А стварэнне нацыянальнага кніжнага корпусу патрабуе працяглай працы, грошай і інстытуцыйнай падтрымкі.
Ціхан Чарнякевіч таксама адзначыў, што фарміраванне альтэрнатыўнага канона адбываецца не толькі дзякуючы літаратуразнаўцам і выдаўцам. Важную ролю адыгрываюць бібліятэкары і кнігарні, якія вызначаюць, дзе і ў якім кантэксце будуць прадстаўленыя тыя ці іншыя аўтары.
Ён прывёў прыклад пісьменніцы Таццяны Заміроўскай, якая сутыкнулася з праблемай: яе кнігі, выдадзеныя па-руску ў Расіі, бібліятэка адносіла да расійскай літаратуры. Каб дамагчыся іх перамяшчэння ў раздзел беларускай літаратуры, аўтарцы давялося асобна настойваць на сваім рашэнні.
Літаратурны канон фарміруецца не толькі ў навуковых працах і школьных праграмах, але і праз самыя звычайныя механізмы культурнага ўліку і распаўсюду кніг.
У Беларусі працягваецца ўнутраная самаадукацыя
Напрыканцы дыскусіі ўдзельнікі абмеркавалі, што могуць рабіць беларускія аўтары, выдаўцы і культурныя дзеячы ў эміграцыі, каб уплываць на літаратурны працэс у самой Беларусі.
Ціхан Чарнякевіч адзначыў, што доступ да беларускіх кніг і культурнай інфармацыі ўнутры краіны ўскладнены. Таму асаблівую ролю набываюць альтэрнатыўныя фарматы: аўдыякнігі, ютуб, падкасты, лекцыі і папулярызатарскія праекты.
Паводле яго, нягледзячы на ціск і русіфікацыю, у Беларусі працягваецца ўнутраная самаадукацыя. Людзі знаходзяць вершы, адкрываюць для сябе пісьменнікаў, якіх раней не ведалі, ці вяртаюцца да ўжо знаёмых аўтараў.
«Трэба проста прапаноўваць людзям альтэрнатыўны пункт погляду», — падкрэсліў літаратуразнаўца.
Ён заклікаў працягваць ствараць кантэнт, запісваць лекцыі і аўдыякнігі, распавядаць пра беларускую літаратуру і паказваць, што яна не абмяжоўваецца афіцыйным школьным канонам.
Сяргей Шупа, у сваю чаргу, прапанаваў паглядзець на вынікі беларускай выдавецкай дзейнасці ў эміграцыі з аптымізмам.
Паводле яго, за апошнія пяць-шэсць гадоў беларусы выдалі тысячы кніг, і гэта ўнікальны вынік для народа, які не мае ўласнай дзяржавы і адпаведнай інстытуцыйнай падтрымкі.
«Я думаю, што беларусы — чэмпіёны ўсіх дыяспаральных літаратур Еўропы», — заявіў перакладчык.
Ён заклікаў выдаўцоў працягваць працаваць, а чытачоў — купляць кнігі, чытаць іх і пашыраць веды пра беларускую літаратуру.
Беларусь і беларус будучыні
Апошняе пытанне мадэратарка адрасавала ўсім удзельнікам: які вобраз беларуса яны хацелі б бачыць у будучыні і якую ролю ў яго фарміраванні павінна адыгрываць літаратура?
Валянціна Андрэева адказала коратка: «Свабода».
Ціхан Чарнякевіч прызнаўся, што хацеў бы бачыць у будучым літаратурным каноне не толькі нацыянальную, але і суседнюю літаратуру — літоўскую, латвійскую, польскую і ўкраінскую. А таксама больш увагі да жаночай паэзіі, якая павінна быць прадстаўленая ў школьнай праграме.
Сяргей Шупа прапанаваў больш радыкальна перагледзець сам прынцып выкладання літаратуры ў беларускай школе.
На яго думку, замест асобных прадметаў беларускай і рускай літаратуры варта стварыць адзін курс літаратуры, у якім у належных прапорцыях будуць прадстаўленыя нацыянальныя і перакладныя творы.
Расійская літаратура ў такой праграме павінна займаць толькі тое месца, якое сапраўды адпавядае мастацкай вартасці яе твораў. Астатнюю прастору варта прысвяціць сусветнай літаратуры, якую беларусы пакуль ведаюць недастаткова.
Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA можна глядзець анлайн па спасылцы.
