Беларусы Вільні 20 лістапада адзначылі Дзень Скарыны. Ушанаванне памяці славутага земляка, значнай постаці ў гісторыі беларускай культуры і духоўнасці Францыска Скарыны пачалося ля шыльды ў яго гонар на Ратушнай плошчы літоўскай сталіцы. Там адбылася акцыя памяці і ўскладанне кветак.

Як зазначыў галоўны арганізатар імпрэзы, кіраўнік Віленскага гарадскога беларускага клуба “Сябрына” Валянцін Стэх, імпрэзы, прысвечаныя Скарыну, яны ладзяць даўно, а пачынаючы з канферэнцыі 2015 года штогод, але сёлета ўшанаванне займела назву Дзень Скарыны:
– Гэтая канферэнцыя паклала пачатак больш як 10-гадоваму марафону юбілейных дат, прысвечаных Скарыну, альбо падзей, звязаных з ім. І той тэмп, які быў зададзены, хацелася б захаваць і надалей. Таму, звяртаюся да ўсіх з просьбай, заўсёды браць актыўны ўдзел у мерапрыемствах.

Адным з арганізатараў Дня Скарыны ў Вільні з’яўляецца Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Яго прадстаўнік – гісторык, культуролаг, мастацтвазнаўца і выкладчык Сяргей Харэўскі і прыдумаў менавіта сёлетнюю назву ўрачыстасцям ушанавання памяці Скарыны, а таксама распавёў прысутным звесткі з гісторыі яго жыцця:
– Сапраўды, Скарына – вялікі геній эпохі Рэнесанса. Прайшло паўтысячы гадоў, а мы ўсё яшчэ вывучаем ягоную спадчыну, адкрываем новыя і новыя дакументы са знакам бясконцасці, у розных краінах Еўропы знаходзяцца новыя і новыя сведчанні ягоных талентаў маштаба ягонай постаці.
У імпрэзе ўшанавання памяці Францыска Скарыны ўдзельнічаў прадстаўнік Літвы – дырэктар Бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук, доктар гуманітарных навук Сігітас Нарбутас, а таксама вучні Беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны. Музычна аформіў імпрэзу гурт традыцыйных беларускіх спеваў “Барана”.
Пасля акцыі памяці Скарыны на Ратушнай плошчы частка прысутных наведала з экскурсіяй Віленскі ўніверсітэт, а ў будынку ЕГУ адбыліся кніжная выстава і панэльная дыскусія.





